Воскресенье, 19 января 2025

Профсоюзный лидер ОАО «Линовское»: «Все изменения в коллективном договоре только в интересах людей»

1 567

Лідзія Валюшка працуе ў ААТ «Ліноўскае» ўжо каля 40 гадоў. Ураджэнка Івацэвіцкага раёна апынулася на Пружаншчыне пасля заканчэння Столінскага сельгастэхнікума. Эканаміст, дыспетчар, кладаўшчык… Апошнія васямнаццаць гадоў з’яўляецца загадчыцай цэнтральнага склада. І вось ужо колькі часу разам з асноўнай дзейнасцю сумяшчае яшчэ і прафсаюзную.


— Спецыфіка работы нашай арганізацыі не дазваляе сабраць усіх членаў калектыву ў адным месцы, каб паведаміць тую ці іншую інфармацыю, расказаць пра новыя пункты калектыўнага дагавора, — гаворыць старшыня прафкама ААТ «Ліноўскае». — Каб усе былі ў курсе падзей, якія адбываюцца ў калектыве, сёння на ўсіх вытворчых участках аформлены прафсаюзныя куткі. Вядома, і сама заязджаю ў мехмайстэрню, на комплекс — жывая гутарка ўсё-такі лепш.
Сёння ў таварыстве прафсаюзным жыццём ахоплены ўсе 100% членаў калектыву. Лідзія Анатольеўна стараецца апраўдаць аказаны ёй давер. Сёння на парадку дня ў прафкаме — новы праект калектыўнага дагавора. У дакумент, які, як вядома, распрацоўваецца назіральным саветам арганізацыі і прафкамам, прадстаўнікі апошняга ўносяць прапановы з улікам Пагаднення паміж Брэсцкім аблвыканкамам, абласным аб’яднаннем наймальнікаў і абласным аб’яднаннем прафсаюзаў. У прыватнасці, заключаць кантракты з добрасумленнымі работнікамі на больш працяглы перыяд, уносіць дадатковыя меры стымулявання і гэтак далей. У новым праекце калектыўнага дагавора павялічаны памеры выплат работнікам пры выхадзе на пенсію і аднаразовых выплат на аздараўленне да водпуска, таксама ўключаны новыя віды заахвочванняў.
— Увогуле работы хоць адбаўляй, — зазначае жанчына. — Даводзіцца працаваць з нядобранадзейнымі сем’ямі, з абавязанымі асобамі, адстойваць інтарэсы шматдзетных сем’яў, маладых работнікаў, прымаць удзел у пасяджэннях жыллёвай камісіі, якая займаецца выдзяленнем жылля, якое знаходзіцца ва ўласнасці гаспадаркі… Не апошнюю ролю сёння адводзім і фарміраванню здаровага ладу жыцця: за кошт сродкаў арганізацыі набываем для работнікаў абанементы ў Водны палац, прымаем удзел у турыстычных злётах, раённых спартакіядах.
Варта зазначыць, што за час свайго старшынства ў прафкаме пры Лідзіі Анатольеўне паправіла здароўе ў санаторыях больш за сто дзяцей работнікаў, для працаўнікоў былі арганізаваны дзясяткі экскурсій па розных цікавых куточках Беларусі, куплены сотні білетаў на канцэрты, якія праходзяць у Палацы культуры, ушанаваны юбіляры.
— Хачу сказаць, што мне пашанцавала: я працую ў цеснай узаемасувязі з кіраўніцтвам, якое знаходзіць фінансавую магчымасць на заахвочванне старанных працаўнікоў, юбіляраў, спартсменаў, арганізацыю экскурсійных паездак… За апошнія гады ў калектыўны дагавор не было ўнесена ніводнага змянення, якое б было зроблена ў інтарэсах арганізацыі, — усё для людзей.
Марына Вакульская.