Зразумела, асвячэнне велікодных страў – гэта толькі знешні бок святкавання Уваскрэсення Хрыстова. Часам мы ўдзяляем асноўную ўвагу менавіта атрыбутыцы свята: прыгожа расфарбаваным яйкам, упрыгожанай выпечцы. І пакідаем за кадрам сапраўдны сэнс выратавальнай ахвяры Ісуса. І не разумеем глыбіні пакутаў Марыі, якая праводзіла Сына на Галгофу. І ў малітве не прызнаёмся ў бескарыслівай любві да Госпада, а абавязкова імкнёмся нешта выпрасіць для сябе: здароўя, дабрабыту, паспяховасці…
Што ж. Мы проста людзі, якія радуюцца магчымасці ў святочны дзень традыцыйна сабрацца разам за шчодрым сталом, пажадаць адзін аднаму па-мясцовым звычаі: «Дажыць без турбот да наступнага Вялікадня». Ды толькі Бог нябачна прысутнічае побач: у люстэркавых кроплях вады, што ляцяць з крапіла святара, у залатых агеньчыках свечак, у шчырых усмешках дзяцей, якія сціскаюць у руках кошык з «паскай», у воклічах: «Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!» І пакуль гэта ёсць – мы застаёмся Людзьмі, няхай і са сваімі памылкамі, слабасцямі і забабонамі. Але з душой, адкрытай дабру, і верай, што яно абавязкова пераможа любое зло.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з асвячэнняў: https://vk.com/album-23306785_292458205, https://vk.com/album-23306785_292458232 і https://ok.ru/budni/album/959377888136, https://ok.ru/budni/album/959377931656