Суббота, 26 апреля 2025

Председатель Великосельского сельисполкома Татьяна Новицкая: «Услышать каждого человека»

941

Інтэрв’ю са старшынёй Велікасельскага сельвыканкама Т.М.Навіцкай.

— Таццяна Мікалаеўна, з якімі пытаннямі часцей за ўсё жыхары звяртаюцца ў сельвыканкам?
— Людзі прыходзяць у сельвыканкам з самымі што ні ёсць жыццёвымі праблемамі. На першы план выходзяць пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, у прыватнасці, рамонт дарог, работа вулічнага асвятлення, спілаванне аварыйных дрэў. Рамонт вуліц найбольш актуальным з’яўляецца для аграгарадка Стараволя. Патрабуе вырашэння пытанне па стварэнні веласіпеднай дарожкі ад Стараволі да вёскі Засімавічы.
— А якая работа праводзіцца з пустуючымі і старымі дамамі?
— Работа па зносе пустуючых і старых дамоў вялася на працягу ўсяго мінулага года. Нам удалося летась знесці шэсць такіх дамоў, на што было выдаткавана 1100 рублёў бюджэтных сродкаў.
Вялікую дапамогу ў выкананні тэхнічнай часткі работы нам аказвае ААТ «Велікасельскае Агра». Зямельныя ўчасткі, якія вызваліліся пасля зносу дамоў, выкарыстоўваюцца пад новую забудову або ўводзяцца ў палі севазвароту.
У бягучым годзе, дарэчы, мы плануем знесці 8 безгаспадарных дамоў.
— Таццяна Мікалаеўна, а як забяспечваецца занятасць насельніцтва сельсавета?
— Афіцыйна беспрацоўнымі ў нас лічацца 11 чалавек. Тут неабходна адзначыць, што працоўныя месцы ў нас ёсць. На жаль, некаторыя грамадзяне не працуюць ужо на працягу многіх гадоў. З кожным з такіх жыхароў, якія ў нас знаходзяцца пад кантролем, праводзіліся неаднаразовыя гутаркі з дамашнім наведваннем.
Сёлета, як і летась, для беспрацоўных грамадзян плануем правесці кірмаш вакансій.
— У вас на тэрыторыі знаходзіцца некалькі аддаленых маланаселеных вёсак. Ці не адчуваюць іх жыхары сябе адзінокімі?
— Такія вёскі мы не забываем і наведваемся туды рэгулярна. Таксама ў гэтыя населеныя пункты прыяз-джае 2-3 разы на тыдзень аўталаўка, якая дастаўляе прадукты харчавання. Жыхары аддаленых вёсак замацаваны за фельчарска-акушэрскімі пунктамі, таму атрымліваюць неабходную медыцынскую дапамогу. Тут у цёмны час сутак уключаецца вулічнае асвятленне, стараемся падтрымліваць у належным стане вуліцы і пад’язныя дарогі.
— Таццяна Мікалаеўна, наперадзе важная палітычная падзея — выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Наколькі Вы ўжо падрыхтаваліся да іх?
— Падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў выходзіць на фінішную прамую. У нас створаны два выбарчыя ўчасткі і ўтвораны дзве ўчастковыя камісіі ў аграгарадках Стараволя і Вялікае Сяло. Удакладняюцца спісы выбаршчыкаў. Сельская выбарчая камісія зарэгістравала 11 кандыдатаў у дэпутаты сельскага Савета, прычым тры з іх не з’яўля-ліся дэпутатамі сельскага Савета цяперашняга склікання.
— Што Вас хвалюе больш за ўсё як кіраўніка мясцовага органа ўлады?
— Турбуе не зусім спрыяльная дэмаграфічная сітуацыя. На жаль, з кожным годам колькасць насельніцтва сельсавета змяншаецца. Па гэтай прычыне становіцца менш і вучняў у школах. Хацелася б, каб больш моладзі заставалася ў вёсках і нараджалася больш дзяцей.
Шмат клопату асабліва ў летні перыяд дастаўляюць нам пустуючыя дамы. Добра было б, каб спадчыннікі або ўладальнікі самі паклапаціліся аб навядзенні парадку вакол сваіх домаўладанняў.
Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *