Хатнія жывёлы для многіх — гэта паўнавартасныя члены сям’і. Мы песцім іх, купляем вопратку і самы смачны корм, замілоўваемся іх выхадкамі. Кажуць, што кожны гадаванец нечым падобны на свайго гаспадара. Магчыма. Але гэта азначае, што яны, як і мы, вельмі розныя. Некалькі жыхароў нашага горада пагадзіліся падзяліцца аповедам пра сваіх улюбёнцаў.
Наталля і кошачка Фіфа
— Фіфа аказалася ў мяне прыкладна ў двухмесячным узросце. Мне яе падарыў зяць, які падабраў гэтую прыгажуню на вуліцы ў Брэсце. Паднялася ж у кагосьці рука выкінуць! Вось Фіфачка і стала жыць у мяне. Аказалася, што гэта пародзістая кошачка — руская блакітная. Яна на вуліцы не жадае гуляць. Аднойчы я паспрабавала вынесці яе, але Фіфа зыркнула на мяне з такім папрокам, маўляў, нясі назад, што мне тут рабіць. Я больш і не прапаную ёй прагуляцца.
Імя прыдумалася жывёлінцы дастаткова хутка. І характар свой яна паказала амаль адразу. Наравістая, ганарлівая, паводзіць сябе, як сапраўдная прынцэса. Часам мне здаецца, што гэта я жыву ў яе, а не яна ў мяне.
Марк і кот Кузя
— Кузька з’явіўся ў нашай сям’і маленькім кацянём і ўжо гадоў пяць жыве з намі. Імя? Яно прыдумалася неяк само па сабе і, мне здаецца, яму выдатна падыходзіць.
Кузя лагодны і флегматычны кот. Напрыклад, ён будзе гуляць, займацца сваімі справамі, і ў гэты час да яго можна спакойна падысці і ўзяць на рукі. Усё, ён пераўтвараецца ў пухнатае інертнае воблачка, насі яго, колькі хочаш, нават не паварушыцца.
Любімы занятак Кузі — гэта спаць. Бывае, шукаеш яго, клічаш, а ён дзе-небудзь уляжацца і дрыхне без задніх ног, нават не рэагуе.
Сеня, Сяргей і сабачка Філя
— Нашаму Фільку каля двух гадоў. Гэта любімчык усёй сям’і. У яго вельмі цікавы характар: з аднаго боку, баязлівец-баязлівец, а з другога — гучна і смела брэша на незнаёмцаў. Вельмі любіць купацца, сапраўдны чысцюля. А вось рабіць новую стрыжку не надта яму падабаецца. У працэсе ўсяляк выказвае сваю незадаволенасць, бурчыць.
Асаблівая любоў у Філі да ежы. Калі пакрыўдзіцца, залезе за канапу, і адзіны спосаб яго адтуль выманіць — гэта ласункі. За іх ён душу гатовы аддаць. А яшчэ Філька вясёлы, гуляць з ім — гэта адно задавальненне.
Вольга Вадзяновіч, фота аўтара