Понедельник, 16 сентября 2024

Праваахоўнікі — неад’емны інстытут усяго цывілізаванага грамадства. У гэтым упэўнены прапаршчык міліцыі Віталій Рэчыц

415

Службоўцаў, у адрозненне ад людзей працы, нельга назваць стваральнікамі. Іх задача не ў гэтым. А вось ахоўнікамі тых здабыткаў, што мае грамадства — па праве. Такімі вартавымі з’яўляюцца міліцыянеры, дзякуючы якім мы можам не баяцца ўвечары выходзіць з дому, смела пакідаць аўто на паркоўках, адпраўляць дзяцей у школу і многае іншае, што даступна ў мірнай краіне. Там, дзе ёсць законы, а яшчэ тыя, хто кантралюе іх захаванне.

Віталій Рэчыц

Менавіта так ставіцца да сваёй службы міліцыянер-канваір ізалятара часовага ўтрымання прапаршчык міліцыі Віталій Рэчыц. У свой час ён свядома пайшоў на службу ў праваахоўныя органы, дзе ўжо заканчвае другі пяцігадовы кантракт і мяркуе ісці на новы. Віталій Мікалаевіч лічыць праваахоўнікаў неад’емным інстытутам усяго цывілізаванага грамадства.

Усё таму, што для вырашэння любога канфлікту яго патрэбна спачатку спыніць, каб потым можна было дакладна разабрацца. І такая задача стаіць перад міліцыяй. А яшчэ трэба прыняць меры для таго, каб ізаляваць асоб, якія не згодны жыць па прынятых большасцю правілах. Таму, нягледзячы на даволі складаную службу, Віталій Рэчыц лічыць свой выбар правільным і адчувае ад яго задавальненне. А яшчэ заклікае іншых не сумнявацца і ісці служыць у праваахоўныя органы, каб рабіць тое, што абавязкова будзе высока ацэнена.

У апошнім Віталій Мікалаевіч пераконваўся неаднойчы, мае падзякі і граматы ад свайго кіраўніцтва. А летась ён заняў трэцяе месца ў абласным конкурсе на званне лепшага супрацоўніка па свайму напрамку дзейнасці.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік