Традыцыйны веснавы суботнік сёлета прайшоў 25 красавіка ў некалькі іншым фармаце. Удзельнікам мерапрыемства па навядзенні парадку было рэкамендавана забяспечыць усіх работнікаў сродкамі супрацьвіруснай абароны, таксама — па жаданні, на добраахвотнай аснове можна было правесці суботнік на працоўных месцах.

Трэба сказаць, што, нягледзячы на перыядычнае правядзенне работ па добраўпарадкаванні, практычна ў кожным населеным пункце Пружаншчыны хапае месцаў, якія патрабуюць навядзення парадку. Хаця, каб прыбраць смецце і стварыць хараство вакол сябе, неабыякавыя грамадзяне прыступілі да працы, не чакаючы суботніка. Тым больш, што гэтаму спрыяла надвор‘е.

Але нярэдка віноўнікамі забруджвання становяцца і самі жыхары. Гэта асабліва бачна ў межах райцэнтра — на прыкладзе тэрыторый гаражных пабудоў, у месцах масавага збору людзей і на берагах вадаёмаў. Менавіта такім участкам і была нададзена асаблівая ўвага, там працавалі калектывы шэрагу арганізацый. Сіламі іх работнікаў быў наведзены парадак уздоўж канала Муха ў раёне вул.Ціхай, прыбрана смецце на выездзе з Пружан у напрамку в.Плябанцы па вул. Бярозавай, на берагах вадаёмаў па вуліцах К.Марача і Вінаградава.

Брыгады шчыравалі і на знішчэнні пустазелля па вуліцах Палескай, Лугавой, Кобрынскай, Лазо, Р.Шырмы і на тэрыторыі былога плодакансервавага камбіната. Варта дадаць і тое, што некаторыя арганізацыі, ведаючы абшырны фронт работ, прыступілі да выканання пастаўленай задачы загадзя і працавалі па некалькі дзён.

Таксама выконваліся работы па зносе трухлявых дамоў: работнікі КУВП «Камунальнік» сумесна з выратавальнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях разабралі дом і рэшткі гаспабудоў па вул.Гудзімава, а тэрыторыю рэкультывавалі. Такія работы былі праведзены і ў в.Доўгае, дзе будаўнікі ААТ «Рамбуд г.Пружаны», ПМК-21, 22, 29 і меліяратары Пружанскага ПМС знеслі пяць дамоў і правялі добраўпарадкаванне пустых участкаў. Да навядзення парадку ў сельскай мясцовасці актыўна далучыліся і дарожныя арганізацыі раёна: грэйдзіраванне і частковую падсыпку аўтадарогі паміж вул.Вінаградава і в.М.Якавічы ў пазапланавы тэрмін выканалі работнікі ДРБУ-140.

Заробленыя на суботніку грошы, а таксама добраахвотныя пералічэнні тых, хто правёў гэты дзень на працоўных месцах, будуць падзелены: адна палова накіравана на заканчэнне рэканструкцыі рэспубліканскіх аб’ектаў памяці Вялікай Айчыннай вайны, а другая — на падрыхтоўку летніх аздараўленчых лагераў.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.