Понедельник, 16 сентября 2024

Пружанец «поиграл мышцами» и стал победителем Открытого международного турнира «MUSCUL & MODEL FEST 2018»!

1 178

У мінулую нядзелю ў Брэсце на адкрытай сцэне Тэатра эстрады парку культуры і адпачынку праходзіў III Адкрыты міжнародны турнір па пляжным культурызме і фітнесе “MUSCUL & MODEL FEST 2018”, у якім прыняло ўдзел некалькі дзясяткаў вядучых спартсменаў з Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі і Эстоніі. І адметна, што I месца ў сваёй вагавой катэгорыі (да 75 кг) заняў культурыст з Пружан Андрэй Кругленя.

Рэльефнае цела, сталёвы прэс і жалезная сіла волі – гэта ўсё пра яго, звычайнага, на першы погляд, пружанскага хлопца, імя якога, нягледзячы на яго сціпласць, добра вядома мясцовым прыхільнікам бодзібілдынгу. Справа ў тым, што роўна тры гады таму Андрэй дэбютаваў у гэтым прыгожым відзе спорту на I Адкрытым беларускім турніры, які праходзіў на пружанскім возеры, і заняў крыўднае – але не для дэбютанта! – 4 месца.

Ваеннаслужачы Кругленя (служыць па кантракце ў г.Бяроза) праявіў характар і ў тым жа, 2015, годзе стаў пятым на Кубку рэспублікі. І вось, нарэшце, праз тры гады заслужана атрымаў медаль, кубак і дыплом пераможцы.

— Гады трэніровак, знясільваючая дыета, кілаграмы грыму дзеля некалькіх хвілін на сцэне. Бодзібілдынг — гэта не толькі спорт. Тут вельмі важна падаць сябе. Бодзібілдынг умацоўвае псіхіку і павышае самаацэнку. Па фізічным адчуванні я ўжо не магу без яго, – прызнаецца спартсмен, трыцэпсы і біцэпсы якога ацэньваліся прафесійнымі суддзямі з усіх бакоў.

“Кубічны” рэльеф мышцаў Андрэя Круглені, сапраўды, зайздросны! Нядзіўна: у агульнай складанасці каля чатырнаццаці гадоў ён захапляецца сілавымі відамі спорту. Адных званняў не пералічыць! Кандыдат у майстры спорту па гіравым спорце, па боксе і па жыме штангі лежачы сёння прызнаецца, што ад заняткаў у трэнажорнай зале Воднага палаца атрымлівае не толькі фізічнае, але і маральнае задавальненне. 

— Ні на каго не раўняюся, “ляплю” сябе сам. У цэлым, я задаволены сваім адлюстраваннем у люстэрку, інакш не паехаў бы на спаборніцтвы, — прызнаецца спартсмен.

На пытанне, хто прывіў яму такое бачанне сапраўднага мужчыны — з накачаным целам і ідэальнымі прапорцыямі, Андрэй Кругленя дае цалкам чаканы адказ:

— Мой тата, былы вайсковец, які ў свой час змайстраваў для мяне, тады яшчэ васьмігадовага хлапчука, міні-снарады для сілавых заняткаў.

Пазней на працягу амаль дзесяці гадоў характар Круглені, яго сіла волі, мэтанакіраванасць і дысцыплінаванасць загартоўваліся ў маладзёжным атрадзе аховы правапарадку “Беркут” пад кіраўніцтвам Валерыя Мікалаевіча Зелянеева. Канчатковую “шліфоўку” Андрэй прайшоў у арміі… Сёння ў трэнажорнай зале ён адточвае майстэрства “гуляць мышцамі” і… марыць выступіць на чэмпіянаце Еўропы.

Дарэчы, пружанскі бодзібілдар Андрэй Кругленя, які перамог на брэсцкім турніры, мае ўсе шанцы перайсці ў так званую катэгорыю PRO: з аматараў стаць прафесіяналам і, заваёўваючы прызавыя месцы, атрымліваць узнагароды яшчэ і ў матэрыяльным плане. Так што раю спартыўным агентам прыгледзецца да пружанскага спартсмена. Ён дакладна здольны даць фору Ван Даму, а то і Шварцнэгеру!

Фота з асабістага архіва Андрэя Круглені.

Алена ЗЯЛЕВІЧ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *