Рэгуляванне ў цэнаўтварэнні — гэта пытанне справядлівасці. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення сістэмы рэгулявання цэнаўтварэння і кантролю за цэнамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Я хачу, каб вы разумелі, што адступлення ні ўлева, ні ўправа ад гэтай праблемы не будзе. Гэта пытанне маральнае, палітычнае, стратэгічнае. Як хочаце называйце. Але галоўнае — гэта пытанне справядлівасці, – падкрэсліў беларускі Лідар. – Размаўляючы са Снапковым (адказны за гэта пытанне ва ўрадзе першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў. — Заўвага БЕЛТА) амаль праз дзень, я яму спрабаваў укласці ў галаву, што гэта пытанне маральнае, пытанне справядлівасці».
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад: скажам, павысіліся цэны на малако. Тут пытанне ў тым, каму прырост гэтых цэн пайшоў у кішэню. Калі ў выніку гэтага даяркам прыбавілі зарплату, то гэта адно пытанне, але сітуацыя складвалася абсалютна інакш. «Мы ж у дакладах Камітэта дзяржкантролю бачылі, што гэтыя цэны раскладвалі па кішэнях тыя, хто сёння менш за ўсё заслугоўвае. І нават не гандлёвыя работнікі, а нейкія гаспадары. Атрымлівалі мінімум па $35 тыс. у месяц», – заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
«Тым не менш, нам удалося ў нейкай ступені гэтага каня паставіць у станок, як у народзе кажуць. Але паколькі гэта пытанне справядлівасці, а запатрабаванне на справядлівасць заўсёды было ў славян і ў нас у тым ліку, мы ад гэтага пытання адысці не можам. Гэта пытанне нумар адзін у нашага народа. І ніякага папулізму (звяртаю ўвагу на тых, хто заўтра вякаць пачне) тут няма. Ніякага папулізму перад электаральнай кампаніяй. Мы да гэтага пытання звярталіся пастаянна. Але паколькі яно не вырашалася, было прынята валявое рашэнне», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, на цяперашняй чарговай нарадзе па пытаннях цэнаўтварэння стаіць задача паглядзець, як гэты працэс развіваецца.
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што калі ўраду больш як год таму было даручана заняцца гэтай праблемай, размова не ішла аб замарожванні або нават стрымліванні цэн. «Гаворка ішла аб рэгуляванні цэнаўтварэння. Недзе стрымлівалі. Недзе цэны падрасталі. Эканоміку не падманеш, — адзначыў беларускі Лідар. – Мы добра разумеем, што калі замарозіць цану там, дзе яе нельга замарозіць, – заўтра знікне тавар, ніхто на страту працаваць не будзе. З гэтага зыходзілі».
«Сёння мы звяртаемся да гэтага пытання публічна. І ў такім складзе, у якім прапаноўваў урад. Тут людзі, якія вырабляюць тавар (іх прадстаўнікі — я маю на ўвазе міністраў), якія прадаюць тавар, людзі, якія арганізоўваюць у цэлым працэс. Усе павінны чуць, аб чым ідзе размова. Нехта будзе прымаць рашэнні, а нехта выконваць», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.