Школьнымі лінейкамі як у нашым раёне, так і паўсюдна па краіне быў адзначаны Дзень ведаў 1 верасня. Для вучняў і педагогаў Ліноўскай СШ, якая ў гэтым навучальным годзе сустрэла 245 вучняў, урачыстасці былі адметны і прыездам высокіх гасцей. Удзел у святочнай лінейцы школы з нагоды першага званка прынялі Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь А.У.Кабякоў, старшыні абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў А.В.Ліс і М.М.Крэйдзіч.
Віншуючы прысутных з Днём ведаў, Андрэй Уладзіміравіч Кабякоў назваў першае верасня знакавай падзеяй у жыцці кожнага чалавека. Ён нагадаў, што дзяржава асабліва клапоціцца аб адукацыі сваіх грамадзян: рамантуе і будуе школы, выдае новыя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі. Пацверджаннем гэтаму – адкрыццё новай прыбудовы да Ліноўскай СШ, дзе размясціліся пачатковыя класы і харчблок, на што было выдаткавана паўтара мільёна рублёў.
—Такая ўвага нашай дзяржавы да адукацыі людзей, — сказаў Прэм’ер-міністр, — заўважана ва ўсім свеце. У сусветным рэйтынгу сферы адукацыі Беларусь уваходзіць у трыццатку лепшых краін свету. Звыш пяцідзесяці беларускіх школьнікаў сталі пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд толькі за апошні час. І мы павінны даць роўныя магчымасці на атрыманне адукацыі кожнаму вучню, каб развіць яго індывідуальныя здольнасці, — зазначыў А.У.Кабякоў.
Высокія госці на чале з Прэм’ер-міністрам уручылі кнігі “Беларусь – наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі” першакласнікам.
Са словамі падзякі педагогам і ўпэўненасцю ў тым, што школа будзе даваць вучням яшчэ больш якасныя веды, А.У.Кабякоў падарыў Ліноўскай СШ два тэлевізары.
З пачаткам навучальнага года ад душы віншавала вучняў і педагогаў дырэктар школы А.Л.Макарэвіч, а таксама В.Г.Парэмскі, сын якога пайшоў у першы клас. Здаецца, яшчэ святлейшым і прыгажэйшым зрабіла гэты цёплы дзянёк выступленне саміх першакласнікаў, якія, дарэчы, раўняючыся на дарослых, таксама гаварылі па-беларуску.
Першы званок, які далі на лінейцы, сведчыў: настала пара плённай вучобы. І для гэтага ў школе створаны ўсе ўмовы. Як змянілася і папрыгажэла гэтая навучальная ўстанова, змаглі пераканацца і госці.
На чале з Прэм’ер-міністрам яны агледзелі блок пачатковых класаў, пабывалі на першым уроку, пераканаліся як у школе вя-дзецца навукова-даследчая работа па адра-джэнні народных традыцый, у прыватнасці, бондарства. Асаблівую ўвагу прыцягнуў толькі што адкрыты харчблок, дзе дзяцей ужо чакалі смачныя стравы. Адметна, што часткова патрэбы ў агародніне задавальняе прышкольны ўчастак, на якім шчыруюць і самі вучні.
Усе гэтыя паўсядзённыя моманты школьнага жыцця надзвычай цікавілі Прэм’ер-міністра, адказы на многія з якіх ён атрымліваў падчас непасрэднай гутаркі са школьнікамі і педагогамі.
Засяродзіўшы ўвагу на такім важным аспекце, як выхаванне дастойнага грамадзяніна краіны, А.У.Кабякоў адзначыў, што адказнасць за тое, якім вырасце чалавек, у роўнай ступені ляжыць як на школе, так і на сям’і.
Галіна Каляда. Фота Сяргея Талашкевіча.