Прайшло мерапрыемства ў Палацы Рэспублікі.
У ліку запрошаных былі парламентарыі і дэлегацыі ад абласцей і горада Мінска, вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі дзяржаўных органаў, сродкаў масавай інфармацыі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса і міжнародных арганізацый, кіраўнікі рэлігійных канфесій, прадстаўнікі рэальнага сектара эканомікі, моладзь, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Усяго ў мерапрыемстве прыняло ўдзел больш за 2 500 чалавек. Дэлегацыя ад нашага раёна таксама прысутнічала на мерапрыемстве ў сталіцы.

Пачуць, зразумець
«Паважаныя сябры, я абсалютна разумею, так ужо склалася, можа, па волі Госпада, можа, мы з вамі вялі такую палітыку, што за гэтай залай сёння назіраюць мільёны, мільёны вачэй. У гэтай зале сёння сканцэнтраваны вялікія розумы нашага чалавецтва, выбачайце за нясціпласць, не ўтаю — і за межамі нашай краіны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ўважліва сачыў за пажаданнямі грамадзян у сродках масавай інфармацыі. «Я бачыў, хто і што хацеў бы сёння пачуць. Я вас разумею, але вы зразумейце мяне. Сёння я абмежаваны пэўнымі рамкамі. Па-першае, гэта штогадовае Пасланне Прэзідэнта. Па-другое, гэта канцэнтраваны погляд на сітуацыю ў краіне і за яе межамі і задачы на будучыню. І трэцяе, мы прадугледзелі адказы на пытанні. Гэта такі дэмакратычны крок. Ён даўно быў зроблены намі — Парламентам і Прэзідэнтам. І калі я не закрану якое-небудзь пытанне, нейкую праблему, якая стаіць перад дзяржавай і нашым народам, — вы маеце магчымасць удакладніць нешта або задаць дадатковае пытанне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Тэма мерапрыемства — умовы захавання суверэнітэту і незалежнасці. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў навейшай гісторыі Беларусі гэта пытанне яшчэ ніколі не стаяла так востра.
«Ніколі ў гісторыі мы не падыходзілі да такой небяспечнай рысы, калі трэба надаць асаблівую ўвагу захаванню суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. Я маю на ўвазе нашу навейшую гісторыю. Таму я паспрабую агучыць галоўныя ўмовы з майго пункту гледжання. А праз іх ўжо я паспрабую вызначыць нашы бягучыя задачы, перш за ўсё на гэты год. Але, зразумела, праз бягучыя праблемы мы паспрабуем зазірнуць за гарызонт, паглядзець і падумаць: а якім шляхам ісці? А якія спробы мы ажыццявілі? І што будзем рабіць заўтра і паслязаўтра. Вядома, пачнём з агульнага — без чаго немагчыма вызначыць ні бягучыя, ні перспектыўныя задачы», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Трыльёны долараў трацяцца на што?
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў імкненні да мірнага стварэння насуперак выклікам, якія ставіць час, мы, беларусы, не адзінокія.
Народы не разумеюць, як можа быць сумяшчальная ідэалогія глабальнага міжнароднага праекта ўстойлівага развіцця з такімі «дасягненнямі» сучаснасці, як небывалы голад, эпідэміі, маральная дэградацыя, разгул анамальных каштоўнасцей, адзначыў Прэзідэнт. «Такога ў сусветнай гісторыі яшчэ не было! — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. — Падобнае развіццё цяжка назваць цывілізацыйным. Як і тое, што свет траціць трыльёны долараў на забойствы людзей і спусташэнне дзяржаў, а не на стварэнне».
«Усе разумеюць, што філасофія светаўладкавання будзе мяняцца. Свет будзе абсалютна іншым. У гэтым уся сутнасць гістарычнага моманту».

