Краіна адзначыла самае маладое дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства.
Па ўсёй рэспубліцы 17 верасня праходзілі розныя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтаму дню: маладзёжныя флэшмобы, гульні, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты, тэматычныя віктарыны, конкурсы, круглыя сталы.
У Мінску
Галоўнай пляцоўкай святкавання Дня народнага адзінства ў сталіцы была Мінск-арэна. Тут кульмінацыяй стаў патрыятычны форум «Мы — беларусы» з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. На сцэну паднімаліся настаўнікі, аграрыі, урачы, дыпламаты, грамадскія дзеячы і маладое пакаленне незалежнай Беларусі.
Звяртаючыся да прысутных, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння 17 верасня — Дзень народнага адзінства, нашага адзінства, адзінства беларускага народа, сімвалам якога стаў 1939 год, калі былі ўз’яднаны беларускія землі ў межах адзінай дзяржавы. Сам час глабальнага перадзелу свету вярнуў гэтую дату ў наш каляндар дзяржаўных свят. Адзінства — галоўная ўмова захавання і жыцця дзяржавы.

Прэзідэнт расказаў, што з’яўляецца абаронай Беларусі і ці ёсць новыя выклікі, гаварыў пра мір і чырвоныя лініі. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуўся да народаў суседніх краін, адзначыў, што Беларусь дзеля сяброўства з Польшчай перасягнула праз боль, але за Бугам прынялі гэта за слабасць. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларусы — самая міралюбівая нацыя на зямлі, ніякай вайны ў цяперашніх умовах на тэрыторыі Беларусі не будзе, гэта немагчыма.
Майстры мастацтваў краіны далі яркі святочны канцэрт.
У вобласці
Сталіцай Дня народнага адзінства на Брэстчыне ў гэтым годзе сталі Баранавічы.

Гаспадары гасцінна сустракалі дэлегацыі ўсіх раёнаў вобласці каля Лядовага палаца. Пружанская дэлегацыя вельмі ўдзячная кіраўніцтву Баранавіцкага авіярамонтнага завода за цёплы, душэўны прыём на тэрыторыі свайго прадпрыемства, выдатна арганізаваную культурную праграму.

На вуліцах Баранавіч былі разгорнуты гандлёвыя рады з вырабамі рамеснікаў, прысмакамі.
У інтэрв’ю сродкам масавай інфармацыі старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Юрый Шулейка зазначыў, што Дзень народнага адзінства заахвочвае цаніць шлях беларусаў да сваёй незалежнасці. Сіла нашай дзяржавы — у адзінстве нашага народа.

Са сцэны да прысутных звярнуўся старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч. Затым адбыўся святочны канцэрт і грандыёзны салют у гонар нашага яднання.
У Пружанах
Яшчэ напярэдадні свята ў раёне праводзілася шмат мерапрыемстваў: дыялогавыя пляцоўкі, сустрэчы з моладдзю, тэматычныя выставы… Прайшла прэм’ера мастацкага фільма кінастудыі «Беларусфільм» «На іншым беразе». Дарэчы, хто яшчэ не паглядзеў стужку, раім абавязкова гэта зрабіць.
У дзень свята, 17 верасня, аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі, райкам ГА «БРСМ» арганізавалі на плошчы маладзёжны флэшмоб. Каля сотні маладых людзей пад песню «Што ты зрабіў для Радзімы?» паказалі маляўнічую пастаноўку. Не сумняваюся, што моладзь — наша будучае, яна зробіць Беларусь больш моцнай і квітнеючай.
У гарадскім Палацы культуры адбылася ўрачыстасць, прысвечаная Дню народнага адзінства. Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч павіншаваў усіх са святам, пажадаў адзінства, міру і трываласці духу. Прадстаўнікі многіх калектываў раёна атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук Міхаіла Міхайлавіча. Узнагароды ўручыў і старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які таксама выказаў словы віншаванняў.
Артысты Пружаншчыны, у тым ліку дзіцячыя калектывы, далі цікавы канцэрт.
Віктар Ільюшчанка. Фота БЕЛТА, Віктара Ільюшчанкі і Кацярыны Масік
Фотаальбомы са святкаванняў у Пружанах: https://vk.com/album-23306785_296588958 і https://ok.ru/budni/album/967880829576