Якасць прадукцыі для калектыву ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка» — гэта важнейшы паказчык, па якім спажывец і дае адзнаку тавару. «Павышэнне якасці прадукцыі ў значнай меры вызначае выжывальнасць ва ўмовах рынку», — лічаць тут. І гэтыя словы не разыходзяцца са справай: на прадпрыемстве пастаянна ўдасканальваюць базу, асвойваюць новыя тэхналогіі, мадэрнізуюць абсталяванне, укараняюць новыя віды ўпакоўкі, строга выконваюць патрабаванні, якія ставяцца да бяспекі харчовай прадукцыі.
Накірунак, узяты прад-прыемствам, дазваліў не проста канкурыраваць, але і быць сёння ў ліку лепшых. З 2011 года птушкафабрыка пачала прымаць актыўны ўдзел у конкурсах у галіне якасці. Курыныя яйкі, якія выпускаюцца пад брэндамі «Вясковае яйка», «Вясковыя крохі» і «Хатні сняданак», не раз станавіліся лаўрэатамі такіх конкурсаў, як «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь», народнага конкурсу-дэгустацыі «Чэмпіён смаку». Акрамя таго, у ліку перамог калектыву — дыпломы і Гран-пры рэспубліканскіх конкурсаў «Прадукт года» і іншых. А літаральна на мінулым тыдні адной нагодай для гонару стала больш: гандлёвая марка «Вясковае яйка» была ўдастоена Гран-пры рэспубліканскай прэміі «Лідар спажывецкага рынку-2018» у намінацыі «Яйка курынае» і атрымала дыплом лаўрэата конкурсу.

Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву, не толькі экспертныя саветы разнастайных конкурсаў адзначаюць якасць аранчыцкіх яек, але і спажыўцы. Пры пакупцы прадуктаў яны аддаюць перавагу прадукцыі ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка». У выніку сёння валавая вытворчасць яек за адзінаццаць месяцаў бягучага года склала без малога 60 мільёнаў штук, што больш, чым за аналагічны мінулагодні перыяд. Да слова, натуральная, высакаякасная, карысная і смачная прадукцыя птушкафабрыкі сёння рэалізуецца не толькі ў рэгіёнах Беларусі: больш за 30% яек адпраўляецца на экспарт.
На здымку: чарговую ўзнагароду дэманструюць начальнік аддзела збыту Віктар Дыбуль і бухгалтар Анастасія Дыбуль.
Марына Вакульская.