Вторник, 21 января 2025

Пружанец Сяргей Каробка самастойна сабраў аўтамабіль Volkswagen Typ 82, які будзе ўдзельнічаць у ваенных рэканструкцыях

568

Нагадаем, што героямі рубрыкі «Гісторыя на колах» становяцца прыхільнікі рэтра-аўтамабіляў. Людзі, якія карыстаюцца або аднаўляюць старыя машыны, што першымі з’явіліся на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак. І чарговы герой — жыхар Пружан Сяргей Каробка, які вырашыў пайсці па самым складаным шляху. Наш зямляк не набыў старое аўто і не атрымаў яго ў спадчыну. Ён вырашыў самастойна сабраць рэтра-аўтамабіль.

— Справа ў тым, што задуманую мной тэхніку зараз у Беларусі немагчыма ўбачыць, а за мяжой засталіся лічаныя адзінкі, — расказвае аўтамайстар.

Гутарка ідзе пра Volkswagen Typ 82 (Kübelwagen) — германскі аўтамабіль павышанай праходнасці ваеннага прызначэння, які вырабляўся з 1939 па 1945 год і стаў самай масавай машынай Германіі часоў Другой сусветнай вайны. Напрыканцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя Гітлер ужо планаваў захапіць усю Еўропу і патрэбна было насыціць войскі тэхнікай. Як мага больш, хутчэй і танней. Таму Ф. Поршэ і распрацаваў у 1938 годзе на заводзе Фольксваген звычайную «лаханку» (так прыблізна і перакладаецца «кюбельваген»).

Аўтамабіль адрозніваўся ад цывільных мадэляў таго часу аблегчаным адкрытым 4-дзверным кузавам, літаральна сабраным з бляшаных пласцін. У дадатак Typ 82 дапускаў яшчэ больш удасканаленняў для зніжэння масы тэхнікі, для чаго можна было здымаць дзверкі або замяняць іх на брызент.

«Кюбель» стаў настолькі папулярным у вайскоўцаў, што ім карысталіся не толькі германцы, але і іх праціўнікі — савецкія і амерыканскія салдаты, да якіх транспарт трапляў у якасці трафеяў. «Лаханка» магла перавозіць асабісты састаў, падвозіць боепрыпасы і паліва, эвакуяваць параненых і нават служыць перасоўнай майстэрняй. На базе Typ 82 было створана больш за 30 мадыфікацый. Іх можна было ўбачыць на вуліцах нашых гарадоў і праз два дзесяцігоддзі пасля Вялікай Айчыннай вайны: настолькі машына была простай і непатрабавальнай у рамонце, што любы «рукасты» майстар мог аднавіць аўто да наступнага карыстання. І толькі пасля з’яўлення савецкіх колавых аналагаў састарэлая тэхніка была адпраўлена на металалом.

Як расказвае Сяргей Каробка, ён працяглы час шукаў на прасторах рускага і беларускага інтэрнэту гэту машыну. І толькі за мяжой знайшоў некалькіх уладальнікаў «кюбеля», якія катэгарычна адмовіліся прадаваць рарытэт. Таму пружанец вырашыў сабраць яго самастойна. Дакладней, да нараджэння гэтай ідэі прывяла спрэчка з сябрамі. Сяргей з’яўляецца ўдзельнікам ваенна-гістарычнага клуба «За Радзіму!», члены якога пастаянна прымаюць удзел у розных ваенных рэканструкцыях. Нехта ў размове выказаўся, што пастаноўцы баёў і іншых падзей таго часу не хапае тэхнікі, і Каробка выказаў думку, што няма ніякіх складанасцей зрабіць яе самастойна. На выказаныя сумненні запэўніў, што абавязкова рэалізуе свае словы.

І пачалася эпапея. Засяродзіць увагу майстар вырашыў менавіта на «лаханцы». Ёсць меркаванне пра многія першыя пасляваенныя машыны Савецкага Саюза, што яны былі копіямі еўрапейскіх аналагаў. Што і пацвердзілася на практыцы, калі Сяргей паспрабаваў прыстасаваць базу тагачаснага «Запарожца», які знайшоў на смеццязвалцы.

— Падвеска, хадавая, прынцып пабудовы кузава і нават рухавік «ЗАЗ» — дакладная копія Тыпа 82. Распрацоўшчыкі толькі крыху змянілі памеры аўто і сабралі іншую кампаноўку.

Майстар поўнасцю зрэзаў гнілы кузаў «гарбатага» і прыступіў да вырабу новых элементаў. І тут сутыкнуўся з чарговай праблемай: а дзе ўзяць чарцяжы, асабліва з вызначанымі памерамі? Пружанец знайшоў сайт адной амерыканскай фірмы, якая захавала чарцяжы «кюбеля». На запыт аўтамайстру даслалі чарцёж адной дзверкі і прапанавалі за астатняе заплаціць… па 35 долараў за кожны элемент. Каробка адмовіўся ад такой прапановы і пачаў складаць праект сам. У свой час Сяргей займаўся рамонтам аўто і атрымаў грунтоўную тэхнічную практыку, якая і дапамагла правільна разлічыць памеры кожнага элемента, абапіраючыся на адпаведныя дадзеныя атрыманага чарцяжа дзверкі. Вось так, крок за крокам майстар сабраў аўтэнтычную рэпліку. Хаця пры гэтым і прызнаецца:

— Мая «лаханка» ўсё-такі атрымалася на 15 см карацейшая. Але па іншых накірунках ён захаваў усе асаблівасці. Кампаноўка кузава, аснашчэнне тагачаснымі прыборамі кіравання, размяшчэнне сядушак і нават рухавік падабраў падобны. Так-так, зноў жа ад «Запарожца». На рэалізацыю задумкі спатрэбілася два гады, хаця пружанец прызнаецца, што можна было і хутчэй, калі б кінуў іншыя справы. Аднак і так атрымалася сапраўдная машына «ад душы». Нават нумар майстар прычапіў «сапраўдны», які пачынаецца з літар WH, што абазначалі прыналежнасць да вермахту. Пры гэтым аўто атрымалася не «экспанатам», а «жывой» тэхнікай, на якой можна ездзіць. Вось толькі выкарыстоўваць яе на дарогах агульнага карыстання майстру будзе нельга, з-за немагчымасці афіцыйна зарэгістраваць, бо адсутнічае адпаведная тэхнічная дакументацыя. А вось для ваенных рэканструкцый «кюбель» стане знаходкай, пры тым, што на Беларусі ён будзе адзінкавым. І пружанец разам з іншымі ўдзельнікамі клуба «За Радзіму!» мяркуе вывезці яе на 22 чэрвеня бягучага года ў Брэст.

— Засталося толькі выканаць апошнія «штрыхі», — зазначае Сяргей.

І паставіць кропку? Не, майстра настолькі захапіла гэта работа, што ён будуе наступныя планы. У прыватнасці, наш зямляк хоча паспрабаваць нанава сабраць яшчэ адзін пазадарожнік Stoewer (Штэвер) R200 Spezial, які выпускаўся да 1944 года. Зноў Сяргей Каробка ідзе па складаным шляху, бо пабачыць гэту машыну можна толькі… на фотаздымках. Аднак цяпер ужо і сумнення не ўзнікае, што майстру ўдасца ажыццявіць задуманае.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік