Пятница, 17 января 2025

Пружанцы занялі трэцяе месца ў Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў імя Ігара Лучанка

426

Вядома, што паралельна з канцэртамі ў вялікім амфітэатры на Віцебскім базары на шматлікіх пляцоўках і ў канцэртных залах горада таксама праходзяць розныя фестывалі і конкурсы. На адзін з іх — Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў імя Ігара Лучанка — былі дэлегаваны салісты Пружанскага самадзейнага гурта «Нам гады не бяда» Тамара Андрайчук і Анатоль Галяшчыхін з баяністам Тамарай Юшчук.

Канцэрт праходзіў у Віцебскім Палацы культуры чыгуначнікаў. Доўжыўся ён цэлых шэсць гадзін. Усяго было 56 нумароў. Пружанцы выступалі пятнаццатымі. У выніку па аднадушным меркаванні кампетэнтнага журы занялі трэцяе месца. Зала была запоўнена да адказу і любімую песню самадзейных артыстаў «Мамин старенький дом», з якой яны прыехалі на фестываль, праводзілі шквалам апладысментаў.

Перамога далася нялёгка, прызнаюцца цяпер артысты. Былі неаднаразовыя праслухоўванні ў Брэсце, адборачны тур, з якога пружанцы прывезлі дыплом першай ступені. Спрачаліся, з якой песняй лепш выступаць. І да канца не верылася, што ў Віцебск адбяруць менавіта іх.

Калі канчатковае рашэнне ўжо было прынята, пачаліся амаль штодзённыя рэпетыцыі. Хацелася не падвесці і родны калектыў, і Пружаны. Спецыялісты Дома культуры вельмі падтрымлівалі. Алёна Лосева, сама выдатная спявачка, не раз прысутнічала на рэпетыцыях і давала слушныя парады. Шчыра дзякуюць артысты за падтрымку і дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Нэлі Педчанка.

Старанне ў спалучэнні з талентам заўсёды прыносіць добры плён. Так здарылася і на гэты раз!

— Віцебск нас сустрэў шквальным дажджом,— расказвае Тамара Мікалаеўна Юшчук.— Мы адразу падумалі: «Гэта да перамогі!»

Потым была аглядная экскурсія па горадзе, размяшчэнне ў інтэрнаце. Усе адносіліся да артыстаў з вялікай павагай і душэўнасцю, усё было прадумана да драбніц.

— Вядома, мы вельмі хваляваліся, — падтрымлівае размову Тамара Васільеўна Андрайчук. — У час канцэрта сонца так пякло, што немагчыма было нанесці грым. Свяціла прама ў вочы, са сцэны я літаральна не бачыла людзей.

Але выступілі пружанцы выдатна! Адзіны калектыў, які спяваў пад жывую музыку. Пад баян! Спевакі без спецыяльнай адукацыі. Увогуле, Брэсцкая вобласць была на вышыні! Усе тры першыя месцы па вакалу атрымалі менавіта брастаўчане!

У падарунак пружанскія артысты прывезлі дахаты чайны сервіз і ганаровыя граматы за подпісам міністра культуры Беларусі.

Спыняцца на дасягнутым яны не збіраюцца.

— Тыдзень на адпачынак і зноў паедзем з канцэртамі па раёне. А ў лістападзе чарговы прагляд у Брэсце для новага фестывалю, — дзеліцца планамі кіраўнік гурта «Нам гады не бяда» Святлана Несцерава.

Ганна Хадаровіч.

Фота Руслана Басака