22 верасня стала адметнай падзеяй у жыцці Вольгі Віктараўны Аўдзейчык. На чарговай сесіі Зеляневіцкага сельскага Савета дэпутатаў яна была абрана старшынёй. Мы сустрэліся з маладым кіраўніком, што кажуць, па гарачых слядах і пацікавіліся настроем і планамі.
— Аднак перш, Вольга Віктараўна, давайце знаёміцца. Раскажыце, калі ласка, пра сябе.
— Сама я мясцовая, з вёскі Магілёўцы. Тут скончыла школу і пасля вучобы ў Нясвіжскім і Баранавіцкім педагагічных каледжах сюды ж вярнулася настаў-нічаць. Выкладала фізічную культуру, была педагогам-арганізатарам, настаўніцай пачатковых класаў. Тут выйшла замуж і ў роднай вёсцы разам з мужам і дачкой засталася жыць. Як чалавек, нераўнадушны да таго, што адбываецца навокал, заўсёды прымала актыўны ўдзел у жыцці сельсавета. Пачынаючы з 2003 года, узначальвала выбарчыя камісіі, знаходзілася ў рэзерве кадраў. Але, калі сёлета прапанавалі мне заняць месца працы былой старшыні Антаніны Васільеўны Лагач, прызнаюся, вагалася надта доўга, пакуль дала на тое сваю згоду.
— А што палохала больш за ўсё?
— Няведанне тонкасцяў і спецыфікі дзяржаўнай службы. Вялізная адказнасць і такі ж аб’ём даручанай работы. А яшчэ – адсутнасць кантактаў з кіраўнікамі арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета. Цяпер, калі гэты кантакт знойдзены і я ўвайшла ў курс справы, работа старшыні сельвыканкама не здаецца такой непад’ёмнай. Дзякуючы падтрымцы кіраўнікоў, мы здолеем вырашыць многія пытанні.
— Аднак адна справа – бездакорнае выкананне службовых абавязкаў, іншая – знаходжанне агульнай мовы з людзьмі, тымі, дзеля каго, па вялікім рахунку, і працуе мясцовая ўлада. Як удаецца знайсці паразуменне з мясцовымі жыхарамі?
— За кожным зваротам стаіць канкрэтны чалавек. І лічу, што многія пытанні можна вырашыць без лішняй перапіскі, калі ўважліва, па-чалавечы аднесціся да іх. Здараецца, бывае дастаткова проста растлумачыць. І калі б так ставіліся да зваротаў грамадзян усе адказныя асобы, ад якіх залежыць вырашэнне пытання, магчыма, не было б многіх пісьмаў і скарг у розныя інстанцыі.
— Апошняя сесія сельскага Савета дэпутатаў, на якой Вас абралі старшынёй, узняла і канкрэтныя праблемы. Якія, і як Вы, Вольга Віктараўна, плануеце іх вырашаць?
— Сапраўды, акрамя паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі на тэрыторыі сельсавета, на сесіі вялася размова аб стане гандлёвага і бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Разглядаліся і канкрэтныя пытанні. Напрыклад, аб аднаўленні работы Магілявецкага сельскага клуба, у якім заціхла жыццё пасля ад’езду маладой, але надзвычай таленавітай загадчыцы Ганны Казадой, і куды патрабуецца на працу малады спецыяліст.
Выклікае занепакоенасць і стан сельскіх дарог, якія патрабуюць ямачнага рамонту. З гэтай нагоды мы рыхтуем хадайніцтва ў ДРБУ-140. З просьбай аб замене вокнаў у Магілявецкім ВПК будзем выходзіць на аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Цяпер маладыя людзі і ў сельскай мясцовасці жадаюць жыць з гарадскімі зручнасцямі. Гэта неабходна як тым, хто ўжо жыве ў нас, так і тым, хто толькі збіраецца да нас прыехаць. Камфорт пражывання прываблівае.
— А ў якіх умовах пражывае сама старшыня? Расскажыце крыху, Вольга Віктараўна, пра сваю сям’ю і свае захапленні.
— Жывем у бацькоўскім доме, які добраўпарадкавалі ўласнымі рукамі. Для майго мужа – майстра на ўсе рукі, няма немагчымага… Таму ідэй па далейшым добраўпарадкаванні сядзібы хапае. Ля свайго дома ў вёсцы заўсёды знойдзецца што зрабіць. Усё па гаспадарцы робім абавязкова разам з мужам. Разам працуем і адпачываем.
Шмат увагі ўдзяляем сваёй васьмігадовай дачцы: малюем, пляцем з бісеру, адпраўляемся на вячэрнія прагулкі. А яшчэ мы з дачкой шчыруем на кухні — духмяную выпечку любіць наш тата.
Галіна Каляда, фота аўтара.