Понедельник, 2 декабря 2024

Праз Пружаны прайшоў міжнародны юнармейскі патрыятычны аўтамарш “Дарогамі сібірскай славы: Краснаярск-Брэст-2021”

534

Пружанцы на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновічам сустракалі ўдзельнікаў міжнароднага юнармейскага патрыятычнага аўтамаршу “Дарогамі сібірскай славы: Краснаярск-Брэст-2021”. Ён стартаваў на краснаярскай зямлі, а фінішуе ў Беларусі.


І гэта, як адзначыў кіраўнік дэлегацыі, начальнік рэгіянальнага штаба юнармейцаў па Краснаярскім краі Д.П.Пабілат, вельмі сімвалічна. Таму што, толькі дзякуючы згуртаванасці народаў братэрскіх рэспублік, пад Брэстам, Мінскам, Оршай, Смаленскам, Масквой і іншымі гарадамі быў дадзены годны адпор фашысцкім захопнікам.

— Гэты аўтамарш, перш за ўсё, — павага нашай брацкай Беларусі, народ якой першым сутыкнуўся з ворагам, — сказаў Дзяніс Пятровіч.
Характэрна, што ўдзельнікі акцыі правезлі па гарадах Расіі і Беларусі ікону Святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага і копію Сцяга Перамогі, які 76 гадоў таму быў узняты над рэйхстагам і стаў сімвалам свабоды ўсяго чалавецтва.

На працягу ўсяго маршруту на месцах воінскай славы, дзе былі пахаваныя ў тым ліку сібіракі, юнармейцы высаджвалі саджанцы сібірскіх дрэў і рабілі забор зямлі, каб прывесці яе на радзіму герояў. У Пружанах яны наведалі гарадскія праваслаўныя могілкі, дзе ў брацкай магіле пахавана 265 воінаў Чырвонай арміі і партызан, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І ўшанавалі памяць герояў мінутай маўчання.

Як аказалася, для адной удзельніцы аўтамаршу гэтая акцыя стала найбольш хвалюючай. Жыхарка г. Зеленагорска Краснаярскага краю Матрона Паўлаўна Рубан прыехала да нас у пошуках месца пахавання свайго бацькі Паўла Дзямідавіча Макаранкі, які служыў у 163-м стралковым палку.

Паводле дадзеных цэнтральнага архіва Міністэрства абароны РФ, 20 чэрвеня 1944 года ён быў цяжка паранены, знаходзіўся на лячэнні ў хірургічным палявым шпіталі г.Пружаны, дзе памёр 27 ліпеня. Месца яго пахавання ў дакументах не пазначана. Таму сваякі чырвонаармейца лагічна выказалі здагадку, што Павел Макаранка, хутчэй за ўсё, пахаваны ў Пружанах. Падчас далейшых пошукаў Матрона Паўлаўна звярнулася па дапамогу да брэсцкіх уладаў. Яны адказалі, што ў кнізе “Памяць. Пружаны” ў спісах пахаваных сапраўды значыцца Макаранка. Але не Павел Дзямідавіч, а Іван Дзям’янавіч, які, як пазначана, служыў таксама ў 163 стралковым палку, памёр ад ран 29 чэрвеня і пахаваны ў Пружанах, у брацкай магіле на гарадскіх могілках. Ці можа гэта быць адзін і той жа чалавек? Адказ на гэтае пытанне Матрона Паўлаўна працягвае шукаць, і дапамогуць ёй у гэтым актывісты-пошукавікі вобласці.

Увогуле аўтапрабег, па прызнанні жанчыны і іншых яго ўдзельнікаў, стаў для кожнага з гасцей неацэнным маральным вопытам, дапамог знайсці новых сяброў у Беларусі і па-новаму ўсвядоміць каштоўнасць агульнай спадчыны.
Алена Зялевіч.