Многія пружанцы пагодзяцца са мной, што вельмі чакалі адкрыцця фірменнага магазіна «Ружанскі пачастунак» ад ААТ «Ружаны-Агра». Якасць, смак, а галоўнае, прывабную цану мясных прадуктаў, зробленых гаспадаркай, ацанілі жыхары не толькі нашага раёна. На самым высокім узроўні і стравы, якія гатуюцца з душой у сталовай сельгаспрадпрыемства. А ружанскія повары яшчэ і пацвярджаюць клас, заваёўваючы ўзнагароды самых розных конкурсаў.
Людміла Давідзенка і Вольга Забайловіч, якія працуюць у ружанскай сталовай, дакладна ведаюць не толькі пра тое, якія стравы найбольш падабаюцца мясцовым аграрыям. За гады работы ў гаспадарцы жанчыны вывучылі і смакавыя перавагі многіх іншых жыхароў Ружаншчыны, якія заязджаюць у сталоўку, каб паабедаць.

Вольга Міхайлаўна працуе поварам у ААТ «Ружаны-Агра» вось ужо 13 гадоў, яе калега Людміла Васільеўна — крыху больш. Кажуць, што дзён, падобных адзін да аднаго, тут не бывае.
— Узяць хаця б тое ж меню, — кажа Вольга. — Кожны дзень — гэта новы набор страў. Да таго ж абслугоўваем мы вяселлі, дні нараджэння і іншыя значныя мерапрыемствы. Таму тут яшчэ і заўсёды вучышся.
Вось такім новым вопытам і стаў для повараў Рэспубліканскі міжгаліновы турыстычны злёт прафсаюзаў на прызы ФПБ, які прайшоў у жніўні. У рамках яго адбыўся творчы конкурс пад назвай «Турыстычны фестываль ежы «Гатуем разам». Якраз у ім і паказалі сябе работнікі сталовай ААТ «Ружаны-Агра».
— Злёт праходзіў на базе турысцка-аздараўленчага комплексу «Высокі бераг» у Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці. Мы не толькі ўдзельнічалі ў конкурсе, але яшчэ і гатавалі для ўдзельнікаў мерапрыемства, — расказала Людміла Давідзенка.
Яе калега Вольга дапаўняе:
— У рамках конкурсу мы выступалі ў складзе каманды Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. У камандзе, акрамя нас, было яшчэ тры чалавекі. І калі наша задача была — прыгатаваць, то іншых — падтрымліваць вогнішча, прадставіць стравы і не толькі. Нам жа, поварам, была выдадзена закрытая скрыня. У ёй — прадукты, з якіх за дзве з паловай гадзіны трэба было зрабіць тры стравы. Гэта было цікава і незвычайна!
У скрыні, якая дасталася ружанскім майстрам кухні, аказаліся рыба, гарбуз, морква, цыбуля, бульба, а яшчэ рыс і мяса. Пасля невялікага «чараўніцтва» ад повараў на суд журы прадставілі гарбуз, запечаны з агароднінай, у форме збаночка. Другой стравай стала рыба з бульбай, прыгатаваная на грылі, а трэцяй — мясныя рулецікі з індычкі з агароднінай. Адметна, што ўсе стравы прадстаўнікі 15-ці каманд гатавалі на мангале.
Крэатыў, аператыўнасць і арыгінальнасць каманды Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, у склад якой уваходзілі і повары «Ружаны-Агра», атрымала дыплом за смачны комплексны падыход. Чым не пацвярджэнне, што ружанскія повары могуць смачна згатаваць нават з самых простых прадуктаў?

На мінулым тыдні прама на працоўнае месца да жанчын завітала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова. Яна падзякавала поварам за ўдзел у такім маштабным мерапрыемстве, павіншавала з важным дасягненнем. Таксама Вольга Васільеўна ўручыла дыпломы ад райкама прафсаюза работнікаў АПК за ўдзел у кулінарных спаборніцтвах і выказала спадзяванне, што повары і надалей будуць павышаць узровень свайго майстэрства і здзіўляць стравамі.
Ад сябе застаецца толькі дадаць: ніколькі ў гэтым не сумняваюся і абавязкова завітаю на абед у сталовую сельгаспрадпрыемства, калі буду ў Ружанах!
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік