76 гадоў таму была заваявана Вялікая Перамога. За гэты час вырасла некалькі пакаленняў, якія не ведаюць, што такое выбухі бомб і снарадаў, горыч ад страты самых родных і дарагіх людзей, неймаверныя мукі, праз якія прайшлі вязні канцлагераў. Сапраўды, сучасная моладзь пазнае ўрокі той страшнай вайны па аповедах бабуль і дзядуляў, архіўных фотаздымках. Але менавіта перад маладым пакаленнем стаіць важнейшая задача – захаваць памяць пра падзеі вогненных гадоў і ніколі не дапусціць іх паўтарэння… І пружанская моладзь памятае. Пацвярджэнне таму – веламарафон «76: моладзь за мір» праехаў 16 ліпеня па дарогах раёна.
Спартыўна-патрыятычнае мерапрыемства было прымеркавана да Дня вызвалення Пружан ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Старт веламарафону далі каля брацкай магілы на праваслаўных могілках г.Пружаны. Да ўдзельнікаў акцыі звярнуўся начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі А.К.Момлік. «Гэтым веламарафонам мы імкнёмся паказаць, што ніхто і нішто не забыта. Магчыма, у той дзень, калі вызвалялі наш горад, над Пружанамі было такое ж гарачае сонца… Але я ўпэўнены, што выпрабаванні, якія мы пераадолеем падчас веламарафону, нельга нават у самай малой ступені параўнаць з тым, праз што прайшлі нашы дзяды і прадзеды. Прайшлі, выстаялі і прынеслі нам Перамогу. Мы абавязкова павінны памятаць пра гэта», — сказаў Аляксандр Канстанцінавіч. Удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць загінулых мінутай маўчання, да брацкай магілы ляглі кветкі.
У гэты дзень з Пружан выехала больш за 20 маладых людзей – прадстаўнікі БРСМ і ФПБ, работнікі райвыканкама, члены працоўных калектываў горада. Па ходзе маршруту да іх далучалася кіраўніцтва і жыхары сельсаветаў. Для старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Т.Ю.Гаманчук такі веламарафон ужо чацвёрты па ліку. «Самая галоўная мэта, з якой праводзяцца падобныя мерапрыемствы, – аддаць даніну павагі людзям, якія загінулі ў гады вайны. Штораз, калі бяру ўдзел у марафоне, успамінаю сваіх бабулю і дзядулю Ганну Макараўну і Аляксандра Міхайлавіча, якія ваявалі і партызанілі. Яны шмат расказвалі пра падзеі вайны мне і маёй дачцэ, якая штогод нясе іх партрэты ў «Бессмяротным палку», — расказала Таццяна Юр’еўна.
Былі сярод удзельнікаў веламарафону і спецыялісты Пружанскай ЦРБ, у тым ліку ўрач-хірург Максім Шамаль. Прыехаў у Пружаны па размеркаванні, але ў падобных мерапрыемствах удзельнічае не ўпершыню. Кажа, што вельмі любіць спорт і з’яўляецца аматарам рознага роду актыўнасцей. Сам жа захапляецца кросфітам.
Маршрут велапрабегу пралёг праз Аранчыцы, Слабудку і Лінова, Бакуны і Кутнявічы, Вінец і Смаляны. Усяго вела-аматары пераадолелі прыкладна 40 км, рабілі прыпынкі каля месцаў пахавання воінаў і мірных жыхароў, ускладалі кветкі і ўшаноўвалі памяць мінутай маўчання.
Завяршылася мерапрыемства ля помніка С.М.Гудзімаву ў скверы яго імя.
Уладзіслаў Шпарла, Кацярына Масік (фота).