Вторник, 19 мая 2026

Пракурор раёна даў тлумачэнні па асобнаму Закону «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму»

453

Дзяржаўныя органы ўзмацняюць сумесную працу па недапушчэнні рэабілітацыі нацызму. Пра гэта сведчыць і прыняцце асобнага Закона № 103-З «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», які ўступіў у сілу з 16 чэрвеня гэтага года. Пра новаўвядзенні мы пагаварылі з пракурорам раёна А. М. Вярбіцкім.

— Аляксандр Міхайлавіч, калі гэты нарматыўны акт называецца новым, то, значыць, раней з рэабілітацыяй нацызму ў нас не змагаліся?
— Гэта не так, проста заканадаўцы выдзелілі гэтае паняцце ў самастойны нарматыўны акт з Закона «Аб процідзеянні экстрэмізму». Вінаватыя ў спробах рэабілітацыі нацызму раней адказвалі па артыкуле 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці».


— Якія дзеянні могуць быць прызнаны спробай рэабілітацыі нацызму?
— Гэта імкненні грамадзяніна апраўдаць дзеянні і ідэалогію гітлераўскіх акупантаў. Яны могуць быць выказаны словамі або пацвярджацца дзеяннямі, прычым публічна, у тым ліку ў інтэрнэце. Сюды адносіцца ўхваленне ўчынкаў нацыстаў і іх памагатых, а таксама спробы пераканаць іншых у тым, нібыта жудасныя злачынствы нелюдзяў былі абгрунтаваныя і неабходныя. Тое ж самае тычыцца не толькі дзеянняў асоб, але і арганізацый, якія асудзіў Міжнародны ваенны трыбунал.
Пра гэта падрабязна патлумачана ў арт.1 Закона № 103-З. У дадатак там жа даюцца вызначэнні, што такое нацызм і хто такія нацысцкія злачынцы.

— Імёны нацысцкіх злачынцаў многім вядомыя. А як даведацца пра спіс арганізацый, чыя рэабілітацыя недапушчальная?
— Гэты пералік у 2019 годзе склала Міністэрства ўнутраных спраў. У пералік уключана восем арганізацый, уключаючы 13-ы Беларускі паліцэйскі батальён пры СД — спецслужбе НСДАП. Гэта ваенізаваная добраахвотніцкая калабарацыянісцкая структура, якая падпарадкоўвалася СС і СД, выконваючы карныя функцыі.
Акрамя таго, два гады назад МУС склала спіс сімволікі і атрыбутыкі нацыстаў з 10 пазіцый.

— Як менавіта дзяржава будзе вырашаць задачу па недапушчэнні рэабілітацыі нацызму?
— Першым чынам, гэта задача будзе выконвацца пры дапамозе грамадзянскага і патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, фарміравання ў грамадзян духоўна-­маральных каштоўнасцяў, грамадзянскасці і патрыятызму. Акрамя таго, стаўка зроблена на прафілактычныя меры і, уласна, само папярэджанне, выяўленне і спыненне спроб і фактаў рэабілітацыі нацызму.
Такую работу будуць праводзіць МУС, КДБ, Генпракуратура, Следчы камітэт, Міністэрства інфармацыі — усяго 15 структур. Але гэта не азначае, што іншыя дзяржорганы застануцца незадзейнічанымі. Яны таксама павінны ўдзельнічаць у выяўленні і спыненні спроб гераізацыі гітлераўскіх злачынцаў.

— Якія меры процідзеяння прадугледжаны?
— За парушэнні Закона будзе выносіцца афіцыйнае папярэджанне або прадпісанне. Акрамя таго, могуць прыпыніць работу любой арганізацыі (у тым ліку замежнай і міжнароднай) або прадпрымальніка, прызнаць іх экстрэмісцкімі і забараніць дзейнасць у Беларусі. Таксама ў ліку мер названа процідзеянне фінансаванню спроб рэабілітацыі нацызму і дзейнасці экстрэмістаў, якія ставяць такія мэты.
Грамадзяне будуць несці адказнасць за дзеянні па рэабілітацыі нацызму, прапаганду або публічную дэманстрацыю, выраб, распаўсюджванне фашысцкай сімволікі і атрыбутыкі, а таксама іх захоўванне або набыццё ў мэтах распаўсюджвання.
Заканадаўствам у Крымінальны кодэкс уведзены новы арт.130–1 УК, згодна з якім наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму пагражаюць штрафам, або арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Пакаранне будзе цяжэйшым, калі гэтае парушэнне грамадзянін учыніць у складзе групы. У такім разе яго могуць асудзіць максімум на 12 гадоў пазбаўлення волі.

— Аляксандр Міхайлавіч, а якім чынам будзе цяпер арганізавана работа музеяў, мемарыялаў, тэматычных выстаў пра вайну?
— У Законе ёсць асобны артыкул аб процідзеянні рэабілітацыі нацызму пры ўвекавечанні памяці загінулых. Ён сапраўды тычыцца і выстаў пра Другую сусветную вайну. Закон забараняе арганізатарам фарміраваць у наведвальнікаў пазітыўнае стаўленне да ідэалогіі нацызму, гераізаваць нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік.