У нядзелю, 3 ліпеня, наша краіна адзначыла Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі). Здаецца, наша дзяржава адзіная сярод 14 астатніх рэспублік-сясцёр, якія былі ў складзе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, вядзе адлік сваёй незалежнасці не ад часу распада СССР, а ад дня вызвалення нашай сталіцы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І гэтая дата, 3 ліпеня, для кожнага беларуса святая, таму і самая галоўная. Яскрава і запамінальна адзначылі яе і на Пружаншчыне. Да ўсіх помнікаў раёна былі ўскладзены вянкі і кветкі, у цэнтрах сельсаветаў, аграгарадках прайшлі мітынгі і святочныя мерапрыемствы.
Ва ўскладанні вянкоў і кветак да помніка «Спаленым вёскам» прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, прадстаўнікі сілавых ведамстваў і інш.
На плошчы ля райвыканкама адбыўся мітынг з удзелам кіраўніцтва раёна, жыхароў і гасцей г. Пружаны.
У сваім звароце да сабраўшыхся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч зазначыў, што наша незалежнасць заснавана на выніках вялікай працы, жыцця пакаленняў многіх беларусаў, гераічнага мінулага краіны, сіле малітвы Ефрасінні Полацкай, гераізме ваяроў, ратаваўшых родную зямлю ад іншаземнага ярма. У сваім звароце Міхаіл Міхайлавіч звяртаўся да спадчыны песняроў зямлі беларускай — Янкі Купалы, Якуба Коласа.
Як зазначыў кіраўнік раёна, воляй народа, якую ён праявіў на рэферэндуме, менавіта вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і было вырашана зрабіць галоўным святам краіны — Днём Незалежнасці.
Міхаіл Міхайлавіч зрабіў невялікі экскурс у гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, калі на барацьбу з ненавісным ворагам народ паўстаў ад малога да вялікага — у радах Чырвонай арміі, партызанскіх атрадах, падполлі. Кожны трэці беларус прынёс сябе ў ахвяру дзеля незалежнасці, міру, будучыні. Цяпер нам берагчы і прымнажаць здабыткі нашых продкаў.
Са словамі віншавання да прысутных звярнулася старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук.
Падчас мітынгу на плошчы выступалі спевакі рознага ўзросту, танцавалі дзеці. Над галовамі сабраўшыхся луналі дзяржаўныя сцягі, як сведкі нашай незалежнасці, здабытай крывёй.
Затым адбыўся невялікі аўтапрабег, які адкрывала старая тэхніка, у рады якой уліліся сучасныя аўто з дзяржаўнымі сцягамі.
Свята працягвалася ў парку, дзе раскінуліся гандлёвыя рады з рознымі прысмакамі, вырабамі майстроў-рамеснікаў. На сцэне амфітэатра спявалі самадзейныя артысты. Працавалі дзіцячыя атракцыёны.
Увечары дзеянне перамясцілася на гарадскую плошчу. Пасля вымушанага «пандэмійнага» перапынку людзі з задавальненнем ішлі на свята. На сцэне выступалі мясцовыя калектывы, народны ансамбль «Землякі», народны ансамбль танца «Спадчына» і інш. Праграма была настолькі насычанай і яскравай, што жыхары горада не толькі падпявалі, але і весела пускаліся ў скокі.
Далей усю ўвагу гледачоў захапіў сталічны ансамбль казачай песні і танца «Маме падабаецца!». Заліхвацкае выступленне нікога не пакінула абыякавым. Гледачы доўга не хацелі адпускаць артыстаў.
Аб’яднала ўсіх — і самых юных, і сталых — акцыя «Праспяваем гімн разам». Гэтая ўнікальная патрыятычная традыцыя ўжо некалькі гадоў аб’ядноўвае жыхароў дзяржавы ў адзіным парыве. Пачуцці гонару за нашу радзіму, адзінства і асаблівасці моманту луналі ў паветры. Усе як адзін, падняліся і праспявалі адзіным хорам галоўную песню краіны.
Завяршылася святкаванне Дня Незалежнасці ўрачыстым салютам, які нібы ўвабраў у сябе ўсе моманты гэтага дня і распусціўся на небе яркімі кветкамі, сімвалізуючы нашу незалежнасць. А на плошчы яшчэ некалькі гадзін гучала музыка — і ўсе, хто так не хацеў, каб гэты цудоўны дзень завяршыўся, змаглі перадаць свае эмоцыі ў рытме танца на святочнай дыскатэцы.
Віктар Ільюшчанка, Вольга Вадзяновіч. Фота Кацярыны Масік
Яшчэ больш фотаздымкаў: https://vk.com/album-23306785_284815367