Раней сумесны адпачынак членаў калектыву называлі «агеньчык». На сучасны лад гэтыя мерапрыемствы сталі карпаратывамі. Сутнасць ад гэтага, праўда, не змянілася. Як і не змянілася стаўленне да калектыўнага адпачынку: пакуль адны з нецярпеннем чакаюць нагоды, каб з калегамі адзначыць свята, іншыя прыдумваюць прычыны, па якіх не змогуць прыняць удзел у мерапрыемстве. Існуюць супрацьлеглыя меркаванні: такім чынам калектыў яшчэ больш згуртоўваецца альбо адпачынак усё-такі трэба аддзяляць ад работы.
Дык патрэбны карпаратывы ці не?
Вось што на гэты конт думаюць жыхары горада.
Таццяна:

— Я заўсёды падтрымліваю ініцыятыву арганізаваць карпаратыў: гэта адзін са спосабаў адпачыць ад працоўных будняў. Таму прапускаю такія мерапрыемствы толькі тады, калі сапраўды не атрымліваецца. Як, напрыклад, сёлета: калектыў адпачываў, але ў мяне на гэты час была запланавана паездка.
Магчыма, гэта толькі мне так здаецца, але раней карпаратывы ладзіліся часцей.
Андрэй:

— Карпаратыў, як мерапрыемства, вядома, мае права на існаванне. Але так, як яны праводзяцца ў большасці арганізацый, іх нельга назваць карпаратывамі. Гэта павінен быць падарунак калектыву за работу. А на самай справе часта атрымліваецца, што жадаючыя адпачыць на карпаратыве павінны зрабіць пэўны ўзнос. У лепшым выпадку, мерапрыемства ладзіцца за прафсаюзныя грошы — гэта таксама сродкі членаў калектыву. Толькі па гэтай прычыне я адмоўна стаўлюся да карпаратываў і ніколі іх не наведваю. Сваімі грашыма я і сам змагу распарадзіцца.
Сяргей:

— Ладзіць карпаратывы ў працоўных калектывах сёння стала нормай. І я нічога дрэннага ў гэтым не бачу: сам хаджу на карпаратывы, не супраць, калі жонка на іх збіраецца.
Згадзіцеся, чалавеку неабходна неяк адпачыць. Чым не спосаб? Дарэчы, дзякуючы такім мерапрыемствам, іншы раз і калектыў больш згуртоўваецца.
Алена:

— Раней калектыў ладзіў карпаратывы, сёння — не. Але мяне гэта ніколькі не засмучае. Шматлікія карпаратывы я, як работнік адукацыі, кампенсую іншым чынам. Напрыклад, навагоднімі ранішнікамі: карагоды вакол ёлкі з выхаванцамі нічым не горшыя за танцы ў забаўляльнай установе…
Так, у 25 гадоў яшчэ хочацца адпачыць у акружэнні калег, але з узростам перавагі мяняюцца. Так і ў мяне: у карпаратывах, гаворачы пра якія, маюць на ўвазе вечарынку для супрацоўнікаў калектыву, перастаеш бачыць сэнс.
Марыя:

— На дадзены момант даглядаю малое дзіця, але, нягледзячы на гэта, калегі з ільнозавода заўсёды тэлефануюць і запрашаюць прыняць удзел у карпаратыве. Часцей за ўсё ў нашым калектыве такія мерапрыемствы ладзяцца з нагоды святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі. Ёсць знаёмыя, якіх другая палова без энтузіязму адпускае на такія вечарынкі, мне ж з мужам пашанцавала: ён разумее, што гэта проста спосаб адпачынку. Асабліва ён актуальны для мяне цяпер, калі пераважную частку свайго часу я праводжу з дзіцём.
Святлана:

— Як стаўлюся да карпаратываў? Нармальна.
Працую ў Янаўшчызне санітаркай у мясцовай медустанове. Наш калектыў заўсёды стараецца, разнастаіць будні, разам адзначыць свята. І навагоднія — не выключэнне. На гэты раз, напрыклад, ездзілі ў Клепачы.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).