«Пакуль народ адцягваецца на барацьбу з самім сабой, адракаючыся ад мінулага, традыцый, захапляючыся нацыянальным пытаннем і рознага роду лібералістычнымі праектамі, землі, рэсурсы, нацыянальныя каштоўнасці пераходзяць ва ўласнасць замежных карпарацый і фінансавых інстытутаў. А для кіравання імі на месцах падбіраюцца людзі кшталту нашых збеглых. Тэрыторыя краіны ператвараецца ў поле для эксперыментаў: ваенных, біялагічных, палітычных, ідэалагічных», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Вынік: новае «дасведчанае» грамадства аказваецца на мяжы галечы, а краіны — на мяжы разрабавання. «Іншымі словамі, бяда прыходзіць туды, дзе ёй людзі самі адчыняюць дзверы. Самы паказальны і вельмі драматычны прыклад зусім побач — каля нашай паў-днёвай граніцы, дзе бойня не спыніцца, пакуль заакіянскі гаспадар не дасць адмашку», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Абвясціць перамір‘е
У Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт заявіў і пра тое, што на гарызонце замаячыла трэцяя сусветная з ядзерным пажарам. «Пытанне адно: што рабіць? Шлях адзін — перамовы. Перамовы без папярэдніх умоў! Паспрабую рызыкнуць прапанаваць спыніць баявыя дзеянні. Абвясціць перамір’е без права перамяшчэння, перагрупоўкі войскаў з абодвух бакоў, без права перакідвання зброі і боепрыпасаў, жывой сілы і тэхнікі! Усё, мёртва, замерлі!» — заклікаў беларускі лідар.
Па яго словах, калі Захад чарговы раз паспрабуе выкарыстаць паўзу ў баявых дзеяннях для ўзмацнення сваіх пазіцый падманам, то Расія абавязана задзейнічаць усю моц свайго ваенна-прамысловага комплексу і арміі для прадухілення эскалацыі канфлікту.
«У наяўных абставінах і ваенна-палітычнай абстаноўцы вакол нашай краіны мной былі настойліва актывізаваны перагаворы з Прэзідэнтам Расіі па вяртанні ў Беларусь ядзернай зброі, якая была выведзена, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Вынік вядомы. Я не спрабую каго-небудзь запалохваць, шантажыраваць! Я хачу засцерагчы беларускую дзяржаву і забяспечыць мір беларускаму народу. Мой народ гэтага заслужыў! Пад бізуном жыць больш не жадаем і рабамі не будзем!»
Дэманстраваць народнае адзінства
Гаворачы аб галоўных умовах, якія забяспечваюць рэальны суверэнітэт дзяржавы, і аб тым, што яшчэ трэба зрабіць усім разам, каб у нашы дзверы не ўваходзілі, а калі і ўваходзілі — то толькі са светам і толькі сябры, Прэзідэнт падкрэсліў: адна з важнейшых умоў суверэнітэту і незалежнасці — народнае адзінства. «Мы, беларусы, заўсёды дэманстравалі яго ў пераломныя моманты гісторыі. Менавіта адзінства давала нам сілы для перамогі над ворагамі і абставінамі», — заявіў ён.

«Большасцю мы выстаялі ў 2020-м. Гэта відавочна нават для тых, хто кіраваў тым варварскім бліцкрыгам. Час ім ужо публічна прызнаць сваё паражэнне», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, падчас сустрэч з так званымі заходнікамі, ён прапаноўваў ім прызнаць пройгрыш і пачаць выбудоўваць паміж краінамі такія адносіны, якія магчымы ў цяперашніх умовах.
Беларускі лідар перакананы, што 2020 год быў важным момантам у айчыннай гісторыі: «Дзякуй Богу, што ён быў і што ён гэтым скончыўся». Пасля гэтага, заўважыў Прэзідэнт, ён увесь час арыентуе грамадства не расслабляцца, інакш усё можа паўтарыцца. «Ці ўсе мяне пачулі? Шчыра скажу: далёка не ўсё. А давядзецца», — падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Па матэрыялах БЕЛТА
Працяг тэмы — у наступным выпуску «Раённых будняў».