Самы актыўны, насычаны, цікавы і яскравы. Час студэнцтва справядліва лічаць і запамінаюць менавіта такім. Сапраўды, гэта той перыяд, калі ты раскрываешся як асоба, вызначаешся з мэтамі і жаданнямі, шукаеш сваё месца ў жыцці. Пяць гадоў студэнцтва для Аліны Суботы, сёлетняй выпускніцы МДЛУ і нашай зямлячкі, праляцелі хутка, але застануцца ў памяці на ўсё жыццё.
Актывісткай, удзельніцай шматлікіх конкурсаў і мерапрыемстваў дзяўчына была яшчэ падчас вучобы ў СШ № 5 г. Пружаны, якую Аліна скончыла ў 2019-ым з залатым медалём. Пасля школьнага выпускнога пайшла за марай — і паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.
Сёння ў яе руках — дыплом з адзнакай, які выпускнікі ВНУ дагэтуль называюць «чырвоным». Таксама дыплом аб перакваліфікацыі, які паспела атрымаць за час вучобы ў МДЛУ, а яшчэ — памятны падарунак і Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Такой высокай узнагароды Аліна Субота была ўдастоена за выдатныя поспехі ў вучобе і актыўную грамадскую дзейнасць. Узнагароду атрымала напрыканцы чэрвеня асабіста з рук Аляксандра Лукашэнкі. Прызнаецца: запрашэнне ў Палац Незалежнасці стала выдатным падарункам і найвышэйшай адзнакай усяго студэнцтва.
— Гэта самая высокая ацэнка пяці гадоў маёй вучобы і 22-х гадоў жыцця. Азіраюся назад і разумею, што ўсё было недарма, — кажа Аліна, якая цяпер — кваліфікаваны лінгвіст, выкладчык англійскай і іспанскай моў.
Але да работы па спецыяльнасці дзяўчына прыступіць толькі з 15 жніўня. Працаваць будзе ў родным лінгвістычным універсітэце. Пакуль жа, у час невялікага адпачынку, з задавальненнем пераглядае фотаздымкі з Прэзідэнтам, а таксама з яшчэ адной яркай падзеі — Рэспубліканскага свята выпускнікоў з рамантычнай назвай «Ветразі мары», удзельніцай якога таксама пашчасціла быць.
Мерапрыемства для тысяч выпускнікоў ВНУ прайшло на беразе Свіслачы ў Мінску і трапіць сюды — сапраўдная падзея для кожнага з выпускнікоў. А яшчэ падстава для гонару ў педагогаў роднай alma mater і, канечне, для бацькоў.
Ва ўсім і заўсёды пружанку падтрымліваюць мама Ірына Васільеўна і тата Андрэй Леанідавіч. Гэта яны заўсёды дапамагаюць і не даюць апусціць рукі ў складаных сітуацыях. Гэта яны жадалі поспехаў і былі побач, калі Аліна Субота перамагла ў конкурсе «Міс МДЛУ». Радаваліся за яе, калі дачка ўдзельнічала ў Рэспубліканскім навагоднім балі ў Палацы Незалежнасці. Падтрымлівалі падчас удзелу ў «Арт-вакацыях» і многіх іншых мерапрыемствах. Удзячна дзяўчына ўсім родным і блізкім і, безумоўна, любімай і роднай ВНУ.
Цяпер, скончыўшы МДЛУ, Аліна прызнаецца: ад таго, што вучоба завершана, адначасова і сумна, і радасна. Але яна разумее: наперадзе — новыя гарызонты, якія абавязкова трэба будзе пакарыць. Адзін з такіх, які ўжо абазначыла для сябе, паступленне ў магістратуру.
Пра што яна марыць? Пра моцную сям’ю, а яшчэ паплаваць з дэльфінамі і паглядзець свет. Што ў планах на бліжэйшы час? Жыць шчасліва, радуючыся кожнаму цудоўнаму моманту. А яшчэ разумее: шчасце трэба шукаць менавіта тут, на радзіме.
— Дом — гэта месца, дзе тваё сэрца, дом — гэта месца, дзе твае родныя, блізкія людзі, твае бацькі і сям’я. Думаю, што па-сапраўднаму шчаслівай я буду толькі дома, у роднай Беларусі, — упэўнена Аліна Субота.
Мы ж таксама шчыра радуемся за поспехі нашых таленавітых землякоў і жадаем, каб усе задумы і планы нашай зямлячкі ўвасобіліся ў жыццё, а пра яе поспехі яшчэ не раз можна было пачуць і прачытаць. Прычым не толькі ў «Раённых буднях».
Уладзіслаў Шпарла.
Фота з асабістага архіву Аліны Суботы і з сайта president.gov.by