Вторник, 14 января 2025

Прэм’ера рубрыкі «Вёсачка родная мая»! Непамацынаўка. Ад пана Воўка да калгаса «Іскра»

742

У кожнага чалавека ёсць свая непаўторная мясціна. Да яе заўсёды адчуваеш нейкую шчымлівую любоў і ў той жа час тугу, калі доўгі час не ўдаецца пабываць там. У гэтым месцы чэрпаеш энергію ад усяго, што цябе акружае. Для многіх з нас – гэта тыя вёсачкі, якія раскінуліся па ўсім Пружанскім раёне. Шкада, што, праязджаючы праз некаторыя з іх, бачыш шмат апусцелых хат, дзе раней была чутна гамонка дарослых і шчабятанне дзяцей, з «нежывымі» вокнамі, з якіх некалі лілося мяккае святло. А колькі радасці было за сценамі кожнага доміка!

Час няўмольна бяжыць. А вельмі ж хочацца, каб памяць пра нашы вёсачкі не сплывала ў нябыт, жыла сярод людзей, бо гэта ж таксама часцінка гісторыі нашай краіны. Таму ў новай рубрыцы давайце разам з вамі, шаноўныя чытачы, пройдземся па вуліцах населеных пунктаў Пружаншчыны. Іх жыхары няхай раскажуць, якой была іх вёска раней, чым жыла, чаму радавалася і за што перажывала…

Пачнём з вёскі Непамацынаўка Сухопальскага сельсавета.

Марыя Аляксееўна Казлоўская.

Населены пункт на цяперашні час налічвае каля 20 чалавек, у некаторых ужо і суседзяў няма, жывуць сапраўды, як на хутары. Часам перакінуцца словам няма з кім. Сумна. Але як ёсць. Такое жыццё, і яно працягваецца. Таму і хочацца не пакінуць па-за ўвагай жыхароў нават вельмі маленькіх вёсачак. А першай, з кім мы сустрэліся ў Непамацынаўцы, была Марыя Аляксееўна Казлоўская, якая нарадзілася 17 студзеня 1940 года, а таму можа расказаць пра тое, аб чым да гэтага часу не ўсім было вядома. Размова спачатку пайшла не ў рэчышчы гісторыі. Мы пагаварылі пра здароўе Марыі Аляксееўны. Жанчына хоць і мае паважаны ўзрост, але прызнаецца, калі б не хворыя ногі, і цяпер змагла б «польку станцаваць». Ды і памяць у яе адметная. Але аб усім па парадку.

Пра назву вёскі наша газета пісала 25 жніўня 2018 года. Ларыса Жаўнярчук суаднесла яе са святым Янам Непамуцкім, які ў свой час жыў у Чэхіі.

Што да выгляду старажытнага населенага пункта, то спачатку гэта былі проста хутары з маёнткам пана Адольфа Воўка, а ўжо пазней, пры яго сыне Вітольдзе, ён атрымаў паўнацэнны статус вёскі і паўнавартаснае развіццё. Дарэчы, ёсць у гэтай мясцовасці Бальцава гара, дзе доўгі час быў кар’ер, там бралі пясок. Назва яе пайшла ад былога ўласніка хутара Бальцава. І такіх хутароў было даволі многа. Паступова большасць іх насельнікаў перабралася ў вёску. Але нават да сённяшняга часу засталіся сляды ад тых былых паселішчаў у выглядзе яблынь, груш, арэшнікаў сярод лесу і няўдобіц. І сустракаючы такія мясціны, заўсёды задаешся пытаннямі, што за людзі жылі там, якія клопаты мелі, чаго ў іх жыцці было больш — радасці або смутку?

Наша суразмоўца ўспамінае, што прыблізна за плотам яе дома некалі стаяў касцёл. Але, са слоў Марыі Аляксееўны, ён быў не зруйнаваны, а разабраны і вывезены ў Бакуны ці Вялікае Сяло прыблізна ў 1965 годзе. У пана Вітольда Воўка была свая канюшня, свой кароўнік, дый наогул ён лічыўся дбайным гаспадаром і крыўдзіць сваіх людзей не дазваляў. Што цікава, дагэтуль у вёсачцы засталіся «рэчавыя» ўспаміны пра памешчыка. Невялічкая хатка, якую склалі з таго, што засталося ад яго былога маёнтка, і склеп, дзе захоўваліся харчовыя прыпасы. А вось у былым куратніку (гэтага будынка ўжо няма) нават жылі некаторы час людзі, Мацвей і Антаніна Шчэрбы з чатырма дзецьмі, калі вярнуліся з Беластока, куды былі вывезены немцамі. Пазней яны пабудавалі сваё жыллё.

Дарэчы, гэта дзядуля і бабуля нашай другой суразмоўцы —Людмілы Дзмітрыеўны Модзель. Яна са слоў сваёй цёткі Ніны Мацвееўны Шчэрба расказвае, што паблізу знаходзілася прыгожая сажалка, у якой білі крынічкі, таму вада была вельмі чыстай. Пан кожны год наймаў работнікаў, каб тыя займаліся ачысткай вадаёма. З яго бралі ваду для гаспадарчых патрэб. Штосьці падобнае на сажалку засталося і цяпер, але пра крынічкі размова ўжо не ідзе.

