Здаецца, вучэбны год толькі пачаўся, але для вучняў старэйшых класаў стартаваў і самы адказны перыяд — час падрыхтоўкі да ўступнай кампаніі. Старшакласнікам зараз неабходна вызначыцца з прафесійнымі прыярытэтамі і прыкласці як мага больш намаганняў для атрымання атэстата з высокім балам. І калі другое поўнасцю залежыць толькі ад мэтанакіраванасці і ўседлівасці падлеткаў, то ў прафарыентацыі без парад дасведчаных людзей не абысціся. Намеснік начальніка райаддзела міліцыі Юрый Неміровіч расказвае пра магчымасці атрымання адукацыі ва ўстановах, якія рыхтуюць спецыялістаў праваахоўных органаў.
— Папулярнасць вучэбных устаноў, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства ўнутраных спраў, павялічваецца, — зазначае Юрый Анатольевіч. — Толькі ў Акадэмію МУС РБ сёлета было пададзена больш за 900 заяў пры тым, што набор на ўсе формы навучання абмежаваны 440 месцамі.
— Акрамя Акадэміі, якія яшчэ вучэбныя ўстановы Беларусі рыхтуюць спецыялістаў для праваахоўных органаў?
— У нашай сістэме дзейнічаюць яшчэ Магілёўскі інстытут, а таксама спецыялізаваны ліцэй МУС РБ. Навучанне ў ліцэі — з 7 па 11 клас, а потым ліцэісты, пры ўмове, што яны добра вучыліся, атрымліваюць выдатную магчымасць без іспытаў паступіць у міліцэйскую ВНУ.
— Як Вы лічыце, што прыцягвае абітурыентаў на паступленне ў названыя ўстановы?
— Безумоўна, саіскальнікі не пазбаўлены пачуцця патрыятызму і жадання паслужыць Радзіме на ахове правапарадку і спакою ў грамадстве. Без такога стаўлення ў праваахоўных органах наўрад ці ўдасца затрымацца надоўга. Аднак ёсць і так званыя «матэрыяльныя» бонусы.
Напрыклад, у міліцэйскіх ВНУ курсанты з першага дня навучання пераходзяць на поўнае дзяржаўнае забеспячэнне. Сюды ўключаецца бясплатнае навучанне, пражыванне, абмундзіраванне, харчаванне і штомесячная стыпендыя. Не даводзіцца, як у цывільных навучальных установах, шукаць і аплачваць жыллё (нават інтэрнат), не трэба бацькам хвалявацца, ці ёсць у іх сына прадукты, грошы на сталоўку.
У нашых навучальных установах высокі ўзровень дысцыпліны, а для бацькоў важна ўсведамляць, што іх дзеці знаходзяцца пад належным кантролем.
Варта адзначыць і той факт, што паўтара года тэрміновай вайсковай службы таксама залічваюцца падчас чатырохгадовага навучання ў сілавым ВНУ.
Пасля заканчэння Акадэміі або інстытута курсанту прысвойваецца званне «лейтэнант міліцыі», а таксама гарантуецца працаўладкаванне. Дзяржавай гарантаваны таксама прызначэнне на афіцэрскую пасаду і перспектывы службовага росту, стабільная заработная плата, медыцынскае забеспячэнне ў ведамасных установах аховы здароўя супрацоўнікаў і членаў іх сем’яў, бясплатнае забеспячэнне форменным абмундзіраваннем, падоўжаны адпачынак, магчымасць льготнага і першачарговага крэдытавання будаўніцтва жылля, даплата за найманне жылля.
Высокі ўзровень атрыманай адукацыі дазваляе працаўладкавацца не толькі ў органы міліцыі, але пракуратуры, суд і іншыя дзяржаўныя ці недзяржаўныя ўстановы, дзе патрабуюцца спецыялісты з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй.
— Як праводзіцца адбор кандыдатаў?
— Адбор абітурыентаў на службу ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нарматыўнымі актамі Міністэрства ўнутраных спраў. Праводзіцца папярэдняе вывучэнне, спецыяльная праверка і медыцынскі агляд кандыдатаў. Ёсць узроставыя рамкі: у год паступлення абітурыенту павінна быць не менш за 17 і не больш за 25 гадоў. На вочную форму навучання могуць паступаць грамадзяне, якія маюць агульную сярэднюю, прафесійна-тэхнічную або спецыяльную адукацыю. Саіскальнікам трэба прайсці ЦТ па трох прадметах: грамадазнаўства, замежная мова, руская або беларуская мова.
Што тычыцца ліцэя МУС, то туды прымаюцца непаўналетнія грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якім ужо споўнілася або ў годзе паступлення будзе 12 гадоў і якія завяршылі навучанне ў 6-м класе агульнаадукацыйнай школы.
Але ёсць і ўмовы, калі грамадзяне не могуць быць прыняты на службу ў органы ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Адна з іх — учыненне імі правапарушэнняў.
— Як сведчыць статыстыка сёлетняй уступнай кампаніі, у міліцэйскія навучальныя ўстановы конкурс расце. Аднак ведаю, што ў бягучым годзе Акадэмія апрабавала новы падыход да залічэння.
— У кожнай вучэбнай установе конкурс свой, у тым ліку, ён залежыць ад той спецыяльнасці, якую выбірае абітурыент. З прахаднымі баламі па мінулай уступнай кампаніі можна азнаёміцца на сайтах нашых навучальных устаноў.
А вось Акадэмія сёлета ўкараніла новую методыку: праводзіўся агульны набор на ўсе факультэты, і абітурыент у заяве пазначаў жаданне вучыцца па ўсіх шасці спецыяльнасцях. Потым ён атрымліваў своеасаблівае размеркаванне згодна з колькасцю набраных балаў. Акрамя таго, у дадатак да 440 набраных курсантаў 200 чалавек яшчэ былі залічаны ў рэзерв. Справа ў тым, што падчас праходжання так званага «курса маладога байца» адсейваюцца тыя, хто не справіўся з выпрабаваннямі ці перадумаў. І вакансіі займаюць «рэзервісты».
— Юрый Анатольевіч, куды звяртацца жадаючым атрымаць міліцэйскую прафесію?
— Спачатку — у групу кадраў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па адрасе: г.Пружаны, вул.Савецкая, 36, кабінет 219. Тэл. для даведак: 4-16-17, 4-18-57, +375-33-990-30-30. Больш падрабязную інфармацыю аб дзейнасці міліцыі можна знайсці на сайце МУС Рэспублікі Беларусь mvd.gov.by, а па пытаннях паступлення ў ВНУ — amia.by, institutemvd.by, litseymvd.by.
Гутарыў Алег Сідарэнка