Вось і лета прайшло, быццам і не бывала. З навінамі знаёмілі вас, а іх было, ой, як нямала! Дык што самым папулярным у жніўні ў электронных рэсурсах стала?
Перафразаваўшы радкі вядомай песні, з задавальненнем расказваем. І пачнём на гэты раз з сацсетак. Цікавасць да іх у апошнім летнім месяцы была сапраўды адчувальнай. Тлумачыцца гэта вялікай колькасцю мерапрыемстваў, рэпартажы з якіх можна было прачытаць па спасылках, і, адпаведна, фотаздымкаў, знайсці якія можна ў альбомах «УКантакце» і на «Аднакласніках».
У апошняй сацсетцы 300 «класаў» сабраў пост з вялікім відэарэпартажам са свята «Ружанская брама». Цікава, што ў «Аднакласніках» відэа набрала больш за 10 тысяч праглядаў. Больш за тысячу — на нашым YouTube-канале. Такім чынам, ролік, можна з упэўненасцю сказаць, заляцеў у ТОП. «Ружанская брама», дакладней, фотаздымкі са свята, сабрала найбольшую колькасць «лайкаў» і ў нашым Instagram @budni.by. Адзін з пастоў з мерапрыемства ацанілі больш за 460 разоў!
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2022/08/20220825_IMG_5618_0123.jpg)
Для падпісчыкаў старонкі на Facebook самай цікавай тэмай стала справаздачна-выбарчая канферэнцыя «Беларускага фонду міру» і абранне новым старшынёй раённай арганізацыі Руслана Супрыновіча.
Самым папулярным пастом «УКантакце» аказалася відэа — рэпост сюжэта Агенцтва тэленавін пра вадзіцеля з ААТ «Жураўлінае», Саня-1. Менавіта з ім цёпла пагутарыў Прэзідэнт падчас свайго візіту ў гаспадарку.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2022/08/000019_1660897340_519487_big.jpg)
Нядзіўна, што тэма прыезду Кіраўніка дзяржавы на Пружаншчыну займала ўпэўненае лідарства па праглядах і на нашым сайце. На другім месцы — рэпартаж са свята г.п. Шарашэва з вялікай колькасцю фота. На трэці радок чытачы сайта паставілі рэпартаж з «Ружанскай брамы». Чацвёртае месца зноў займае падзейны матэрыял — пра Дзень вёскі Малыя Якавічы. Замыкае ТОП-5 заметка пра маладых спецыялістаў-педагогаў, якія сёлета прыйшлі на адпрацоўку ва ўстановы адукацыі Пружанскага раёна.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2022/08/20220823_IMG_5243_0439.jpg)
Цяпер пра каналы ў месенджарах. Самай папулярнай у Telegram-канале https://t.me/budniby стала крымінальная навіна (у ветэрынарнага спецыяліста з Пружанскага раёна знайшлі больш за 500 л гаруча-змазачных матэрыялаў). Гэты пост сабраў амаль 5 тыс. праглядаў, у тым ліку дзякуючы рэпосту, які зрабіў афіцыйны канал Дэпартамента аховы Беларусі. На другім месцы па праглядах — паведамленні пра паездку Аляксандра Лукашэнкі ў «Жураўлінае», якія мы публікавалі ў рэжыме рэальнага часу. Трэцяе месца займаюць пасты пра запрашэнне фіналістаў праекта «Х-фактар» на канцэрт у рамках «Ружанскай брамы» і, уласна, паведамленні з самога свята.
![](http://www.budni.by/wp-content/uploads/2022/08/20220728_IMG_2290_0014.jpg)
Аператыўна з’явіліся інфармацыйныя паведамленні і ў Viber-канале, у якім, дарэчы, ужо больш за тысячу падпісчыкаў! Дзякуем кожнаму, хто застаецца з намі! Па-ранейшаму папулярнымі ў Viber застаюцца ранішнія прывітальныя пасты. Другое месца па выніках жніўня займае аповед пра электраманцёра станцыі Аранчыцы Міхаіла Быцкевіча. На трэцім — вынікі ўдзелу пружанскай каманды ў маладзёжным форуме «Прыбужжа».
Заставайцеся і надалей з «раёнкай» і нашымі электроннымі рэсурсамі!
Падрыхтаваў Уладзіслаў Шпарла