На працягу некалькіх дзён у Пружанах з сяброўскім візітам знаходзіліся дзіцячыя дэлегацыі з Польшчы і Эстоніі.
У першы дзень ліпеня на гарадскім стадыёне адбыўся футбольны турнір сярод дзяцей 2001 года нараджэння і маладзей «Белавежская пушча-2016». У спаборніцтвах бралі ўдзел каманды з Пружан, Камянца, Гайнаўкі і Суурэ-Яані. Перамогу святкавалі футбалісты з Эстоніі, другое месца дасталося пружанцам, трэцяе — хлопцам з Гайнаўкі.
Усе каманды былі ўзнагароджаны кубкамі і медалямі ад арганізатараў турніру і салодкімі прызамі ад эстонскай дэлегацыі. Спецыяльнымі прызамі таксама адзначаны лепшыя ігракі.
Замежныя госці мелі магчымасць азнаёміцца са славутасцямі Пружан, наведалі Навасёлкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа, дварцовы комплекс Сапегаў у Ружанах, санаторый «Ружанскі».
У заключны дзень усе футбалісты накіраваліся ў Камянец, дзе адбылася таварыская сустрэча паміж зборнымі камандамі беларусаў і гасцей. Напружаны паядынак завяршыўся ўнічыю.
У ліпені і жніўні запланаваны візіты нашых юных футбалістаў у Польшчу і Эстонію.
Вольга Ляўчук,
дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец».