Понедельник, 16 сентября 2024

Пружанка Анастасія Бармута даказвае: футбол — і жаночы від спорту!

341

Шлях да поспеху можа складацца з маленькіх крокаў, рэгулярных трэніровак, самастойных заняткаў і проста з вялікага жадання, якое падобна да мары. Дзве дзяўчынкі з ДЮСШ № 1 г. Пружаны добра аб гэтым ведаюць.

Анастасія Бармута (2011 г.н.) (на здымку) і Валерыя Касюк (2013 г.н.) у складзе каманды «Без перашкод» у гэтым годзе прынялі ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе сярод дзяўчынак U-13. Каманда «Без перашкод» укамплектавана спартсменкамі з Пружан, Бярозы і Івацэвічаў. У гэтых рэспубліканскіх спаборніцтвах прымалі ўдзел 678 дзяўчынак да 13 гадоў, якія любяць футбол. Спачатку спаборніцтвы праходзілі па абласцях-дывізіёнах на працягу вясны-восені. Больш за 40 каманд з усёй краіны змагаліся за званне лепшай у сваёй вобласці.

На абласным этапе нашы дзяўчынкі адыгралі 15 гульняў па кругавой сістэме, змагаліся за кожнае ачко. І вынікам усіх намаганняў, а бывала, і слёз, і пераадолення сябе, стала вялікая радасць — першае месца ў вобласці і паездка на фінал у Мінск. Лера Касюк, адна з маладзейшых у камандзе, толькі першы раз удзельнічала ў спаборніцтвах такога рангу, але паказала сябе надзейным гульцом, які стараецца дакладна выконваць устаноўку трэнера, не падводзіць каманду. Шмат гульняў дзяўчынка адыграла ў асноўным складзе, заўжды «ірвалася ў бой» і здолела нават забіць некалькі галоў. Насця Бармута — ужо вядомая футбалістка ў колах дзявочага футбола. І зноў спартсменка праявіла сябе з лепшага боку, паказала добрае майстэрства валодання мячом, выдатнае для такога ўзросту бачанне поля, узгодненае ўзаемадзеянне з іншымі гульцамі і, канешне, волю да перамогі. Анастасія, якая забіла 29 галоў, была прызнана лепшым бамбардзірам і лепшым гульцом абласнога этапу спаборніцтваў. Дарэчы, дзяўчынку запрасілі ў снежні на прагляд у Беларускую федэрацыю футбола (АБФФ) з мэтай далейшага траплення ў зборную Беларусі U-15.

У фінале ж, на які сабралася восем лепшых каманд з усёй рэспублікі, нашым дзяўчынкам не ўдалося трапіць у колькасць прызёраў. Але варта адзначыць, што каманда «Без перашкод» згуляла ўнічыю з абсалютным чэмпіёнам рэспубліканскіх спаборніцтваў U-1 — камандай ФК «Мінск» з лікам 2:2. Насця Бармута таксама забіла гол у гэтай гульні.

У Мінску для футбалістак было наладжана сапраўднае свята. Можна было пасябраваць з удзельніцамі іншых каманд, патанцаваць і пазабаўляцца. Кожная дзяўчынка атрымала падарунак ад АБФФ. Але ўсё ж такі для спартсменак самымі галоўнымі былі футбольныя гульні, ад іх яны адчувалі самыя моцныя эмоцыі. Можа, таму што поспех — гэта не толькі канчатковы вынік, але і сам працэс гульні.

Застаецца толькі пажадаць поспехаў футбалісткам у далейшым!

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