Вторник, 18 марта 2025

Прэзідэнцкі падарунак

216

Напярэдадні Новага года хлопчыкі і дзяўчынкі з нецярпеннем чакаюць падарункаў, сюрпрызаў і, канечне, навагодніх ранішнікаў. Іх чарада прайшла па ўсёй краіне, ну а самым значным, безумоўна, стала дабрачыннае свята пад назвай «Галоўная ёлка краіны» з удзелам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Атрымаць запрашэнне на такое мерапрыемства — вялікі гонар і адказнасць. Галоўная ёлка краіны на гэты раз сабрала ў Палацы Рэспублікі больш за дзве тысячы таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак — гэта выдатнікі вучобы, пераможцы розных конкурсаў і алімпіяд, дзеці-сіроты і са шматдзетных сем’яў, дзеткі-інваліды і інш.

І вельмі прыемна, што напрыканцы года мінулага пабывалі на навагоднім мерапрыемстве з удзелам Прэзідэнта адразу трое юных жыхароў Пружанскага раёна. Такое запрашэнне атрымалі Анастасія Папко з СШ № 4, вучаніца гімназіі Паліна Дзеева і Мікіта Селівонец з СШ № 5. Кожны з гэтых школьнікаў, без перабольшвання, заслужыў паездку.

Напрыклад, сямікласнік Мікіта — член БРПА і актыўны ўдзельнік і пераможца прадметных алімпіяд. Так, у мінулым навучальным годзе хлопец выдатна выступіў на раённым этапе алімпіяды па рускай мове і літаратуры, дзе заваяваў дыплом І ступені. Яшчэ адна перамога — у алімпіядзе па англійскай мове. Тут у Мікіты Селівонца дыплом ІІ ступені па раёне. Да гэтага варта дадаць яшчэ дыпломы алімпіяд школьнага ўзроўню, бо, як вядома, каб паказаць веды сярод вучняў іншых школ Пружаншчыны, спачатку трэба перамагчы сярод вучняў сваёй. У вольны час хлопец аддае перавагу не камп’ютару ці тэлефону, а веласпорту.

У планах Мікіты на гэты навучальны год — таксама ўдзел у алімпіядах, а яны не за гарамі — ужо вясной.

Падтрымліваюць сына ў імкненні да ведаў бацькі. Тата Дзмітрый Анатольевіч працуе ў РАНС, мама Алёна Пятроўна — лабарант у гімназіі. Дарэчы, сям’я Селівонцаў — шматдзетная. Бацькі выхоўваюць яшчэ васьмігадовага Максіма і пяцігадовую Сафію.

Удзел у галоўнай ёлцы краіны, дзе можна было зарадзіцца масай станоўчых эмоцый, гэта выдатны падарунак з нагоды зімовых канікул і навагодніх свят, разважае Мікіта Селівонец.

— Вельмі рады, што мне выпала магчымасць стаць удзельнікам Прэзідэнцкай ёлкі, тым больш у Мінску пабываў упершыню. Праграма паездкі была вельмі насычанай. У першы дзень мы сталі гледачамі навагодняга прадстаўлення ў Белдзяржцырку. Але ж галоўная падзея чакала ў другі дзень — гэта само свята ў Палацы Рэспублікі. Самае яскравае ўражанне, вядома, пакінула тое, што мне выпала магчымасць убачыць нашага Прэзідэнта не на тэлеэкране, а непасрэдна сярод удзельнікаў мерапрыемства. У канцы прадстаўлення кожнаму з нас уручылі падарункі ад Кіраўніка дзяржавы, — падзяліўся эмоцыямі ад паездкі ў сталіцу хлопец. Пра ўражанні астатніх удзельнікаў «Галоўнай ёлкі краіны» чытачы змогуць даведацца ў адным з наступных нумароў.

Яшчэ адна традыцыя цяперашняга часу — правядзенне Рэспубліканскага навагодняга балю для моладзі ў Палацы Незалежнасці. Упершыню сімвал беларускай дзяржаўнасці прымаў гэтае прыгожае мерапрыемства ў 2018-м.

У шостым па ліку навагоднім балі, які стаў падарожжам па старонках гісторыі музычнай і танцавальнай культуры Беларусі, прынялі ўдзел больш як 330 юнакоў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Беларусі. Гэта адораныя навучэнцы вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, выхаванцы кадэцкіх і Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішчаў, якія праявілі сябе ў вучобе, навуковых і творчых конкурсах, маладзёжных праектах, грамадскім і спартыўным жыцці.

Сярод удзельніц балю таксама былі ўраджэнкі Пружаншчыны. Адна з іх — Аліна Субота, выпускніца СШ № 5 г. Пружаны. Цяпер дзяўчына — студэнтка 5 курса факультэта англійскай мовы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Таксама выпаў гонар прыняць удзел у мерапрыемстве Лізавеце Галубоўскай, якая вучыцца на 4 курсе сацыяльна-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.

Такія мерапрыемствы, без перабольшвання, запамінаюцца на ўсё жыццё. Таму спадзяёмся, што пружанская моладзь і надалей будзе старанна вучыцца і плённа працаваць, каб прыносіць карысць сваёй малой радзіме і краіне ў цэлым, і, хто ведае, магчыма ў будучым таксама паўдзельнічаць у мерапрыемствах такога высокага ўзроўню.

Уладзіслаў Шпарла