Пятница, 13 декабря 2024

Пружанцы гучна адсвяткавалі 9 мая! (+фотарэпартаж)

839

У маштабнае і шматпланавае мерапрыемства пераўтварыўся Дзень Вялікай Перамогі, які адсвяткавалі пружанцы 9 мая.

Пачаліся ўрачыстасці яшчэ напярэдадні, 8 мая ўвечары, з працэдуры запальвання Вечнага агню ля помніка “Спаленым вёскам” https://ok.ru/budni/album/940273381000.

Гэтую пачэсную місію выканаў намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч. Дзясяткі трапяткіх лампадак свяціліся таксама на пастаменце, да якога прадстаўнікі грамадскасці ўсклалі кветкі.

Раніцай 9 мая эстафету прадоўжылі ўскладаннем вянкоў і кветак да помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Найбольш людзей сабралася на мітынг на гарадскіх могiлках каля брацкай магілы. Прадстаўнікі ўлады, ваеннага камісарыята, грамадскіх арганізацый і проста неабыякавыя грамадзяне ўшанавалі памяць 265 вядомых і невядомых воінаў Чырвонай Арміі і партызан, пахаваных там.

Аддалі і даніну павагі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны.
— Дзякуй вам, дарагія ветэраны! — казаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, які адкрываў урачыстасць. — Вы змагаліся за агульначалавечыя каштоўнасці — любоў да сям’і і роднай зямлі. Вы ваявалі за свабоду і незалежнасць – і веліч здабытай вамі Перамогі назаўжды застанецца ў памяці нашага народа. Словы «Нішто не забыта і ніхто не забыты» ніколі не згубяць сэнсу. Беларусы заўсёды будуць смуткаваць аб загінулых і будуць адстойваць праўду аб вайне.

— Дзякуй вам, дарагія ветэраны! – звярталася да герояў Марыя Грышкевіч, старшыня «пярвічкі» раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Пружанскай раённай бальніцы. — Вы прайшлі праз страшныя выпрабаванні, выратавалі чалавецтва ад пагрозы фашысцкага прыгнёту. Мы ў неаплатным даўгу перад вамі. Нізкі вам паклон. Сёння мы станем у шэрагі «бессмяротнага палка», у рамках акцыі «Беларусь памятае» пройдзем з гонарам па вуліцах горада і не дазволім нікому забыцца пра ваш подзвіг і перапісаць нашу гісторыю.

— Той, хто забудзецца пра Вялікую Айчынную, зведае наступную вайну! – менавіта гэты запавет ад ветэранаў, якія не змаглі прыехаць на свята, агучыў прысутным старшыня раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Уладзімір Яцкевіч. — Чатыры доўгія гады нашы бацькі і маці, бабулі і дзядулі рабілі ўсё магчымае і немагчымае, каб наблізіць перамогу. Вораг не ўлічыў сілы духу савецкага чалавека, які гатовы быў памерці стоячы, чым жыць на каленях. Тысячы помнікаў і абеліскаў рассыпаны па ўсёй беларускай зямлі. Спыніцеся каля іх, памаўчыце, успомніце пра тых, хто ваяваў з ворагам і прыняў смерць. Хто даў моцны адпор ворагу.

— Абавязкова будзем спыняцца! Паколькі ніколі не забудзем, якую цану заплаціў наш народ за вялікую перамогу. Мы жывем у мірны час, мы не чулі сірэн паветранай трывогі. Нам цяжка паверыць, што чалавечае жыццё можна абарваць так проста, як ранішні сон. Таму будзем шанаваць мір і спакой, заваяваныя нашымі героямі! — ад ліца моладзі запэўніла прысутных вучаніца СШ №1 Анастасія Пекач.

Шчымлівым было выступленне і протаіерэя Ігара Мрыхіна, які адзначыў, што вайна для нашага народа — не проста гісторыя, а нязменны вялікі боль. Святар узгадаў самых вядомых пружанскіх герояў, якія пахаваны на могілках, у прыватнасці кавалера ордэна Славы Рамана Кротава, Героя Савецкага Саюза Івана Кухарава, арганізатара партызанскага руху на Пружаншчыне Сцяпана Пацяруху і многіх іншых. І, пажадаўшы загінулым атрымаць нароўні са святымі Царства Нябеснае, адслужыў памінальную ліцію па велікоднаму чыну.

«Хрыстос Уваскрэс з мёртвых…І тым, хто ў магілах, жыццё дараваў!» — вядомы ўсім хрысціянам спеў надзеі, які нёсся гучнай хваляй над могілкамі, у Дзень Перамогі напоўніўся асаблівым сэнсам…

Пройдуць зімы і вёсны, зменяцца пакаленні. А тыя, хто не вярнуўся з бою, застануцца назаўсёды маладымі і будуць жыць вечна. Іх светлую памяць удзельнікі мітынгу ўшанавалі мінутай маўчання, у іх гонар усклалі да помніка вянкі і кветкі.

Затым вялікая калона жыхароў і гасцей Пружан паўнаводнай ракой рушыла па вуліцах горада.

Узначалілі калону нашы дарагія ветэраны, якіх везлі на рэтра-транспарце. Моладзь несла партрэты салдат Вялікай Айчыннай. Гэта праводзілася акцыя, якую кожны год арганізоўвае ГА «БРСМ» «Беларусь памятае».

Дарэчы партрэты сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў неслі таксама некаторыя пружанцы. Пад гукі духавога аркестра ў святочным шэсці ўсе накіраваліся да помніка «Спаленым вёскам». Адзначу, што на сэрцы было светла, думкі летуценілі пра тое, што 77 гадоў мінула з той пары, як скончылася вайна, што шмат гадоў мы жывём у мірнай, адбудаванай, прыгожай краіне, што яшчэ можна ўбачыць тых, хто даў свету Вялікую Перамогу над фашысцкай навалай.

Пра мірнае жыццё і пра сучасныя пагрозы гаварыў у сваім выступленні на мітынгу старшыня Пружанскага райвыканкама Юрый Бісун.

Пранікнёным у кожнае сэрца было выступленне ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Міхайлавіча Алякумава. Можна сказаць, што гэты гераічны чалавек даваў наказ нашчадкам берагчы мір і ніколі не здраджваць гістарычнай памяці. Ад імя моладзі наказ ветэрана прыняла вучаніца СШ №5 Валерыя Цабрук. Яна абяцала берагчы памяць аб гераічным мінулым нашай краіны і пранесці яе далей.

Аб божым промысле, які стаў благадатным для нашай краіны ў тыя гераічныя гады, гаварыў благачынны цэркваў Пружанскага раёна протаіерэй Міхаіл Носка.

Жалобная мінута маўчання парушалася толькі ўдарамі метранома. Кожны з прысутных думаў пра сваіх блізкіх, іх гераічнае жыццё. Наўрад ці знойдзеш у Беларусі сем’ю, дзе няма сваіх салдат Вялікай Айчыннай вайны, якія ваявалі, аддалі свае жыцці за мірную будучыню. З павагай да іх подзвігу былі ўскладзены вянкі і кветкі да падножжа помніка «Спаленым вёскам». Мы памятаем, мы будзем памятаць…

Святочныя мерапрыемствы прадоўжыліся ў гарадскім парку, на плошчы каля Палаца культуры, на вуліцах горада.

Менавіта падчас святкаванняў Дня Перамогі асабліва востра адчуваецца сувязь пакаленняў, старэйшага і малодшага. І вельмі важна, каб падрастаючыя пакаленні ведалі, наколькі гэты дзень адметны ў гісторыі нашай краіны, каб і для іх 9 мая было заўсёды святам.

Дарэчы, сёлета ў гарадскім парку было ўсё для сапраўднага свята. Тэматычную канцэртную праграму “Вайна. Перамога! Памяць…” арганізаваў Пружанскі Палац культуры. А адразу пасля яе пачалася дзіцячая музычна-забаўляльная праграма “Хай заўжды будзе мір!”. У парку былі ўсталяваны атракцыёны, батуты, надзіманыя горкі, працавалі цір і бяспройгрышная латэрэя.

А на пляцоўцы каля парку была магчымасць пасядзець на машыне ці матацыкле ваеннага часу.

Цікавасць выклікала і тэматычная інтэрактыўная пляцоўка “Адзін дзень з жыцця салдата”. Тут можна было сфатаграфавацца з каскай на галаве, лістамі-трохкутнікамі, гармонікам, вінтоўкай.

Жадаючыя праходзілі выпрабаванні на “паласе перашкод”.

У караоке-клубе “На сонечнай палянцы” падпявалі любімым песням ваенных часоў. А якой смачнай была сапраўдная салдацкая каша з палявой кухні!

Тыя, хто цікавіцца спортам, падыходзілі на гарадскі стадыён, дзе праходзіў таварыскі футбольны матч паміж камандамі зборнай Лінова і СДЮШАР г. Пружаны. Сустрэча скончылася нічыёй з лікам 1:1. Каманды былі ўзнагароджаны граматамі РФСК “Мухавец”. Лепшымі гульцамі былі прызнаны Кірыл Мельнік з пружанскай каманды і Яўген Ціханчук з ліноўскай.

Не магла застацца незаўважанай тэрыторыя “Горада майстроў”, дзе рамеснікі Пружаншчыны прадставілі свае вырабы. Можна з упэўненнасцю сказаць, што на выставе было на што паглядзець: скураныя ўпрыгожванні, саломапляценне, ганчарныя вырабы, роспіс па дрэве, работы з бісеру, вышыўка, ткацтва, вырабы з натуральнымі камянямі, сувенірныя лялькі і шмат іншага. Майстры з радасцю гаварылі пра свае работы.

Святу спрыяла нават надвор’е: ярка ззяла сонца і неба над галавой было чыстым. Падумалася, што гэта сапраўды і ёсць шчасце — адчуваць спакой на сваёй зямлі, бачыць усмешкі дзяцей і дарослых і знаходзіцца пад мірным небам.

Кульмінацыяй Дня Вялікай Перамогі стаў святочны салют.

Алена Зялевіч, Віктар Ільюшчанка, Валерыя Адамчук (студэнтка журфака БДУ).

Кацярына Масік (фота)

Больш фота ў нашым фотаальбоме ў Аднакласніках https://ok.ru/budni/album/940273907336