Выбар прафесіі — гэта вельмі важны крок у жыцці кожнага чалавека. Асабліва востра гэтае пытанне стаіць для вучняў адзінаццатых класаў. У апошні школьны год здаецца, што ты выбіраеш сабе прафесію на ўсё жыццё, і, канечне, адзінаццацікласнікам хочацца не памыліцца з выбарам. І тут на дапамогу прыходзяць спецыялісты.
Раённае прафарыентацыйнае мерапрыемства «Прафесія.by: шануем мір, ствараем будучыню!», на якое былі запрошаны не толькі вучні 11-х класаў, але і іх бацькі, прайшло 9 снежня ў гарадскім Палацы культуры. Яго арганізатарам выступіў Пружанскі раённы выканаўчы камітэт.
У фае ўсіх наведвальнікаў чакала выстава: установы і прадпрыемствы Пружаншчыны прадэманстравалі свае стэнды, падрыхтавалі буклеты.
Пасля ўступнай прамовы намесніка старшыні Пружанскага райвыканкама Руслана Супрыновіча намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама — начальнік аддзела занятасці Алена Кудрэйка расказала прысутным пра тое, якія спецыялісты зараз запатрабаваны ў розных сферах вытворчасці і жыццядзейнасці, пра сённяшнюю сітуацыю на рынку працы ўвогуле.
Звярнула ўвагу і на тое, што ў раёне вельмі добра развіта аграрная галіна. Напрыклад, больш за 10 гадоў Пружаншчына ўтрымлівае першае месца па валавой вытворчасці малака ў краіне.
Больш падрабязна пра гэта распавяла спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Шані-аграпрадукт» Крысціна Асіпчук, яна таксама акрэсліла перспектывы працаўладкавання і кар’ернага росту ў сельскагаспадарчай арганізацыі. У глядзельнай зале стаяў адкрыты мікрафон, каб ўсе жадаючыя маглі задаць свае пытанні спікерам. Крысціна Вячаславаўна, як і прадстаўнікі з іншых арганізацый раёна, ахвотна адказала на пытанні юных удзельнікаў форуму.
Адной з самых адказных і высакародных у грамадстве лічыцца прафесія ўрача. Аб асаблівасцях паступлення і рабоце ў медыцынскай сферы расказала Святлана Басак, загадчыца кадравага сектара УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца».
Тэму аховы здароўя прадоўжыла памочнік кіраўніка па прававых пытаннях і карпаратыўным кіраванні ААТ «Санаторый «Ружанскі» Алеся Бычэнка, якая распавяла пра найбольш запатрабаваныя прафесіі ў гэтай установе.
ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў» — стабільнае прамысловае прадпрыемства са шматгадовай гісторыяй. Падрабязней аб дзейнасці арганізацыі расказала начальнік аддзела кадраў Таццяна Кавальчук.
А намеснік начальніка Пружанскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Арцём Гаварко ў выступленні, якое суправаджалася цікавым відэаролікам, патлумачыў, як юнакі і дзяўчаты могуць атрымаць адну з самых складаных і адважных прафесій — выратавальніка. Працягнуў тэму аб людзях у пагонах Андрэй Якімовіч, начальнік групы прызыву на ваенную службу раённага ваеннага камісарыята. У сваім выступленні ён расказаў пра навучанне ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.
Вядучая мерапрыемства Алена Зубко запрасіла на сцэну і старшага майстра аварыйна-дыспетчарскага ўчастка вытворчага ўпраўлення «Кобрынгаз» Пружанскага раёна газазабеспячэння Дзмітрыя Суботу, які распавёў аб рабоце газавай гаспадаркі і аб запатрабаваных спецыяльнасцях у гэтай галіне.
Намеснік галоўнага інжынера па рабоце з персаналам філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» Аляксандр Макарэвіч расказаў прысутным аб працы ў гэтай арганізацыі, і яго словы таксама дапоўніў яркі відэаролік.
Яшчэ адно вядомае прадпрыемства нашага раёна — ААТ «Пружанскі кансервавы завод». Інфармацыяй пра перспектывы работы на ім па-дзяліўся дырэктар Павел Чарнавокі.
