Понедельник, 12 мая 2025

Призеры областных предметных олимпиад рассказали о своем пути к успеху

916

Прадметны алімпіядны рух у Беларусі заўсёды быў вельмі папулярным у школьным асяроддзі, паколькі дазваляў дзецям не толькі праверыць свае веды ў «экстрэмальных» умовах, але і атрымаць пэўны бонус пры паступленні ва ўніверсітэт. Не стаў выключэннем і гэты год: больш за 7 тысяч беларускіх школьнікаў прыняло ўдзел у абласных этапах рэспубліканскай алімпіяды. Прадэманстравалі свае глыбокія веды ў розных навуковых сферах і пружанскія вучні. Пра тое, як стаць прызёрам і нават пераможцам алімпіяды, наша гутарка з лепшымі з іх.
Лізавета Люсцібер, вучаніца 10 «А» класа СШ № 5, атрымала дыплом I ступені на абласной алімпіядзе па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», якая ўпершыню прайшла ў краіне:


— Упершыню я выступала не за гонар ДЮСШ, а за сваю адукацыйную школу, таму падвесці яе не магла. Магчыма, улічваючы маю спартыўную падрыхтоўку, мне ў нечым было лягчэй, чым іншым: я змагла вызначыцца ў плаванні (гэта мой канёк!), у валейболе (дзякуй генам за высокі рост!) і на добрым узроўні прайшла тэст па асновах фізічнай падрыхтоўкі (скачок у даўжыню з месца, падыманне тулава, чаўночны бег і г.д.). Без праблем адолела і тэарэтычны этап. За добры вынік хачу, перш за ўсё, падзякаваць свайму трэнеру па плаванні Сяргею Аляксандравічу Калядзе і школьнаму настаўніку Васілю Міхайлавічу Жуку, без дапамогі якіх я не справілася б.
Як адзначаюць настаўнікі, гэтая дзяўчына вылучаецца не толькі ў спартыўных дысцыплінах. Ліза ўваходзіць у лік лепшых вучняў фізіка-матэматычнага профілю. Яна не толькі эрудзіраваная, але і добразычлівая: заўсёды гатова падтрымаць сваіх сяброў у цяжкую мінуту.
Каміла Бурнас, 9 «А» клас СШ № 1. Дыпламантка III ступені па рускай мове і літаратуры:


— Першы поспех — перамога ў школьнай алімпіядзе яшчэ ў 5 класе — паслужыў штуршком да больш узмоцненых заняткаў па мове. Можна сказаць, адчуўшы асалоду перамогі, у мяне з’явіўся азарт да спазнання чагосьці новага. Стала шмат чытаць і перачытваць, асабліва раман Рэмарка «Тры таварышы», у якім няма геройства і подзвігаў, няма асаблівых прыгод, а ўсё жыццё паказана проста, як ёсць. Я гэтую кнігу расцягнула на цытаты, якімі кіруюся ў звычайным жыцці. Можа, таму я змагла даволі смела выказацца на алімпіядзе на заяўленую тэму і паказаць такі нядрэнны вынік.
Як заяўляе настаўніца па рускай мове Галіна Мар’янаўна Кавалевіч, яшчэ ў 5-м класе яна выявіла ў сваёй выхаванкі асаблівае моўнае чуццё, так бы мовіць, прыродную арфаграфічную «жылку». Гэта і спрыяла ўстойлівым ведам. Каміла ўразіла журы годным аргументаваным аналізам вызначанага твора і высокай культурай маўлення.
Таццяна Мытнік, вучаніца 10 «А» класа СШ № 5, атрымала дыплом II ступені па рускай мове і літаратуры:


— Сакрэт майго поспеху ў тым, што я вучуся ў добрага настаўніка. Завуць яе Алена Уладзіміраўна Вайцяховіч, менавіта яна разгледзела і дапамагла развіць мае філалагічныя здольнасці. Менавіта яна прывіла жаданне шмат чытаць, аналізаваць прачытанае і смела выказваць свае думкі, згаджацца ці не з аўтарам. І гэта мне вельмі дапамагло пры напісанні на алімпіядзе водгуку на твор і пры вусным выказванні. Асаблівы дзякуй Алене Уладзіміраўне за падказку прачытаць кнігу акадэміка Дзмітрыя Ліхачова «Лісты пра добрае і прыгожае». Гэты твор пра найвялікшыя духоўныя каштоўнасці чалавецтва, пра прыгажосць навакольнага свету стаў маёй настольнай кнігай. Цяпер у мяне ёсць мэта і сэнс жыцця. І наперадзе — новыя перамогі.
Цікава, што звязваць сваю будучыню з філалогіяй Таццяна не плануе, паколькі марыць стаць урачом. Аднак, як жартуюць яе сябры і настаўнікі, затое з яе атрымаецца вельмі пісьменны доктар.
Аляксандр Басак, вучань 11 класса Мокраўскага ВПК, вызначыўся ў спаборніцтвах па фізічнай культуры і здароўі і атрымаў дыплом III ступені:


— Сваім нядрэнным вынікам на першай абласной алімпіядзе па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» я абавязаны многім людзям. Дзякуй усім маім школьным настаўнікам, дзякуй і трэнерам па плаванні. Я ж з першага класа школы пачаў ім займацца – пяць гадоў як рыба ў вадзе правёў! Потым паспрабаваў свае сілы ў футбольнай секцыі ДЮСШ г.Пружаны. Атрымаўшы пэўны вопыт каманднай гульні, перайшоў у секцыю каратэ, якую вёў тады Генадзь Жукоўскі. І вось ужо некалькі гадоў займаюся пад кіраўніцтвам настаўніка Уладзіміра Пятровіча Савельева, які распрацаваў для мяне нават спецыяльную праграму падрыхтоўкі да алімпіяды. Толькі настаўнікі прывялі мяне да прызавога месца.
Аднак настаўнікі юнака лічаць інакш. Рэгулярныя трэніроўкі, упартасць у пераадоленні розных перашкод і неверагодная сіла волі — вось, па іх меркаванні, галоўныя складнікі поспеху юнака.
Ганна Каця Лаўфенбюржэ, 10 «А» клас гімназіі. Дыпламантка III ступені ў алімпіядзе па нямецкай мове:


— На мой погляд, каб дасягнуць поспеху на алімпіядзе, трэба займацца прадметам узмоцнена не год, і нават не два. Я як задала сабе яшчэ ў 5-м класе выразную ўстаноўку — вучыць дзве мовы, французскую і нямецкую, так яе і праследую. Прыкладаю ўсе намаганні, каб дасягнуць хаця б мінімальнага поспеху і быць падобнай на бацьку, які ведае французскую, нямецкую, англійскую і рускую мовы. Па пэўнай прычыне я не магу прымаць удзел у алімпіядзе па французскай мове, таму буду “змагацца” за нямецкую. Сёлета ў мяне трэці вынік — ёсць да чаго імкнуцца. Тым больш, што самы галоўны залог перамогі — проста мець жаданне вывучыць новую мову, а разам з ёй спазнаць новы свет і новую культуру — у мяне ўжо ёсць.
Ганна заклікае вучыць нямецкую мову, якая заслугоўвае вялікай увагі, як мова Гётэ і Шылера, як мова сучасных немцаў, якія будуюць са светам добразычлівыя адносіны.
Надзея Жалязоўская, вучаніца 9 «А» класа СШ № 5, дыпламантка III ступені ў алімпіядзе па абслугоўваючай працы:

— Няма ў мяне ніякіх сакрэтаў. Проста я з малых гадоў па прыкладзе мамы і старэйшай сястрычкі вельмі люблю рукадзельнічаць. І раблю гэта, не спяшаючыся, удумліва, старанна. Такая праца мяне супакойвае. У цэлым такі школьны прадмет, як абслугоўваючая праца, не выклікае ў мяне страху ў адрозненне ад той жа матэматыкі. Кропельку ўседлівасці, цярпення — і ўсё атрымаецца ў кожнага.
На алімпіядзе Надзеі неабходна было вырабіць арыгінальны сэт — спецыяльную сурвэтку-падстаўку пад гарачае, якая можа замяніць абрус пры сервіроўцы стала. І дзяўчына ўразіла журы сваім асаблівым поглядам на, здавалася б, простую рэч, пераўтварыўшы яе ў твор мастацтва. Надзя самастойна прыдумала складаную схему дэкаратыўных элементаў сэта і звязала іх кручком. “Разумніца, ініцыятыўная, ураўнаважаная і патрабавальная да сябе. У яе заўсёды ўсё атрымліваецца на 10 балаў” — так каментуе перамогу сваёй выхаванкі настаўніца працоўнага навучання Ірына Васільеўна Субота.

Ірына Касюк, вучаніца 11 «А» класа СШ № 5, узнагароджана дыпломам III ступені па рускай мове і літаратуры:


— Я — гуманітарый, які доўга не мог вызначыцца: руская ці англійская мовы. Але, дзякуючы настаўніцы Алене Уладзіміраўне Вайцяховіч, якая прывіла мне асаблівую любоў да рускай літаратуры, я зразумела, што сапраўдны філолаг зможа сумяшчаць усё: Чэхава і Шэкспіра, Дастаеўскага і Бронтэ. Так і атрымалася. Галоўны сакрэт майго поспеху — як мага больш чытаць разнастайнай літаратуры і як мага часцей паўтараць асноўныя правілы граматыкі розных моў. Толькі тады разумееш, што той жа рускі алфавіт, гукі і іх спалучэнні, з якіх усё пачынаецца, здольныя тварыць цуды. У рускай мове велізарная колькасць нормаў і правілаў і яшчэ больш розных выключэнняў, што робіць яго адным з самых складаных для вывучэння моў свету. Упэўнена: асвоіш рускую — асвоіш і любую іншую мову свету.
Што цікава, Ірына плануе стаць студэнткай эканамічнага факультэта вядучага дзяржаўнага ўніверсітэта і марыць у далейшым па праграме абмену студэнтамі павучыцца ў якой-небудзь англійскай вышэйшай навучальнай установе, паколькі дзяўчыне падабаецца англійскай культура з яе трывалымі традыцыямі, славутай літаратурай і багатай гісторыяй.


Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.