12 сакавіка ў Камянцы адбылася чарговая сустрэча прадстаўнікоў арганізацый спорту і турызму Свіслацкага, Пружанскага і Камянецкага раёнаў з мэтай стварэння міжрэгіянальнага маршрута «Белавежскі вянок».
У рамках яе праведзена прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Камянецкага раёна, абмеркаваны маршруты па тэрыторыі трох раёнаў, арганізавана экскурсія па горадзе з наведваннем музея «Белая вежа».
Мяркуецца стварэнне веласіпеднага маршрута, які будзе ўключаць абавязковае наведванне раённых цэнтраў і асноўных турыстычных аб’ектаў. Працягласць яго складзе каля 180 км. Плануецца ўстаноўка ў кожным з трох раёнаў інфармацыйных стэндаў, дзе будзе адлюстравана схема руху па маршруце з пазначэннем ключавых аб’ектаў, а таксама ўся неабходная інфармацыя пра магчымыя месцы пражывання, харчавання, адпачынку і спадарожныя аб’екты. Цяпер таксама вядзецца работа па стварэнні лагатыпа.
Наступная сустрэча плануецца ў Пружанах.
Аляксей Лапыка, фота аўтара