Пляцоўкі па продажы навагодніх дрэўцаў па традыцыі адкрыюцца на тэрыторыі лясгаса па вул.Горына-Каляды ў Пружанах, а таксама на тэрыторыі Пружанскага лясніцтва па вул. Касцякова. Рэалізацыя пачнецца з 22 снежня, а вось расклад работы базару сёлета вырашылі падоўжыць да 19 гадзін. Зацверджаны і прэйскурант:
— да 1 метра — 5,75 рубля;
— 1-2 м — 7,10 руб.;
— 2-3 м — 8,45 руб.;
— 3-4 м — 12,40 руб.;
— 4-5 м — 19,40 руб.;
— 5-10 м — 37,20 руб.;
— 10 м і вышэй — 58,25 руб.
Таксама будуць прадавацца навагоднія букеты — 1,58 руб. і хваёвыя галінкі — 50 капеек.
Загадзя прымаюцца заказы ад арганізацый на пастаўку жывых ёлак. Для таго, каб набыць зялёную прыгажуню, дастаткова мець жаданне і грошы, разлік за пакупку ажыццяўляецца на месцы.

На жаль, нягледзячы на штогадовы сэрвіс, які арганізуе лясгас па вырошчванні і дастаўцы атрыбутаў навагодняга свята — зялёных ёлак, знаходзяцца грамадзяне, якія вырашаюць самастойна «здабыць» лясных прыгажунь. Чаму з гэтым так актыўна вядуць барацьбу работнікі лясной гаспадаркі? І хоць продаж навагодніх ёлак не прыносіць асаблівага прыбытку, такая паслуга ўведзена для зручнасці людзей і культурнага стаўлення да лясных насаджэнняў. Таму разам з гэтым вядзецца барацьба з браканьерамі з сякерай.
— Даводзіцца бачыць толькі напалову ссечанае дрэва, верхавіна якога ўпадабалася ў якасці навагодняга атрыбута,— тлумачыць галоўны ляснічы Д.М. Козел. — Астатняя частка дрэва пакутуе, з яго дзелавая драўніна ўжо не вырасце. Акрамя таго, трэба ведаць, што ў нас літаральна кожнае дрэва на рахунку. І калі мы пакінулі яго расці на тым месцы на працягу дзясятка гадоў, то ў будучым чакаем, што яно прынясе карысць для айчыннай эканомікі. Прыкладна гэтак жа рэагуе гаспадар на злодзеяў, якія накапалі бульбы пасярод яго палетка. Прычым дробную раскідалі, пазбіраўшы толькі вялікія клубні.
Таму не лішнім будзе нагадаць пра адказнасць. У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незаконнае знішчэнне, выкопванне або пашкоджанне дрэў і кустоўя ў лясах першай групы ляснога фонду, а таксама драўніна-кустарнікавай расліннасці (насаджэнняў), якія не ўваходзяць у лясны фонд, на грамадзян можа быць накладзены штраф у памеры ад 5 да 50 базавых велічынь, на індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 20 да 200 базавых, а на юрыдычную асобу — ад 50 да 300 базавых велічынь.
Калі гаварыць дакладней, то нават за самую маленькую ёлачку давядзецца заплаціць больш за 120 рублёў. Акрамя таго, разам са штрафам вылічваецца і памер урону, нанесенага такімі дзеяннямі прыродзе: за кожнае ссечанае навагодняе дрэва дыяметрам каля пня да 12 см вінаваты абавязаны будзе аднавіць шкоду навакольнаму асяроддзю і заплаціць штраф у памеры ад 0,1 да 0,2 базавай велічыні, у залежнасці ад месца правапарушэння, а таксама заплаціць адну базавую велічыню за само дрэўца, калі канфіскаваць яго немагчыма. І атрыманая сума дадаецца да агульнага кошту кампенсацыі і пакарання.
У астатніх месцах ляснога фонду за аналагічныя правапарушэнні прадугледжаны штрафы да 30 базавых велічынь для грамадзян, для індывідуальных прадпрымальнікаў — ад 10 да 150, а на юрыдычную асобу — ад 50 да 300 БВ.
Каб папярэдзіць падобныя выпадкі і з мэтай іх своечасовага выкрыцця леснікі наладжваюць моцны кантроль за лясным фондам: пастаянныя абходы кварталаў, нагляд за аўтатранспартам і наведвальнікамі лясоў. Добра зарэкамендавалі сябе і фотапасткі, якія і зараз будуць уключаны ў сістэму «навагодняй» аховы. Таму лепш сто разоў падумаць: ці варта з-за неразумнай эканоміі псаваць сабе святочны настрой?
Алег Сідарэнка.