Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным дзеячам розных сфер. Урачыстая цырымонія адбылася 2 ліпеня ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што мерапрыемства праводзіцца напярэдадні галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці. Ён падкрэсліў, што 3 ліпеня — святая і сімвалічная дата, тады вызвалілі Мінск і пачаўся адлік мірнага жыцця Беларусі.
«У агні Вялікай Айчыннай вайны рэспубліка страціла кожнага трэцяга (магчыма, і больш). Але мы не сталі на калені перад ворагам, мы змагаліся і перамаглі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што 80 гадоў таму ўцалелыя мірныя жыхары Мінска з трыумфам сустракалі савецкія танкі. Аперацыя «Баграціён» яшчэ не была завершана, і байцы Чырвонай Арміі адпраўляліся на захад, каб канчаткова знішчыць ворага на сваёй тэрыторыі, вызваліўшы краіну, і дайсці да Берліна. «Наперадзе іх чакалі доўгія месяцы вайны — амаль год. Але ўжо відавочна — перамога будзе за намі», — нагадаў Аляксандр Лукашэнка аб мінулым гістарычным перыядзе. Ён таксама згадаў парад беларускіх партызан у Мінску, заўважыўшы, што гэта азначэнне не зусім дакладнае, паколькі ў барацьбе з ворагам удзельнічалі і падпольшчыкі, і многія іншыя: «Беларусь — не толькі рэспубліка-партызанка і быў парад партызан. Гэта быў парад нашага руху супраціўлення».
Прэзідэнт адзначыў, што 80 гадоў таму пачалася велізарная работа па аднаўленні вызваленай беларускай сталіцы і ў далейшым — усёй краіны. «Я перакананы: у тыя ліпеньскія дні 1944-га ў самых светлых сваіх марах людзі ўжо бачылі Беларусь менавіта такой, якой мы бачым яе цяпер. Незалежнай, прыгожай, а галоўнае — мірнай».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі напярэдадні Дня Незалежнасці традыцыйна ўспамінаюць сваю гераічную гісторыю, кланяюцца памяці загінулых і ўшаноўваюць тых, хто і цяпер аддае свой талент і ўменні на славу Радзімы.
Сярод тых, каму Прэзідэнт уручыў узнагароды, нямала людзей у пагонах. Гэта прадстаўнікі Узброеных Сіл, органаў дзяржаўнай бяспекі, унутраных спраў, пагранічнай службы, якія са зброяй у руках абараняюць мір і спакой Беларусі. «Мы бачылі гэта ў 2020 годзе. Сілавікі, як сапраўдныя атланты, трымаюць на сваіх плячах чыстае неба нашай краіны. І абавязкова ўтрымаюць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Зрэшты, з поўнай самааддачай, фактычна па законах ваеннага часу цяпер павінны працаваць і прадстаўнікі грамадзянскіх прафесій, упэўнены кіраўнік дзяржавы. Такую работу, паводле яго слоў, гадамі дэманструюць тыя, хто прысутнічае на цырымоніі ўзнагароджання ў Палацы Незалежнасці. Сярод іх — аўтарытэтныя ўпраўленцы, якія прысвяцілі сябе няпростай дзяржаўнай службе, забеспячэнню канстытуцыйнай законнасці і народаўладдзя, а таксама кіраўнікі буйных прадпрыемстваў і цэлых галін эканомікі.
«Я рады, што тут прысутнічаюць работнікі сфер навукі і адукацыі — выкладчыкі, вучоныя, вынаходнікі, настаўнікі, якія выхавалі пераможцаў алімпіяд. Вы ўносіце вялікі ўклад у будучае краіны, інтэлектуальную і тэхналагічную будучыню», — сказаў Прэзідэнт.
Сярод узнагароджаных ёсць аграрыі, шахцёры, будаўнікі, транспартнікі. «І за кожным, хто прыехаў сюды, стаіць вялікі і дружны калектыў», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Самыя цёплыя словы кіраўнік дзяржавы адрасаваў тым, хто займаецца сацыяльнай і грамадскай работай, клапоціцца пра старых людзей, асабліва тых, якія перажылі Вялікую Айчынную вайну.
Звяртаючыся да ўсіх прысутных на цырымоніі, Прэзідэнт падкрэсліў: «Вы — дастойныя прадаўжальнікі справы тых, хто 80 гадоў таму адстаяў нашу свабоду і незалежнасць, а затым, пераадолеўшы разруху, выконваў планы пяцігодкі за чатыры гады. Пасля набыцця суверэнітэту мы разам пабудавалі сапраўды народную дзяржаву. І цяпер, як бы ні было цяжка, наша чарга пісаць новыя старонкі беларускай гісторыі — яркія, шчаслівыя і абавязкова мірныя. Час выбраў нас».
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства з надыходзячым Днём Незалежнасці, пажадаўшы, каб гэта свята і цяперашняя ўрачыстая цырымонія сталі для іх і для ўсіх жыхароў краіны новым імпульсам да прафесійных поспехаў.
На заканчэнне цырымоніі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў кожнага з узнагароджаных ёсць яшчэ дастаткова часу, каб здзейсніць чарговыя подзвігі, як працоўныя, так і ваенныя. «Але пажадана — у мірны час, — зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы. — Будзем рабіць усё для таго, каб у Беларусі быў мір і спакой».
«Вы многае рабілі для таго, каб пабудаваць нашу краіну. Мы разам з вамі прайшлі гэты вельмі цяжкі шлях, — дадаў Прэзідэнт. — Мы гэта зрабілі. Таму зробім і тое, што мы павінны зрабіць, — прывесці да ўлады, да кіраўніцтва ў краіне новых маладых людзей, якія прадоўжаць тыя справы, якія мы пачалі».
Кіраўнік дзяржавы ўручыў ордэн Айчыны ІІ ступені Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (2018-2022 гады) Уладзіміру Сямашку. Ордэнам Айчыны ІІІ ступені ўзнагароджаны кіраўнік спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрый Назараў, намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Косінец і міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.
Прымаючы ўзнагароду, Аляксандр Косінец падзякаваў кіраўніку дзяржавы за высокую ацэнку яго працы: «Амаль 30 гадоў я працую пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыгоравіча. За гэтыя гады — стварэнне, творчасць, развіццё, інавацыі… Беларускім народам пад кіраўніцтвам нашага Прэзідэнта пабудавана незалежная суверэнная дзяржава». Ён падкрэсліў, што ў Беларусі рэалізаваны шэраг важнейшых дзяржаўных праграм, якія далі магчымасць краіне выйсці на самыя высокія пазіцыі ў свеце. Напрыклад, па забеспячэнні харчовай бяспекі. Беларусь знаходзіцца ў ліку краін з самымі нізкімі паказчыкамі мацярынскай і дзіцячай смяротнасці. «За 30 гадоў краіна стала і ядзернай, і біяіндустрыяльнай, і магутнай касмічнай дзяржавай», — канстатаваў намеснік старшыні УНС.
Падзякаваўшы за высокую ўзнагароду, Уладзімір Каранкевіч адзначыў, што за гэтым стаіць велізарная праца калектываў і арганізацый, якія ўдзельнічалі ва ўзвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі. Паводле яго слоў, гэты маштабны высокатэхналагічны праект стаў магчымым выключна дзякуючы стратэгічнаму рашэнню кіраўніка дзяржавы. «Цяпер станцыя паспяхова працуе на эканоміку краіны і забяспечвае выкананне важнейшых задач па ўмацаванні энергетычнай бяспекі і тэхналагічным развіцці рэспублікі, павышэнні камфортнасці пражывання нашых грамадзян. Атамная станцыя вывела айчынную энергетыку і сумежныя галіны на якасна новы ўзровень. Мы з гонарам увайшлі ў клуб сусветных ядзерных дзяржаў, якія выкарыстоўваюць атам у мірных мэтах», — падкрэсліў міністр.
Прэзідэнт таксама ўручыў ордэн Працоўнай Славы памочніку генеральнага дырэктара па ўзаемадзеянні з дзяржаўным вытворчым аб’яднаннем электраэнергетыкі «Белэнерга», Міністэрствам энергетыкі і іншымі органамі дзяржаўнага кіравання РУП «Беларуская атамная электрастанцыя» Міхаілу Філімонаву.
Ордэнам «За службу Радзіме» ІІІ ступені ўзнагароджаны начальнік 86-й пагранічнай групы пагранічнай службы Максім Бутранец. Старшыня савета Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Глаз, першы намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Клепча, дырэктар ЗАТ «Пінскдрэў-Бабруйск» Уладзімір Маркушэўскі і старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў удастоены ордэна Пашаны.
Вялікая група прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці ўдастоена ганаровых званняў. Сярод іх — галоўны навуковы супрацоўнік галіновай навукова-даследчай лабараторыі «АграВет» Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Аляксандр Аутка, загадчыца лабараторыі клінічнай патафізіялогіі нервовай сістэмы РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Наталля Нечыпурэнка і першы намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык, удастоенныя ганаровага звання «Заслужаны дзеяч навукі». Намеснік дырэктара па навуцы і інавацыйнай дзейнасці ЗАТ «Галаграфічная індустрыя» Пётр Майсеенка ўдастоены звання заслужанага вынаходніка, настаўнік інфарматыкі гімназіі Мядзела Вячаслаў Саўчык — заслужанага настаўніка, намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка — заслужанага работніка сацыяльнай абароны, генеральны дырэктар ААТ «Смалявічы-Бройлер» Сяргей Рамчанка — заслужанага работніка сельскай гаспадаркі, намеснік дырэктара па вытворчасці прадпрыемства «Белпрампраект» Анатоль Перагуд — заслужанага будаўніка, суддзя Канстытуцыйнага Суда Леанід Рабцаў — заслужанага юрыста.