Понедельник, 2 декабря 2024

Пружанец Арцём Пятрань — пра службу на 210-м авіяпалігоне пад Ружанамі

644

Роўна год таму Арцём Пятрань у шэрагу іншых прызыўнікоў падчас урачыстага мерапрыемства атрымліваў на сцэне ў гарадскім Палацы культуры павестку на службу ў армію. І хаця хлопцу было далёка не 18 гадоў: ён паспеў пасля заканчэння СШ № 3 г. Пружаны і аграрна-тэхнічнага каледжа адпрацаваць пэўны час у гаспадарках раёна, усё роўна пэўнае хваляванне адчуваў.

— Прызнаюся, чуў пра вайсковую службу розныя меркаванні, але ў армію ішоў з пачуццём, што раблю правільны крок, — расказвае Арцём.

Справа ў тым, што ў хлопца была магчымасць атрымаць яшчэ адну адтэрміноўку. А там… сям’я, дзеці і трывалая бронь. Але юнак адмовіўся, таму што палічыў армейскую службу чарговай прыступкай для асабістага росту. З самага дзяцінства бацькі вучылі сына, што свяшчэнны абавязак мужчыны — стаць абаронцам Айчыны. А яшчэ — гэта выдатны шанец прайсці ўласную загартоўку, набыць дадатковыя веды і ўменні. І ў сваіх спадзяваннях Арцём не расчараваўся, тым больш што тата поўнасцю падтрымаў рашэнне сына, бо ў свой час таксама прайшоў армейскую школу і мае толькі прыемныя ўспаміны аб тых двух гадах.

Пятрань быў накіраваны на службу на 210-ы авіяцыйны палігон, спачатку ў якасці назіральніка ўзвода забеспячэння стральбы, а потым быў прызначаны начальнікам радыёстанцыі. Як лічыць Арцём, яму пашчасціла трапіць пад непасрэднае камандаванне старшага прапаршчыка Мікалая Казлова, дзякуючы якому хлопец прайшоў карысную і даволі цікавую тэхнічную школу. А яшчэ загартаваў уласны характар, напрыклад, навучыўся прымаць цвёрдыя рашэнні, не звяртаць увагі на дробязі, што перашкаджаюць у дасягненні мэты. І, безумоўна, атрымаў доказ таго, што сапраўдныя сябры знойдуцца толькі на вайсковай службе.

Як паведаміў начальнік 210-га авіяпалігона палкоўнік Аляксей Карасёў, Арцём за час праходжання службы зарэкамендаваў сябе выключна са станоўчага боку, неаднаразова заахвочваўся камандаваннем за выкананне службовых абавязкаў і праяўленне разумнай ініцыятывы.

— Ваеннаслужачы Пятрань з’яўляўся надзейнай апорай і памочнікам камандзіра і непасрэдных кіраўнікоў, усе пастаўленыя задачы выконваў дакладна і ў тэрмін. З улікам чаго хачу выказаць шчырую падзяку бацькам салдата за выхаванне сапраўднага патрыёта.

На пачатку лістапада Арцём Пятрань дэмабілізаваўся ў званні малодшага сяржанта. Дома яго сустрэлі мама Галіна Аляксандраўна і тата Віктар Васільевіч. Як зазначаюць бацькі, сын нібыта застаўся тым жа, што і да службы.

— Ён і раней паважаў старэйшых, быў дысцыплінаваны і заўсёды імкнуўся дапамагаць у розных справах. І хаця ён па-ранейшаму будзе для нас дзіцем, усё-такі бачым, што юнак ператварыўся ў мужчыну.

Няма ніякіх сумненняў, што Арцём зможа знайсці сваё месца ў цывільным жыцці, заставацца сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны, прыносіць карысць Радзіме і навакольным людзям. І мы пачуем пра яго як пра выдатнага спецыяліста. А армейская школа за спінай толькі дапаможа трымацца правільнага шляху.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара