Яшчэ ў чэрвені падчас навальніцы са слупа моцным ветрам здзьмула гняздо. З вялікай буслінай сям’і — двух дарослых і трох малых — выжыла толькі адно маленькае птушаня. У жывых яно засталося, канешне, не без нашага ўдзелу. Але цяпер мы не можам дапамагчы бусляняці вярнуцца да належнага яму ладу жыцця: птушкі-суродзічы не прымаюць яго да сябе, у ежы яно пераборлівае. Непакоіць, што ў верасні мы з’едзем з дачы, а што рабіць з прыручанай птушкай, не ведаем.
Кацярына, в.Гута.
Пра выпадкі, калі людзі ратуюць птушак: буслоў ці лебедзяў, — але не ведаюць, што з імі рабіць далей, карэспандэнтам расказваюць кожны год. Мы звярнуліся ў грамадскую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны», каб там пракаменціравалі сітуацыю і далі слушныя парады.
— Напэўна самае дрэннае, што можна зрабіць для дзікай птушкі, — пачаць карміць яе, — лічыць старшыня Брэсцкага аддзялення ГА «АПБ» Андрэй Абрамчук. — Запомніце: не карміць, а падкормліваць можна сінічак і вераб’ёў, і тое толькі ў моцныя маразы. Не спяшайцеся падымаць і цягнуць дадому птушаня, якое выпала з гнязда, — бацькі знойдуць яго і накормяць без чалавечай дапамогі.
Што тычыцца буслоў, А.В. Абрамчук адказаў на самыя распаўсюджаныя пытанні.
—Што рабіць, калі заўважыў бусла восенню?
—Звычайна буслы адлятаюць на зімоўку з Беларусі ў жніўні: яны збіраюцца на палях у вялікія зграі і затым адпраўляюцца на поўдзень. Здараецца, што белых птушак можна ўбачыць і напачатку восені — гэта нармальна, яны яшчэ адляцяць у вырай.
А вось калі бусла бачыце ў лістападзе, то гэты ўжо хутчэй за ўсё застанецца на зімоўку. Ды толькі праяўляць лішні клопат не варта: паблізу незамярзаючых вадаёмаў ці сметнікаў гэтая птушка можа самастойна перажыць моцныя маразы.
—Як паступіць, калі бусляня вылецела з гнязда і не вяртаецца назад?
—Галоўнае — не даваць ласункаў: лепш адвязіце птушку туды, дзе лётаюць іншыя бусляняты — так у яе будзе шанц прызвычаіцца да жыцця ў дзікай прыродзе, самастойна знаходзіць сабе корм і навучыцца супрацьстаяць пагрозам, якія могуць чакаць. Магчыма, суродзічы і не будуць прымаць бусляня ў сваю зграю, паколькі гэтыя птушкі жывуць індывідуальна, але толькі на іх прыкладзе пярнатае зможа навучыцца паляваць самастойна.
—Што рабіць з траўмаваным буслом?
—Калі чалавек хоча дапамагчы буслу, у якога зламанае крыло альбо нага, ён павінен разумець, што не проста робіць добрую справу, але і бярэ на сябе вялікую адказнасць. На жаль, у Беларусі няма спецыяльных цэнтраў, куды можна адвезці такую птушку. Можна з дапамогай прыродаахоўных службаў паспрабаваць прыстроіць яе ў заапарк, але там жа не прытулак для пярнатых — усіх не возьмуць. Таму, пакінуўшы бусла ў сябе, будзьце гатовымі даглядаць яго некалькі гадоў. Калі чалавек не ўпэўнены, што зможа клапаціцца пра птушку пастаянна, лепш зусім не браць яе. І такое рашэнне мае права на існаванне.
Гутарыла Марына Вакульская