Даведаліся школьнікі і пра ўмовы прыёму і навучання ў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. І нават пабачылі на свае вочы: аповед асістэнта кафедры электразабеспячэння і электратэхнікі Дзмітрыя Літвінюка суправаджаўся дынамічным відэаролікам.
Падчас мерапрыемства былі падведзены вынікі раённага прафарыентацыйнага праекта «Прафесія.by: шануем мір, ствараем будучыню!», які праходзіў з 8 па 29 лістапада. У ім прынялі ўдзел педагогі і навучэнцы з 19 устаноў адукацыі раёна, якія прадставілі буклеты і макеты рэкламы, сцэнарныя распрацоўкі прафарыентацыйнай накіраванасці, сацыяльныя відэаролікі. Узнагароды ўручыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік. Пераможцам былі ўручаны таксама падарункі ад санаторыя «Ружанскі».
У намінацыі «Макет рэкламы і адукацыі» дыпломам першай ступені была ўзнагароджана вучаніца ДУА «Хараўская сярэдняя школа» Лізавета Быкава.
У намінацыі «Сцэнарная распрацоўка прафарыентацыйнай накіраванасці» перамаглі Алена Шышко і Наталля Новік — педагогі дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. Пружаны.
У намінацыі «Сацыяльны відэаролік «PROфессии» было два пераможцы: вучаніцы ДУА «Сярэдняя школа № 5 г. Пружаны» Дар’я Аляксейчык, Ульяна Магільная, Кацярына Зубко і Аліна Карпеш, а таксама калектыў дашкольнай адукацыі ДУА «Дзіцячы сад № 4 г. Пружаны».
На мілагучнай ноце завяршылі мерапрыемства музычнымі і паэтычнымі нумарамі навучэнцы ўстановы адукацыі «Пружанскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж», адначасова яны запрасілі ўсіх жадаючых паступаць у гэтую навучальную ўстанову.
Мы запыталіся ў адзінаццацікласнікаў, што юнакі і дзяўчаты думаюць наконт падобных мерапрыемстваў, а таксама ці дапамагаюць яны вызначыцца з будучай прафесіяй.
Кірыл Ярашук, 11 клас Параслянскай СШ:
— Падобныя мерапрыемствы асабіста мне дапамагаюць, бо падчас іх больш магу даведацца аб абранай прафесіі і будучай вучобе. Наогул я хачу пайсці вучыцца на інжынера.
Ксенія Батура, 11 клас Шаняўской СШ:
— Хачу паступіць у медыцынскі каледж, вучыцца на медсястру. Мне здаецца, добра, што існуюць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, бо падчас іх даведваешся штосьці новае пра сваю будучую прафесію, пра тое, што патрэбна для паступлення.
Павел Туча, 11 клас СШ № 3:
— Я ўжо выбраў сваю будучыю прафесію: хачу паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў на факультэт пракурорска-следчай дзейнасці. Вызначыўся з выбарам, калі падобнае мерапрыемства праходзіла ў нашай школе.
Анастасія Міранюк, 11 клас Шаняўской СШ:
— Я выбрала для сябе прафесію біятэхнолага. Планую паступаць у Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Думаю, што падобныя сустрэчы вельмі дапамагаюць у выбары не толькі прафесіі і ўстановы адукацыі, але для некага нават і будучага месца працы. Таму што падчас мерапрыемстваў не толькі даюцца рэкамендацыі, даводзіцца інфармацыя, але шэраг арганізацый прапануе і свае мэтавыя накіраванні.
Карына Ягорава, 11 клас СШ № 4:
— Я хачу паступаць на філасофскі факультэт у Белдзяржуніверсітэт. Пра сваю будучую прафесію сёння не пачула, але, думаю, для некаторых іншых старшакласнікаў мерапрыемства было карысным, асабліва для тых, хто хоча звязаць сваё жыццё з сельскагаспадарчымі ці ваеннымі спецыяльнасцямі.
А мы жадаем выпускнікам школ знайсці сабе прафесію па душы, каб у далейшым праца на карысць грамадству і дзяржаве, сваёй малой радзіме была не проста абавязкам, але прыносіла задавальненне.
Падрыхтавала Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ.
Фотта Кацярыны Масік
Фотаальбомы з мерапрыемства тут: https://vk.com/album-23306785_300112793 і https://ok.ru/budni/album/972089862536