Была і алея з ліп, якая злучала дзве сядзібы – Воўка і пана Касацкага (гэта недзе два кіламетры). Маёнтак апошняга, кажуць, вылучаўся асаблівай прыгажосцю. Дарэчы, сажалку ў той мясцовасці і цяпер называюць Касацкай.

Пан Вітольд Воўк меў і свой бровар — на месцы цяперашняга агарода Людмілы Дзмітрыеўны. Па тым часе гэта была звыклая справа. Жанчына расказвае, што кожную вясну, перакопваючы зямлю, знаходзіць вялікую колькасць бітага шкла. А яе бацькі ў свой час адкапалі нават скрынку з бутэлькамі, закаркаванымі сургучом. Аднак не пакаштавалі (калі казаць пра сябе, то я не ўстрымаўся б і лізнуў хоць крышку гістарычнага напою). А насупраць іх дома раней расло вялізнае дрэва, на пні якога пасля таго, як спілавалі, маглі тры пары танцаваць вальс. На жаль, назву яго мы не вызначылі.

Што яшчэ можна ўзгадаць пра пана Вітольда Воўка? Як расказвае Людміла Дзмітрыеўна, ён ні разу не быў жанаты, але дзяцей меў даволі шмат. Справа ў тым, што памешчык, калі зацяжарвала ад яго адна са служанак, знаходзіў ёй мужа і даваў добры пасаг. Памёр Вітольд у 1946 годзе.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ўся вёска была вывезена ў Сухопаль. Людзі перабіраліся разам з хатамі і толькі ў 1946 годзе пачалі вяртацца на былыя свае сядзібы. Нават цяпер на некаторых дамах можна бачыць насечкі, якія пацвярджаюць словы Марыі Аляксееўны пра тое, што яны перавозіліся з месца на месца.

Што тычыцца жыцця ў савецкі перыяд, то ў 1949 годзе быў створаны калгас (што адметна, на той час у кожным населеным пункце ён быў свой). Потым аб’ядналіся з Сухопалем і Хвалавам, калгас стаў насіць імя Варашылава. Праз некаторы час адбылося яшчэ адно ўзбуйненне, і калгас атрымаў назву «Іскра».

Шмат гадоў адпрацавала ў калгасе і Марыя Аляксееўна. Па тым часе, зразумела, гэтая праца была вельмі цяжкай. Ды і заробкамі пахваліцца не маглі. А за тое, што некага лавілі з калгасным дабром, няшчадна каралі. Не спынялі работу нават падчас свят. Усяго хапала, але кожны спадзяваўся, што дзень заўтрашні будзе лепшым.

Соф‘я Дзмітрыеўна Глушко.

Соф’я Дзмітрыеўна Глушко, старэйшая жыхарка в. Непамацынаўка, якая нарадзілася 17 снежня 1929 года, успамінае, што ўтварэнне калгаса спачатку праходзіла не зусім гладка, мала хто адразу выказваў жаданне ў яго ўступаць. Але прайшоў нейкі час, і людзі зразумелі, што агулам працаваць лягчэй, а яшчэ за гэта і грошы плацяць (спачатку, праўда, з гэтым была праблема, працаваць даводзілася за «галачкі»). Соф’я Дзмітрыеўна ў свой час шчыравала загадчыцай сепаратарнага аддзялення на маслазаводзе ў Сухопалі, прымала ад насельніцтва масла. Затым ажно ў Брэст вазілі яго здаваць. Праблема была ў тым, што аўтамабіль быў у вельмі дрэнным стане, таму калі выязджалі раніцай, то дабіраліся да месца прызначэння вечарам.

Вяселле Ганны Андрэеўны і Васіля Рыгоравіча Казмерчукоў.

Шчыра працавалі ды гэтак жа прыгожа адпачывалі. Так можна сказаць пра тагачасныя вяселлі. Яны праводзіліся зусім па іншым сцэнарыі, чым цяпер. Сталы былі не такія багатыя, але ад таго не станавілася менш шчырых пажаданняў маладым. Як сцвярджае Марыя Аляксееўна, з прысмакаў на стале магла стаяць вялікая міска з вараным мясам. А там… хто паспеў узяць кавалак – той малайчына. Вяселлі раней праводзіліся ў нядзелю і заканчваліся ў панядзелак. Асноўным музычным інструментам быў гармонік. У суботу ж пяклі каравай. Калі казаць пра падарункі маладым, то звычайна гэта былі адрэзы тканіны. Сват вешаў на палку чарговы падарунак і тлумачыў, на што яго можна выкарыстаць у будучым.

У свой час у вёсцы было многа моладзі, быў гарманіст, дзякуючы якому ў Непамацынаўку цягнуліся хлопцы і дзяўчаты з бліжэйшых вёсак.

А наогул, калі жадаеце адпачыць, напрыклад, ад гарадской мітусні ў поўнай меры, запрашаем у Непамацынаўку. Тут вас будуць чакаць цішыня, спакой і непаўторнае свежае паветра. Гэты куточак падыдзе для тых, хто шукае супакаення для душы і хоча прывесці свае думкі ў парадак. А вясной або ўлетку вас будзе чакаць вялікае мноства кветак, цудоўныя песні шматлікіх птушак і адчуванне, што вы трапілі ў такую мясціну, адкуль і з’язджаць не хочацца. Запрашаем!

Калі вам ёсць што расказаць пра свой населены пункт, калі ласка, тэлефануйце нам па нумарах 8-029-207-41-09 або 4-03-02. Будзем рады сустрэцца і пагутарыць з вамі.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік