Четверг, 16 января 2025

Пружанка і ўладальніца электрамабіля Наталля Мамедава расказала пра плюсы і мінусы карыстання такім відам транспарту

934

Гаворка пра электрамабілі ідзе даўно, і многія вытворцы, у тым ліку і айчынныя, ужо ўвялі ў лінейку выпускаемых мадэляў электрычныя варыянты. Аднак, нягледзячы на такую «працягласць», падобныя машыны яшчэ застаюцца дзівам. Магчыма, у буйных гарадах электрамабілі сустракаюцца часцей, аднак у «правінцыйных» Пружанах яны пакуль не адносяцца да звыклых з’яў. Наўскідку па пружанскіх вуліцах ездзяць 2–3 такія машыны, якія адразу бачныя па зялёных нумарах.

Уладальніцай адной з такіх з’яўляецца Наталля Мамедава, добра вядомая жыхарам райцэнтра прадпрымальніца, якой належыць магазін «Лакомка» каля цэнтральнай бальніцы, дзе штодня дзясяткі пакупнікоў набываюць розныя ласункі і салодкія прысмакі.

Наталля мае вадзіцельскі стаж каля 30 гадоў, пераважную частку якіх ад’ездзіла на аўто з бензінавымі рухавікамі. Паўтара года таму па прапанове брата ўпершыню села за руль электрамабіля і… літаральна ўлюбілася ў такі варыянт транспарту. З-за тых пераваг, якія адчула, як кажуць, увачавідкі.

— Галоўная з іх — фінансавая, — расказвае ўладальніца электрамабіля. — Напрыклад, для паездкі ў Брэст мне патрэбна зараз выдаткаваць каля 10 рублёў, а тым, хто ездзіць на бензінавым аналагу — у 6 разоў больш. Увогуле за месяц у мяне на «паліва» ідзе каля 50 рублёў, хаця раней ледзь хапала 300. Тое ж самае тычыцца абслугоўвання: непатрэбна набываць маторнае масла, рэгулярна яго мяняць.

Пакуль Наталля не сутыкалася з неабходнасцю звяртацца ў аўтасэрвісы, але ўжо дакладна ведае, што ніколі не паедзе на СТА для замены глушыцеля, які часта прагарае ў бензамабілях: такая дэталь увогуле адсутнічае ў электрычных аналагах. Да эканоміі грошай варта дадаць і зніжэнне трат часу, у прыватнасці, на рэгулярныя візіты на аўтазапраўку. Уладальніца электрамабіля до ма ў вольны час падключае сваю машыну да хатняй электрасеткі і так да раніцы. Дарэчы, зараднае ўстройства разлічана на напружанне 220 вольт.

Перавагі

Колькасць выгод, на думку ўладальніцы такога аўто, значна больш, з-за чаго яна ўпэўнена, што ніколі не памяняе электрамабіль на бензінавы матор. Такі варыянт транспарту адчувальна адрозніваецца з першых мінут кіравання ім. Па-першае, тут працуе прынцып «сеў-паехаў», таму што кіроўцу ў любое надвор’е не трэба марнаваць час на праграванне рухавіка. Па-другое, для заводу патрэбна ажыццяўляць менш аперацый. Кіроўца націскае на педаль — і машына ўжо гатова рухацца. Пры гэтым едзе электрамабіль даволі дынамічна, асабліва на разгоне набірае хуткасць амаль імгненна і абганяе бензінавых канкурэнтаў «на раз».

Вадзіць такі транспарт таксама камфортней, напрыклад, у салоне ніколі не будзе паху бензіну або саляркі. А яшчэ аўто на электрарухавіку едзе значна цішэй, з-за чаго ў Наталлі ўжо здараліся кур’ёзныя сітуацыі. Сучасныя пешаходы часта не глядзяць на дарогу, а арыентуюцца на слых: гудзіць матор, значыць, машына блізка. А электрамабіль набліжаецца так жа ціха, як веласіпед, што трэба ўлічваць не толькі пешаходам, але і вадзіцелям гэтага віду транспартных сродкаў.

Варта дадаць, што, нягледзячы на розныя «страшылкі» ў Інтэрнэце, электрычны аналаг больш бяспечны за рухавікі ўнутранага згарання. У такіх маторах не спальваецца паліва, адсутнічаюць выбуховыя праявы, з-за чаго знос рухавіка меншы, таму зніжаецца і рызыка аварыйных сітуацый.

Нязручнасці

Ёсць у электрамабіляў і недахопы. Галоўны з іх — запас прабегу. У Наталлі акумулятары, дакладней, іх ёмістасць, дазваляюць ад поўнай запраўкі праехаць 550 кіламетраў. Зімой прабег зніжаецца да 400 км. І гэта трэба дакладна ўлічваць, каб не апынуцца ў непрыемнай сітуацыі. Уладальніку такога віду транспарту не ўдасца скарыстацца «дапамогай сябра», каб папрасіць у калег-вадзіцеляў 5 літраў да запраўкі. Адзінае выйсце — вазіць з сабой зараднае ўстройства і дабірацца да бліжэйшага населенага пункта, каб папрасіць падзарадзіцца ў бліжэйшай хаце. Узровень зараду трэба рэгулярна кантраляваць, для чаго адпаведная інфармацыя высвечваецца на панэлі кіравання вялікімі лічбамі.

Нельга забывацца і пра дэградацыю акумулятараў, якія праз пэўны час страчваюць ёмістасць і падлягаюць рамонту. Хаця да гэтага пройдзе не адзін і нават не два гады.

Найбольшая нязручнасць, на думку Наталлі Мамедавай, заключаецца ў абслугоўваючай інфраструктуры на дарогах нашай краіны. Уладальніца электрамабіля ўжо вывучыла «карту зарадных пунктаў», з якіх часцей карыстаецца «слупкамі» ў Кобрыне, Бярозе, Баранавічах. Вось толькі модулі часта псуюцца і доўга не працуюць з-за неразваротлівасці службы падтрымкі. І ў такую сітуацыю можна трапіць нечакана. Нядаўна Наталля не змагла зарадзіць акумулятары ні пад Мінскам, ні каля Баранавіч. Далей знайшлі яшчэ адзін зарадны пункт, але там не працаваў хуткі рэжым, які дае магчымасць поўнасцю «заправіцца» літаральна за мінут 40. У выніку давялося марнаваць некалькі гадзін, каб хапіла даехаць да Пружан. Часта такая сітуацыя здараецца ў Кобрыне, а ў Бярозе пакуль не сутыкалася з праблемамі. І застрахавацца ад гэтага практычна немагчыма, калі здарыцца ў дарозе непрыемнасць, выручыць толькі эвакуатар.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік