Пятница, 14 февраля 2025

Пружанец Илья Врублевский принял участие в Международном православном форуме «Прошлое. Настоящее. Будущее»: 40 мастер-классов и 350 часов интерактивных программ!

843

Бясконцыя службы і пасты… На жаль, менавіта так большасць свецкіх людзей уяўляе жыццё праваслаўных вернікаў. Але сапраўднае праваслаўе зусім не такое безаблічнае. Гэта прыгожы, свабодны, добры свет, дзе ёсць месца не толькі для малітвы і міласэрнасці, але і для творчасці, і самаўдасканалення. Царква не адварочваецца ад сучаснага свету, наадварот, яна стварае ўсе ўмовы для таго, каб і пажылыя, і маладыя людзі маглі рэалізаваць закладзены ў іх Творцам патэнцыял, каб зрабіць гэты свет прыгажэйшым.
Вось і нядаўна ў Маскве адбыўся III Міжнародны праваслаўны маладзёжны форум “Мінулае. Сучаснасць. Будучыня”, які сабраў больш за 15 тысяч чалавек — прадстаўнікоў усіх епархій Праваслаўнай Царквы, лідараў грамадскіх маладзёжных арганізацый з многіх краін, у тым ліку і Беларусі. Брэсцкую дэлегацыю ў ліку іншых прадстаўляў пружанец Ілья Урублеўскі, які з’яўляецца ўдзельнікам маладзёжнага брацтва ў гонар Аляксандра Неўскага.
— Форум быў насычаны і пры гэтым дасканала арганізаваны: 350 гадзін інтэрактыўных праграм! Цікавыя выставы і лекцыі. Пазнавальныя майстар-класы па 40 напрамках! Больш за 50 розных маладзёжных праектаў у галінах мастацтва, спорту, музыкі, гуманітарных навук, гастраноміі, сельскай гаспадаркі і ландшафтнага дызайну, — з захапленнем распавядае малады чалавек.
Наведвальнікі форуму далучыліся да таямніц старажытных рамёстваў — фрэскавага жывапісу і мазаікі: яны паназіралі за работай майстроў і паспрабавалі сябе ва ўнікальных тэхніках, якія развіваліся на хрысціянскіх землях на працягу амаль дзвюх тысяч гадоў. Рэстаўратары пазнаёмілі моладзь з гісторыяй драўлянага храмавага дойлідства і адкрылі сакрэты свайго майстэрства.
— Мяне асабіста вельмі зацікавіў праект маладых архітэктараў, якія прапанавалі сваё бачанне храмаў XXI стагоддзя і сучасныя ландшафтныя рашэнні прыхрамавых тэрыторый, — расказвае Ілья. — Уразіла выстава тактыльных рэльефных карцін з тыфлакаментаваннем (кароткім апісаннем прадмета або дзеяння), створаных пры ўдзеле навукоўцаў, урачоў-афтальмолагаў і педагогаў, якія адкрываюць невідушчым свет мастацтва. Кранулі і майстар-класы па наладжванні зносін з людзьмі са слабым слыхам ад валанцёраў праекта “Бачу сэнс” з Санкт-Пецярбурга, якія стварылі па матывах біблейскіх прыпавесцяў відэазамалёўкі і з дапамогай мовы жэстаў, пантамімы, тытраў і іншых выразных сродкаў тлумачылі абстрактныя паняцці.
Акрамя таго, маладыя аматары гісторыі змаглі ўбачыць на форуме цікавыя артэфакты часоў Вялікай Айчыннай вайны, знойдзеныя падчас экспедыцый, і спецыяльную экспазіцыю, прысвечаную антыцаркоўным рэпрэсіям, а таксама прынялі ўдзел у інтэлектуальных гульнях на веданне праваслаўных традыцый.
У фермерскім сектары ўсіх жадаючых навучылі тонкасцям прыгатавання сыру, тварагу і ёгурту па традыцыйных рэцэптах з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Вядомыя праваслаўныя шэф-кухары правялі майстар-класы па прыгатаванні традыцыйных страў манастырскай кухні, а майстры хлебапякарнай справы паказалі, як у хатніх умовах лёгка і хутка вырабіць хлеб.
— Таксама нас азнаёмілі з асновамі ювелірнага ліцця, тэхналогіяй кройкі і шыцця адзення святароў. Прафесійныя харэографы і музыканты вучылі рускім бальным танцам, знаёмілі з гісторыяй і культурай баляў, традыцыяй царкоўных спеваў і найбольш яркімі ўзорамі праваслаўнай духоўнай харавой музыкі. Вялікая частка праграмы была адве-дзена спартыўным заняткам. Мы наведалі турнір па варкаўце (вулічнай гімнастыцы) і ўбачылі выступленні велафрыстайлістаў. Яшчэ для ўсіх жадаючых спецыялісты правялі трэніроўкі па адзінаборствах.

Характэрна, што ў маладых людзей была магчымасць сустрэцца і паразмаўляць з вядомымі даследчыкамі, паспяховымі бізнесменамі і дзеячамі культуры, сярод якіх — акцёр Андрэй Мярзлікін, рэжысёр Валерыя Гай Германіка, балерына Ілзэ Ліепа і іншыя знакамітасці. У рэжыме відэасувязі ўдзельнікі форуму пагутарылі з папулярнымі святарамі-блогерамі з розных краін свету.
— Хочацца падрабязней расказаць пра міжнародны інтэрнэт-праект «Бацюшка анлайн», які сёння аб’ядноўвае больш за 150 святароў. Яны ўдзельнічаюць у абмеркаваннях у сетцы «Укантакце», праводзяць анлайн-трансляцыі ў «Аднакласніках», ствараюць блогі на YouTube. За сем гадоў, на працягу якіх дзейнічае праект, святары адказалі больш чым на паўмільёна пытанняў. Наведвальнасць гэтага інтэрнэт-праекта складае больш за 30 тысяч чалавек штодня, — адзначае Ілья Урублеўскі.
Як аказалася, гэтага юнака найбольш уразіла сустрэча з Патрыярхам Кірылам, якому можна было задаць хвалюючыя пытанні.
— Адна дзяўчына смела закранула актуальную тэму аддалення падлеткаў ад царквы. Гэтая праблема, як зазначыў Патрыярх, перш за ўсё звязана з памылкамі выхавання з боку дарослых, якія лічаць сябе заўсёды і безумоўна правымі. Паводле слоў іерарха, дарослыя павінны давяраць дзіцяці і своечасова далучаць яго да спраў, выконваючы якія можна адчуць сябе самастойнай асобай, здольнай каму-небудзь дапамагчы, напрыклад, да валанцёрскай дзейнасці.
Патрыярх таксама ўручыў гранты на развіццё 6 з 50 праектаў, заяўленых удзельнікамі форуму. Радуе тое, што самымі перспектыўнымі і грамадска значнымі былі прызнаныя валанцёрскія, місіянерскія і адукацыйныя праекты ад праваслаўнай моладзі, якая мае намер унесці істотны станоўчы ўклад у развіццё нашага грамадства. І калі будзем моладзі давяраць, то ў яе ўсё атрымаецца.
Алена Зялевіч.

Фота з архіва прэс-службы форуму і ўласнага архіва І.Урублеўскага

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *