У аўторак на гэтым тыдні “прамую тэлефонную лінію” для жыхароў нашага раёна правёў у Пружанскім райвыканкаме памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці А.М.Маркевіч.

Варта адзначыць, што яна стала сапраўды “гарачай”: тэлефон не змаўкаў ні на мінуту і на яго змаглі дазва-ніцца нават жыхары Баранавіч і Брэста. Аднак пераважная большасць людзей, якія са сваімі пытаннямі звярнуліся да памочніка Прэзідэнта, былі пружанцы.
Першым, каму ўдалося гэта зрабіць, быў пенсіянер з Хараўскога сельсавета. Ён прасіў садзейнічання Анатоля Мечыслававіча Маркевіча ў вырашэнні пытання з будаўніцтвам веладарожкі ад Харавы да Кабылаўкі ўздоўж аўтадарогі Слонім-Высокае. Яснасць у гэтае пытанне адразу ўнёс старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун, які патлумачыў, што ад Харавы да рэчкі Ясельды веладарожка пабудавана. Таму памочнік Прэзідэнта, акцэнтуючы ўвагу на тым, што мясцовая ўлада знаходзіцца ў курсе пытання і рэагуе на яго, дадаў, што мэтазгоднасць далейшага будаўніцтва веладарожкі будзе вывучацца дадаткова.
Жыхарка в.Шэйпічы скардзілася на тое, што пасля рамонту дарогі, якую паднялі, дажджавая вада бяжыць не ў рэчку, а на могілкі. З-за гэтага ёй даводзілася па-новаму добраўпарадкоўваць магілкі сваіх родзічаў. “Як можна выправіць сітуацыю з адводам вады і хто кампенсуе ўрон?” — пыталася жанчына.
—З нагоды адводу вады, — патлумачыў памочнік Прэзідэнта, — будзем разбірацца, каб вада на могілкі не падыходзіла. А з нагоды кампенсацыі ўрону трэба звяртацца ў суд. Там вызначаць, хто вінаваты і, калі ёсць падстава, хто павінен плаціць.
Індывідуальнага прадпрымальніка з Пружан, які выкупіў частку былога гаспадарчага будынка раённай бальніцы, турбавала закрыццё так званага скразнога праезду каля яго аб’екта з-за будаўніцтва шматкватэрнага дома. Каб разабрацца ў сітуацыі, А.М.Маркевіч разам з прадстаўнікамі райвыканкама асабіста выехаў на месца. Было вырашана пакінуць усё, як ёсць. Замест ранейшага бальнічнага праезду па планах забудовы прадугледжаны тупіковы праезд. Ён і будзе.
Са зваротам шматдзетнай маці з в. Аранчыцы, якая прасіла дапамагчы сям’і яе цяжарнай дачкі вырашыць жыллёвае пытанне, зараз актыўна разбіраюцца. Раней з такой просьбай у райвыканкам жанчына не звярталася. А вось са зваротам жыхара аграгарадка Клепачы – інваліда па агульным захворванні, які дабіваецца інваліднасці па зроку з дзяцінства, памочнік Прэзідэнта даручыў разабрацца галоўнаму ўпраўленню па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама.
На пытанне жыхаркі в.Вялікія Якавічы з нагоды пракладкі ў вёску прыроднага газу было даручана адказным асобам вывучыць тэхнічныя магчымасці, кошт і парадак будаўніцтва сетак газаправода ў вёску шляхам стварэння кааператыва. Як варыянт, прапанавана разгледзець і перспектыўную магчымасць ацяплення дамоў ад электрасетак. Дасканалага вывучэння патрабуе і праблема высыхання возера ў в.Залессе, якую таксама агучылі памочніку Прэзідэнта.
А вось з праблемай, з якой на “прамую тэлефонную лінію” звярнулася адразу два жыхары аднаго і таго ж дома №48 па вуліцы Цэнтральнай у аг.Шані, паспрабавалі разабрацца на месцы. Людзі скардзіліся на дрэнны рамонт даху, неабходнасць рамонту фасада дома, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Раней з такой праблемай у райвыканкам ніхто не звяртаўся. Таму цяпер разглядаецца пытанне фінансавання і рамонту як згаданага жылога дома, так і добраўпарадкавання дзіцячай пляцоўкі каля яго.
Многія пытанні, якія агучылі памочніку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектару па Брэсцкай вобласці А.М.Маркевічу, дзеля іх далейшага вырашэння знаходзяцца на кантролі ў раённым і абласным выканаўчых камітэтах.
Галіна Каляда. Фота Сяргея Талашкевіча.