20 гадоў таму, у чэрвені 2004 года, у нашай «раёнцы» з’явіўся артыкул пад шчымлівай назвай: «Праз 30 год — у сценах роднай школы». Выпускнікі 1974 года пружанскай школы-інтэрната (літаральна праз пару гадоў яна атрымала статус звычайнай агульнаадукацыйнай установы, цяпер гэта СШ № 4) з’ехаліся літаральна з усіх куточкаў нашай краіны і з-за яе межаў, каб успомніць, адкуль яны атрымалі пуцёўку ў жыццё.
І вось непрыкметна надышоў 50-гадовы юбілей. Зноў былыя вучні стаяць на школьным ганку і адчуваюць сябе ашаламляльна юнымі, нібы і не было вялікай чарады мінулых гадоў. І ярка ззяюць вочы, і распраўляюцца спіны, і попел сівізны ў валасах — усяго толькі даніна сучаснай модзе.
У 13-м выпуску школы-інтэрната было 38 вучняў — у асноўным, дзеці з няпоўных ці няўдалых сем‘яў або сіраты, якіх дзяржава ўзяла пад сваё крыло, дала магчымасць не проста атрымаць паўнацэнную адукацыю, але і мець насычанае, цікавае дзяцінства і юнацтва.
З замілаваннем узгадваюць яны гэтыя гады, не губляюць сяброўскія сувязі і імкнуцца бачыцца пры любой магчымасці: паміж 30-цю і 50-цю былі яшчэ сустрэчы, у тым ліку і з нагоды юбілею роднай школы-інтэрната.
На жаль, занадта хутка ляціць час. Аднакласнікаў засталося ўсяго 28, на сустрэчу змаглі сабрацца 13 — прыехалі з Мінска і Гомеля, Гродна і Маладзечна, Валкавыска і Камянца, нават з Германіі (тры дні давялося прастаяць на пункце пропуску!). Вельмі хваляваліся, як сустрэне родная школа. Аказалася, душэўна і паважліва, хаця загадзя пра свой прыезд не паведамлялі і для работнікаў школы ён стаў неспадзяваным.
Многае змянілася, гэта лагічна, і з іх былых настаўнікаў і выхавацеляў засталася толькі Яўгенія Пятроўна Раманава. Яна сёлета ўжо размяняла дзявяты дзясятак, але па-ранейшаму радасна вітала сваіх пасталелых «дзяцей».
— Мне вельмі прыемна, што школа з‘яднала, згуртавала вас, — прызнаецца настаўніца. І кажа, што таксама адчувае сябе яе «выпускніцай», бо 33 гады аддала працы тут.
— Гэтыя некалькі дзён, калі мы зноў былі разам, праляцелі, нібы імгненне, — кажа пружанец Уладзімір Грышкевіч, адзін з галоўных арганізатараў падобных сустрэч аднакласнікаў. І прапанаваў свой верш, прысвечаны школьнаму сяброўству.
Наогул, у гэты знамянальны дзень вершы проста ракой ліліся: настрой адпавядаў, а настаўнікі школы-інтэрната далі сваім вучням дакладнае веданне мовы, валоданне словам (незалежна, збіраліся яны ў наступным стаць «фізікамі» ці «лірыкамі»), прывілі любоў да паэзіі, матывавалі да творчасці. Дарэчы, з 38 выпускнікоў 1974 года 16 у далейшым атрымалі вышэйшую адукацыю. І абсалютна ўсе дастойна і адказна працавалі ў розных галінах гаспадаркі. І былі ўспаміны, і доўгія размовы пра дні былыя і сённяшняе жыццё, і фатаграфаванне на памяць, і прагулкі па горадзе дзяцінства…
— З кожнай сустрэчай шчыра здзіўляемся пераменам, якія адбываюцца ў родных Пружанах. Вось і зноў у лепшы бок змянілася многае ў абліччы, з‘явіліся новыя архітэктурныя формы, — кажуць былыя выпускнікі. — Хочацца, каб горад квітнеў і надалей, каб зноў і зноў сустракацца тут. Чаму б цяпер не замахнуцца і на сустрэчу 70-гадовага юбілею нашай школы ў 2026-м?
Падрыхтавала Ірына Сядова