Прыкладаў адданага служэння любімай справе нямала. Адзін з іх — дынастыя педагогаў з пасёлка Шарашэва. Бабуля. Матуля. Дачка… Іх аб’ядноўваюць не толькі кроўныя вузы, але і асаблівы, так бы мовіць, прыроджаны «інстынкт» настаўніка. Нягледзячы ні на што, яны вераць у сілу і прэстыж сваёй прафесіі і шчыра радуюцца за вучняў і перажываюць за іх. Аддаючы сваю душэўную цеплыню выхаванцам, яны з гонарам нясуць высакародную місію, спадзеючыся, што пасеяныя імі зярняткі ведаў абавязкова прарастуць.
Знаўца дзіцячых душ
— Пачатак нашай педагагічнай эпапеі — як у песні. «Какой счастливый случай…» Памятаеце? — расказвае заснавальніца педагагічнай дынастыі Лілія Рыгораўна Юзэпчук. — Я не планавала быць настаўніцай. Дапамог выпадак. Так здарылася, што ў тым невялікім украінскім гарадку, куды я ў свой час пераехала з Шарашэва ўслед за мужам-ваеннаслужачым, не было настаўніка працоўнага навучання, і на гэтую ролю запрасілі мяне…
Як аказалася, такі выбар кандыдатуры быў далёка не выпадковы: усе ведалі, што Лілія Рыгораўна — першая майстрыха і на рэдкасць творчы чалавек. Жанчына ўзялася за новую для яе, школьную, справу з вялікім энтузіязмам.
— Я атрымлівала задавальненне ад працы, разам са мной радаваліся і дзеці. У класе заўсёды было людна. Вучні задавалі процьму пытанняў — і на кожнае з іх я спяшалася даць адказ. Быў выпадак, калі да мяне на ўрок прыйшоў з праверкай інспектар, які вельмі здзівіўся таму, што пасля званка дзеці не разыходзіліся. «Я, — кажа, — упершыню такі цуд бачу, каб школьнікі не хацелі ісці на перапынак», — шчыра распавядае мая суразмоўца.
Вярнуўшыся з Украіны на радзіму, Лілія Рыгораўна і тут, у пасёлку Шарашэва, уражвала людзей сваім уменнем рабіць усё або практычна ўсё. Да слова, гэтая жанчына сама спланавала свой прыгожы дом і нават нароўні з мужчынамі ўдзельнічала ў яго будаўніцтве, спрытна арудуючы і пілой, і малатком. З часам разбіла вакол хаты дзіўны кветнік і ператварыла сваё жыллё ў райскае мястэчка, дзе літаральна ўсё прасякнута творчасцю: тут шыюць, вяжуць і нават мэблю робяць сваімі рукамі. Гэтым і многім іншым прамудрасцям хатняга быту Лілія Юзэпчук навучала дзяцей у мясцовай школе на ўроках працы. У кожным жэсце жанчыны, у манерах і выразнай дыкцыі адчуваўся і да гэтага часу бачны інтэлігентны педагог.
— Дзеці — вельмі тонкія натуры. Кожнаму даросламу, тым больш педагогу, нельга думаць пра іх дрэнна і нельга ставіцца да іх несправядліва. Самае важнае ў нашай прафесіі — не ламаць дзіцячую індывідуальнасць, а наадварот накіроўваць яе развіццё. Трэба любіць дзяцей за тое, што яны дзеці, і паважаць іх. Усе яны ад прыроды вельмі здольныя і гатовыя горы звярнуць, — запэўнівае Лілія Рыгораўна і дадае:
— Так, сёння часы не тыя. І дзеці іншыя: не горшыя, але больш складаныя. І ў настаўнікаў работы стала больш: горы папер, безліч справаздач… Таму хачу пажадаць усім калегам толькі цярпення, цярпення і цярпення. Аддача будзе. Толькі дачакайцеся! Пройдуць гады, удзячныя вучні абавязкова наведаюць вас. Абдымуць, зазірнуць у вочы — і вы, настаўнікі, зразумееце, што ўсё было недарма: прараслі зярняткі…
Знаўца каралеўскіх традыцый
Дзіўную эстафету дабрыні, чалавечнасці і шчырасці ад Ліліі Рыгораўны пераняла яе дачка. Настаўніца англійскай мовы Шарашоўскай СШ Алена Георгіеўна Мелянчук з дзяцінства захаплялася таленавітай мамай, якая сваёй рэдкай інтэлігентнасцю нагадвала ёй саму англійскую каралеву.
— Заўсёды дагледжаная, прыгожая. Мама з павагай ставілася да ўсіх сваіх калег і вучняў, і яны ёй плацілі тым жа, — уступае ў размову другі педагог у сям’і — таксама рупліўца і знаўца сваёй годнай справы.
Адвучыўшыся на факультэце замежных моў Луцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Лесі Украінкі, сваю прафесійную кар’еру Алена Мелянчук, як і мама, пачала ва Украіне, а ў 1994 годзе вярнулася на радзіму і вось ужо больш за дваццаць гадоў навучае англійскай мове шарашэўскіх дзяцей.
— Чаму англійская? Гэта быў мой любімы прадмет у школе, — тлумачыць свой выбар настаўніца. — Замежная мова мне давалася вельмі лёгка. Я займалася ёй самастойна з самага дзяцінства: знаходзіла англамоўную літаратуру ў бібліятэках, слухала радыё, на старым касетным магнітафоне пераслухала столькі замежных хітоў! Кампазіцыі «Modern Talking», «Pink Floyd», «Scorpions» і іншых выступоўцаў, рок, дыска, джаз — усё, што было папулярна тады, я з задавальненнем слухаю і зараз, хаця і сучасную музыку не абыходжу бокам. Дзякуючы сваім музычным прыхільнасцям, я вельмі лёгка знаходжу агульную «англійскую» мову з вучнямі: ёсць што праслухаць і абмеркаваць.
У цэлым, як адзначае Алена Георгіеўна, ёй вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі, асабліва са старшакласнікамі.
— Мне шчасціць з вучнямі: у кожным класе ёсць вундаркінды, якім вельмі лёгка даецца замежная мова, і яны як бачыш дасягаюць вялікіх поспехаў на алімпіядах. Я ганаруся тым, што многія з нашых шарашэўскіх выпускнікоў пайшлі па маіх слядах: паступілі ў лінгвістычны ўніверсітэт, паколькі любяць англійскую мову з яе асаблівым гучаннем.
А як яе не палюбіць, калі нават на звычайных занятках Алена Мелянчук можа па скайпе звязацца, напрыклад, з амерыканскімі дзецьмі і далучыць да «міжнародных перамоў» сваіх выхаванцаў?
— Мае вучні свабодна размаўляюць са сваімі англамоўнымі аднагодкамі, з якімі сябруюць у сацыяльных сетках. Невыпадкова, што англійская лічыцца мовай міжнароднага значэння.
А нядаўна на ўроку настаўніца паказала вучням відэаролік з трансляцыяй вяселля англійскага прынца Гары і актрысы Меган Маркл. І як сапраўдная знаўца брытанскіх традыцый, жанчына акцэнтавала ўвагу дзяцей на тым, як у пэўнай абстаноўцы паводзяць сябе людзі «блакітных крывей».
Я ўявіла на імгненне, як дзеці глядзяць на гэтых прынцаў і прынцэс, а потым на Алену Георгіеўну — і ўсведамляюць, што ў іх прыгожай і вытанчанай беларускай настаўніцы не менш высакароднасці…
Знаўца дынастычных запаветаў
Калі прадаўжальнікамі справы бацькоў становяцца іх дзеці, можна быць упэўненым: у лёс сям’і ўмяшаўся ўсё ж такі не выпадак, а заканамернасць.
Перад вачыма Таццяны Алегаўны Мелянчук з дзяцінства быў прыклад бабулі і мамы, і іншых думак, акрамя як стаць педагогам, у яе не было.
— У нас у сям’і ўжо жартуюць, што любоў да педагогікі перадаецца на генетычным узроўні, — кажа маладая настаўніца англійскай і французскай моў.
Дарэчы, у Мінскім лінгвістычным універсітэце Таццяна Алегаўна атрымала яшчэ і другую спецыяльнасць — перакладчыка-рэферэнта з англійскай мовы, і як далей будзе развівацца яе прафесійная кар’ера, дзяўчына сказаць не можа. Пакуль жа па размеркаванні яна працуе ў Шарашоўскай СШ і імкнецца выконваць свае абавязкі як мага лепш.
— А як жа! Статус прадаўжаль-ніка дынастыі абавязвае. Ці змагу я адолець гэтую ношу? Такія прыклады перад вачамі! Пастаянна сумняваюся, ці на правільным я шляху. Магчыма, з’явяцца ў жыцці і іншыя перспектывы. А пакуль, прызнацца, я хацела б стаць, як бабуля і мама, любімым настаўнікам для некалькіх пакаленняў школьнікаў. Нават дома імкнуся размаўляць на англійскай мове, каб трымаць сябе ў тонусе і пастаянна павышаць свой прафесійны ўзровень, — шчыра прызнаецца маладая настаўніца.
— Таня ў нас — перфекцыяністка. Імкнецца, каб у педагагічным працэсе промахаў не было, — дадае Алена Георгіеўна. — Часта кансультуецца са мной ці з бабуляй, а мы заўсёды ёй дапамагаем.
Між іншым, бабуля, матуля і дачка — лепшыя сяброўкі.
— Ад дачкі Алены і ўнучкі Таццяны ў мяне няма ніякіх сакрэтаў, як і ў іх ад мяне. Гэта сутнасць нашага жыцця, — кажа Лілія Рыгораўна Юзэпчук. — Самае галоўнае ў нашай справе — гэта падтрымка. Мы дзелімся праблемамі, вырашаем іх разам, і тады становіцца лягчэй. Так, час цяпер цяжкі. Але мы верым, што настаўніцкая справа будзе квітнець і «налівацца сокам», як вінаградная лаза ў нашым вінаградніку. На роспач і стому мы не маем права!
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.