Прагнозы на бягучы год адназначна папярэджвалі аб няпростай сітуацыі для прамысловасці раёна. Не ўсім летась удалося выйсці на «плюсы», таму, відавочна, што менавіта для іх 2016-ы будзе сапраўдным выпрабаваннем. Першае паўгоддзе дазваляе зрабіць некаторыя вывады, прычым, як зазначае начальнік аддзела эканомікі райвыканкама І.Д.Ліхтаровіч, не ўсе з іх суцяшальныя.
— Пакуль рэальныя статыстычныя дадзеныя не супадаюць з прагнознымі паказчыкамі, даведзенымі на бягучы год,— гаворыць Ірына Дзмітрыеўна.— Магчыма, сітуацыя палепшыцца ў наступнай палове года.
— Як абстаяць справы ў леташніх аўтсайдэраў?
— Спіс раённых прадпрыемстваў летась зменшыўся на адну адзінку: камбінат будаўнічых матэрыялаў на стадыі ліквідацыі і займеў статус банкрута. Засталіся невыкарыстоўваемыя плошчы, для якіх зараз шукаецца інвестар. Планы ёсць, але аб магчымых перспектывах гаварыць рана.
Даволі складаны перыяд перажыла Ружанская мэблевая фабрыка. Чытачы «раёнкі» ведаюць, што нават узнімалася пытанне аб закрыцці вытворчасці. Агульнымі намаганнямі раённых улад, кіраўніцтва прадпрыемства, яго калектыву і адміністрацыі ААТ «Івацэвічдрэў» удалося пераадолець сітуацыю. І хаця станоўчыя прагнозы рабіць рана, усё-такі сёння стан фабрыкі ўнушае больш аптымізму. Кіраўніцтва прадпрыемства перафармаціравала свае сувязі з Казахстанам, з’явіліся новыя заказы, кардынальна змяніўся асартымент. Сталі павялічвацца аб’ёмы прадукцыі ў Шарашоўскім цэху, дзе вырабляліся тэатральныя крэслы. Праблем яшчэ хапае, але зрухі да лепшага на фабрыцы відавочныя.
— Якія прадпрыемствы захоўваюць лідарства?
— Даволі ўпэўнена сябе адчувае малочны камбінат. У свой час калектыў прадпрыемства рашыўся на правядзенне мадэрнізацыі, былі адкрыты новыя цэхі, што стала падставай для з’яўлення канкурэнтных магчымасцей. І зараз прадукцыя карыстаецца вялікім попытам нават за мяжой, не залежваецца на складзе.
На фоне малочнага камбіната «Данон Пружаны» здзіўляе сваёй слабасцю. Выклікае неразуменне той факт, што прадпрыемства не ў сілах перапрацоўваць тыя аб’ёмы малака, якія дае наш раён (маўляў, няма рэалізацыі), хаця той жа «Савушкін прадукт» забірае ўсё, што можна, і яшчэ просіць. Значыць, там знайшлі магчымасць рэалізаваць прадукцыю.
Пад пільнай увагай знаходзіцца і вытворчасць завода радыёдэталей — з улікам таго, што прадпрыемства не адносіцца да групы перапрацоўчых і выпускае спецыфічную прадукцыю. Заўважная работа яго маркетынгавага аддзела: пры допуску затаварвання складоў да 80%, там такіх запасаў не назіраецца, прадукцыя мае попыт і разыходзіцца па спажыўцах. На мой погляд, разумна зроблена стаўка і на калектыў, яго амаладжэнне і павышэнне кваліфікацыі з прыцягненнем на прадпрыемства спецыялістаў.
Як паказвае аналіз, ёсць перспектывы і ў кансервавага завода, але незразумелая пазіцыя інвестараў, якіх, напэўна, задавальняюць тыя здабыткі, якія на сённяшні дзень мае прадпрыемства. Ніякага развіцця, пераўзбраення. Гэта робіць пазіцыю завода рызыкоўнай, хаця вытворчасць працуе без страт.
— Ірына Дзмітрыеўна, а што ж наш прыватны бізнэс?
— Прыемна, што сярод прыватных прадпрыемстваў ёсць свае лідары, якія займаюцца менавіта вытворчасцю. У якасці прыкладаў можна назваць ружанскую «Будараму», шчарчоўскі «Белшпондрэў» і гарадскі «Нятканы свет». Асабліва задавальняюць мэты і намеры кіраўніцтва апошняга, якое ставіць перад сабой задачы і самастойна шукае іх рашэнні. Як доказ — стварэнне новага прадпрыемства ў Аранчыцах «Экалагічныя матэрыялы», яно зараз на стадыі адладкі вытворчасці.
Таварыства «Бударама» задавальняе сваёй стабільнасцю, без рызыкоўных здзелак і затаварвання складоў. Такая ж сітуацыя назіраецца і на ТАА «Белшпондрэў», якое паступова расце колькасна і якасна.
Праблемным застаецца «Экабітум» у Лінове: гэта прадпрыемства ў стадыі запуску знаходзіцца вельмі доўга. Хаця кіраўніцтва сцвярджае, што планы застаюцца рэальнымі і магчымасці для іх рэалізацыі ёсць. Тым больш, што ўкладзена ў вытворчасць ужо нямала і адступаць немагчыма, прычым маючы рынак збыту і паставак сыравіны.
Але гэта ўсе флагманы прыватнага бізнэсу раёна, якіх, відавочна, мала, каб адводзіць ім адну з галоўных роляў у нашай эканоміцы. Ёсць і іншыя жадаючыя працаваць на Пружаншчыне, але іх планы пакуль на словах.
Гутарыў Алег Сідарэнка