Среда, 15 января 2025

Прэзентацыі альбома «Слабудка — гістарычная спадчына»

231

Цяперашняя восень — знамянальная дата ў жыцці вёскі Слабудка Пружанскага раёна. 130 гадоў назад была такая ж восень: раніцай імжыў халодны лістападаўскі дождж, днём скрозь кроны дрэў прабіваліся нясмелыя прамяні сонца, увечары паскубваў першы мароз. А на зямлі кіпела праца, будаваліся першыя казармы будучага пасялення. Паводле гістарычных дакументаў, у далёкім 1894 годзе «на пустэчах, загадзя выкупленых дзяржавай у памешчыка Трамбіцкага з маёнтка Лінова, у 6 вёрстах ад Пружан» размясцілася 38-я артылерыйская брыгада. Прайшла не адна восень, перш чым вёска стала звацца Слабудкай. На працягу стагоддзя назвы населенага пункта змяняліся: Артылерыйскія казармы, Міхайлаўскі штаб, Кашары і ўжо пасля — Слабудка.

Пра гэта і многае іншае звесткі скрупулёзна збіралі аматары гісторыі Уладзімір Дадзіёмаў і Сяргей Рабчук. Твор гэтых энтузіястаў — праца не аднаго дзесяцігоддзя. Прэзентацыя іх сумеснага альбома «Слабудка — гістарычная спадчына» адбылася нядаўна для мясцовых жыхароў і была прымеркавана да 130-годдзя заснавання гэтага населенага пункта. У нататках прадстаўлены рэдкія фатаграфіі, вытрымкі з архіўных дакументаў, унікальная інфармацыя пра жыццё ваеннага пасялення, а цяпер вёскі, яе жыхарах, уладкаванні, побыце і звычаях, гістарычных асобах, лёс якіх перасякаўся з жыццём ваеннага мястэчка.

Альбом змяшчае ў сабе шматлікія цікавыя факты і дае адказы на некаторыя гістарычныя пытанні. Напрыклад, «Слабодка» ці «Слобудка», пра вузкакалейку, якая злучала Пружаны і Аранчыцы. І нават пра ўласную металічную манету, якая хадзіла ў Пружанскім гарнізоне (адна з мінулых назваў Слабудкі) у 1920-30-х гадах.

Змяняліся вайсковыя падраздзяленні, якія базіраваліся ў ваенным мястэчку, абнаўлялася інфраструктура, ствараліся ўмовы для цывільных жыхароў…

Войны пакінулі ў Слабудцы і наваколлі свой крывавы след. Памятныя знакі і пахаванні зберагаюць памяць пра загінулых ахвяраў жорсткіх гістарычных падзей.

На сённяшні дзень у Слабудцы захаваліся некалькі будынкаў векавой даўнасці — былыя дамы для афіцэраў. Цікавасць выклікае той факт, што будынак, у якім цяпер знаходзіцца дзіцячы сад (на здымку ўнізе), гэта «ўзор каменна-драўлянага дойлідства канца XIX стагоддзя ў стылі пецярбургскай эклектыкі». Захавалася і водная калонка мінулага стагоддзя.

Слабудскай сельскай бібліятэцы аўтары вялікага гістарычнага твору зрабілі падарунак: перадалі ўстанове створаны імі альбом «Слабудка — гістарычная спадчына». Нельга сказаць, што ў гэтых нататках пастаўлена канчатковая кропка. Яшчэ шмат невядомага захоўвае гэта ўнікальнае месца. Калі-небудзь гісторыя прыадчыніць заслону таямніц і іншыя энтузіясты дапоўняць альбом Слабудкі новымі фактамі.

Ларыса Дняпроўская, в. Слабудка. Фота Кацярыны Масік