Суббота, 12 октября 2024

Профсоюзные активисты присоединились к акции «Беларусь помнит. Помним каждого»

1 190

Рэспубліканскую акцыю «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», якая праходзіла ў гэтыя дні ў рамках святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў па ўсёй краіне, падтрымалі прафсаюзныя актывісты. Другога ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці, яны сабраліся і ў Пружанах, каля брацкай магілы на гарадскіх могілках, каб аддаць даніну павагі тым, хто, не шкадуючы жыцця, заваёўваў сваім нашчадкам Вялікую Перамогу.

Як звярнула ўвагу старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук, некаторыя прафсаюзныя лідары прыйшлі на мітынг з дзецьмі. І гэта невыпадкова: падрастаючае пакаленне не павінна забываць гэтую старонку гісторыі сваёй краіны.

Напрыклад, самаму маленькаму ўдзельніку акцыі Максіму Верстаку, які прыйшоў са сваёй мамай, усяго два гадкі. Яму яшчэ трэба будзе даведацца пра баявы шлях сваіх продкаў. А вось дзесяцікласніцы Яніна Лішко і Яна Велікаселец не проста цікавяцца подзвігам сваіх родных-ветэранаў, але і прымаюць актыўны ўдзел у акцыях па навядзенні парадку каля помнікаў пад чырвонай зоркай. «Паважаць і памятаць людзей, дзякуючы якім мы жывём у незалежнай краіне, мяне з малых гадоў вучылі і бацькі, і настаўнікі. Тым больш, што для нашай сям’і вайна — не пустое слова: на франтах Вялікай Айчыннай ваяваў мой прадзядуля, які быў адзначаны баявымі ўзнагародамі, зведала жахі ваеннага ліхалецця і прабабуля, якая з’яўлялася ўдзельніцай партызанскага руху», — расказала Яніна.

Пружаншчына, дзе падтрымалі ўсебеларускую акцыю «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», ужо з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны аказалася арэнай баявых дзеянняў. У выніку на тэрыторыі раёна налічваецца 67 воінскіх пахаванняў. Адно з самых вялікіх знаходзіцца на тэрыторыі гарадскіх могілак. Як падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Пракаповіч, на сённяшні дзень вядома, што тут пахавана 265 чалавек: гэта ваеннаслужачыя 33 знішчальнага авіяпалка, якія загінулі ў першыя дні вайны, чырвонаармейцы, якія вызвалялі горад у 1944 годзе, а таксама ваеннаслужачыя, якія памерлі ў шпіталях, партызаны. Работа па ўстанаўленні імёнаў пахаваных вядзецца пастаянна, імёны двух воінаў пакуль застаюцца невядомымі.

Старшыні раённых галіновых і буйных пярвічных прафсаюзных арганізацый усклалі кветкі да брацкага пахавання і ўшанавалі мінутай маўчання тых, каму мы сёння абавязаны мірным небам над галавой.

Марына Вакульская, Фота аўтара.