Чацвёрты год запар у Міжнародны дзень абароны дзяцей на аграсядзібе “Агра Цымус” праходзіць свята для дзетак, якія засталіся без апекі бацькоў. Каля 70 хлопчыкаў і дзяўчынак з прыёмных і апякунскіх сем’яў, з дзіцячага дома сямейнага тыпу (сям’я Бакуменка) і з сацыяльнага прытулку трапілі на казачную пляцоўку. Тут было ўсё: песні, танцы, гульні, фокусы, аквагрым і, зразумела, салодкі стол. Мноства людзей прыклала свае намаганні для таго, каб свята атрымалася і на ўсіх маленькіх тварыках заззялі ўсмешкі.
Напачатку зрабіць гэта было няпроста: асабліва сумнымі выглядалі тыя дзеткі, якія нарэшце дачакаліся спаткання з роднымі мамамі і татамі. Але прысутнасць дарослых і вясёлыя гульні растапілі лёд, і кожны знайшоў сабе занятак па душы. Яшчэ ў самым пачатку мерапрыемства ўсе дзеткі напісалі свае пажаданні на сцікерах і адправілі іх у неба на чароўных паветраных шарах. Яны не прасілі новых цацак ці моднага адзення, галоўнае для іх — заўсёды быць побач з бацькамі.
У гэты дзень не верыць у чараўніцтва было нельга: значны ўклад у атмасферу цуду ўнёс фокуснік Максім Гумен. Дзятва не адыходзіла ад Максіма ні на крок: малодшыя з цікавасцю сачылі за фокусамі, а старэйшыя нават спрабавалі разгадаць іх сакрэты!
Калі, здавалася ўжо, сілы хутка ўсіх пакінуць (не дзіва, некалькі гадзін ва ўсю гарэзаваць!), на суседняй палянцы быў накрыты салодкі стол. Стомленыя, але шчаслівыя дзеткі пасядалі на лаўкі і ўзяліся за пачастункі.

Штогод гэтае свята праходзіць пры падтрымцы “Клуба шчаслівых людзей”. Менавіта яго актывісты прыцягваюць фундатараў, клапоцяцца аб цікавай праграме. Усё падаецца лагічным: калі ты шчаслівы сам, тады можаш падзяліцца шчасцем і з іншымі.
Кацярына Пашкевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).