Наша газета расказвала ўжо, што ў ліпені ў афрыканскім горадзе Найробі прайшоў чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і дзяўчат. У спаборніцтвах прымала ўдзел больш за 800 спартсменаў з 131 краіны. У складзе зборнай каманды Беларусі была і наша зямлячка Ганна Зубкова. Дзяўчына выступала ў спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 5000 метраў і трапіла ў топ-12 мацнейшых спартсменак свету.
Пазаўчора ў дзіцячай бібліятэцы адбылося ўшанаванне спартсменкі. У зале сабраліся трэнеры ДЮСШ №1, навучэнцы і родныя Ганны. Адкрыў мерапрыемства намеснік дырэктара ДЮСШ №1 А.П.Аскерка, які расказаў прысутным аб апошніх поспехах выхаванцаў школы. У прыватнасці, шэсць чалавек з’яўляюцца навучэнцамі вучылішчаў алімпійскага рэзерву, адзін займаецца ў Мінску ў ЦАР па футболе. Чатыры выхаванцы ўваходзяць у склад зборнай Рэспублікі Беларусь, у тым ліку, майстар спорту Ганна Зубкова.
Намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец адзначыў, што поспехі Ганны — гэта самая вялікая ўзнагарода для яе першага трэнера С.А.Чайкоўскага. Ён падкрэсліў, што наперадзе ў спартсменкі яшчэ шмат стартаў, але вельмі важна, каб яна не забывала родную Пружаншчыну. М.П.Кудравец уручыў Ганне каштоўны падарунак.
Віноўніца ўрачыстасці расказала пра сваю мэту — трапіць на Алімпійскія гульні. Але для дасягнення яе, лічыць Ганна, трэба яшчэ больш трэніравацца і аддавацца любімай справе. Першы трэнер Ганны С.А.Чайкоўскі спадзяецца, што мара спартсменкі спраўдзіцца. Дзяўчына займаецца лёгкай атлетыкай чатыры гады, у тым ліку спартыўнай хадзьбой — усяго толькі год, але за параўнальна кароткі тэрмін ужо многага дасягнула. Выканала нарматыў майстра спорту ў даволі юным узросце.
Радуецца поспехам сваёй дачкі і мама Вольга Васільеўна. Вядома, што ёй шмат даводзіцца перажываць, а часам і суправаджаць дачку на спаборніцтвы. Так што яны разам ідуць да перамог.
Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).