Четверг, 25 апреля 2024

Праваслаўны клуб «Каўчэг» з СШ № 1 рыхтуе падарункі дзецям Данбаса

376

На годным узроўні наладжана духоўна-маральнае выхаванне вучняў у СШ № 1 г. Пружаны імя ЧБВА. Не першы год ва ўстанове адукацыі праводзіцца факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры» і дзейнічае праваслаўны клуб «Каўчэг». Гэтую работу курыруе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алёна Кот.

Вера дае магчымасць пакорна пераносіць жыццёвыя складанасці, ахутвае спакоем і ўпэўненасцю на ростанях, вучыць заставацца непахісным у спадзяванні на Божую волю. На жаль, у віхуры спраў сучасны чалавек часам забывае пра чысціню душы, адыходзіць ад Госпада.

– Што ж казаць пра дзяцей, у якіх навокал так шмат спакусаў і відовішчаў… Натуральна, што асновы хрысціянскай веры павінна прывіць сям’я, але школа таксама можа адыгрываць у гэтым працэсе не апошнюю ролю, – зазначае кіраўнік клуба «Каўчэг» Алёна Кот.

Гэтая настаўніца мае рэлігійную адукацыю. Таму, напэўна, ёй і прыйшла ідэя стварыць праваслаўны клуб, а адбылося гэта 20 гадоў таму…

– На базе школы традыцыйна працуюць шматлікія гурткі абсалютна рознай накіраванасці, хапае цікавых аб’яднанняў, дзіцячых і моладзевых арганізацый. Мне захацелася, каб у дзяцей, якія вераць у Бога, цікавяцца праваслаўнымі традыцыямі, з’явілася агульная прастора, дзе б яны адчувалі сябе камфорта, знаходзілі аднадумцаў і сяброў. У хуткім часе ўзнік «Каўчэг», – працягвае гутарку Алёна Міхайлаўна. – Што казаць, прыемна сустракаць сваіх дзяцей у храме. Асабліва радуе, што частка вучняў звязала жыццё з праваслаўем больш шчыльна: значыць, зерне дабрыні прарасло.

На пасяджэннях клуба яго ўдзельнікі падрабязна вывучаюць гісторыю праваслаўных свят, дазнаюцца пра жыціі святых, паглыбляюцца ў сэнс богаслужэнняў. Апроч таго, дзеці ствараюць розныя вырабы і падарункі, якія потым адрасуюць родным людзям, настаўнікам, сябрам. Яшчэ члены праваслаўнага клуба актыўна займаюцца краязнаўствам, вывучаюць святыні Пружаншчыны. Але галоўнай мэтай аб’ядннання з’яўляецца выхаванне добрасумленнай, шчырай, неабыякавай асобы, іншымі словамі – сапраўднага хрысціяніна.

З «Каўчэгам» супрацоўнічае настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма протаіерэй Ігар Мрыхін, які з’яўляецца частым госцем на пасяджэннях праваслаўнага клуба. Свяшчэннік тлумачыць дзецям фундаментальныя рэчы простымі словамі, дае парады і з задавальненнем удзельнічае ў гутарках.

Сімвалічна, што мы прыйшлі ў госці да хлопчыкаў і дзяўчат з «Каўчэга» ў адзін з вялікіх дванадзясятых праваслаўных свят – Дабравешчанне (дарэчы, гісторыю свята яны ведалі выдатна). Тым часам удзельнікі клуба таксама рыхтаваліся паведаміць радасную навіну.

– Напярэдадні Вялікадня ў нас з’явілася ідэя падрыхтаваць падарункі для дзяцей Данбаса, – дзеліцца Алёна Кот. – Тэма вайны ў суседняй дзяржаве хвалюе амаль кожную беларускую сям’ю. Хочацца, каб маленькія адчувалі нашу падтрымку, разумелі, што мы ведаем пра іх пакуты, што мы салідарныя з імі і спачуваем іх бядзе. Гэта жаданне вылілася ў творчасць. Мы практычна завяршылі стварэнне невялікіх прэзентаў і хутка будзем іх адпраўляць. Таксама ў пасылку мы пакладзём пісьмы. Можа, атрымаецца наладзіць перапіску і бліжэй пазнаёміцца з суседзямі. Дасць Бог, завяжацца сяброўства.

І пачала працу творчая майстэрня праваслаўнага клуба «Каўчэг»… Хутка быў прыдуманы канцэпт падарунка. Адразу вызначылі, што ён павінен быць маленькі па памерах, каб больш дзетак змаглі атрымаць сувенір. А яшчэ хацелася, каб гэта была практычная рэч. Так вырашылі майстраваць рызіначкі для валасоў у выглядзе кветак і заколкі ў выглядзе матылькоў з фаамірану (бліскучы аксамітны матэрыял).

Таксама вучні СШ № 1 зрабілі проста шыкоўныя брошкі з фанеры, якія выглядаюць як прафесійныя вырабы.

Здаецца, такія простыя ўпрыгажэнні, а зроблены з душой, і справа не толькі ў акуратнасці… Заўважна, што аўтары ўкладалі ў творчы працэс пэўны сэнс, майстравалі, думаючы пра няпростую сітуацыю, у якой апынуліся адрасаты.

Для сувеніраў удзельнікі «Каўчэга» стараліся абіраць яскравыя колеры, якія здольны падняць настрой і выклікаць усмешку, бо хацелі, каб на душы ў тых дзетак стала хоць крыху радасней і весялей.

Юлія Янушка. Фота Кацярына Масік