Пятница, 17 января 2025

Пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі расказаў пра свой прафесійны шлях і тое, якімі здольнасцямі павінен валодаць работнік пракуратуры

513

Як лічыць пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі, у прафесію можна прыйсці рознымі шляхамі. Галоўнае — як ты ў ёй затрымаўся, чым вызначыўся і ці змог знайсці сэнс у сваім жыццёвым выбары. Менавіта такімі падыходамі ён кіруецца на службе і ў паўсядзённым жыцці.

Нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч ў Камянцы. Як ён сам прызнаецца, сярод яго родных не было службоўцаў, а значыць, на яго юнацкі выбар дынастыя не аказала ніякага ўплыву.

— Спачатку вызначыўся з ВНУ для паступлення, ім стала Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. А потым падчас вучобы там на спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і права» выбраў спецыялізацыю работы ў органах пракуратуры,— успамінае Аляксандр Вярбіцкі.

У 2008 годзе ён атрымаў дыплом аб вышэйшай адукацыі спецыялізацыі «Прававое рэгуляванне сфер і галін дзяржаўнага кіравання» з прысваеннем кваліфікацыі «Юрыст». Працоўную дзейнасць у органах пракуратуры А.М.Вярбіцкі пачаў у ліпені таго ж года стажорам на пасадзе памочніка пракурора Камянецкага раёна. Ці адчуваў хваляванне ў першыя дні службы?

— Напэўна, як і ўсе, бо вучоба — гэта адно, а практыка — другое, — смяецца Аляксандр Міхайлавіч. — І хаця ў акадэміі нямала ўвагі надавалася практычнай падрыхтоўцы, усё роўна многае даводзілася даведвацца падчас рэальнай работы. З набыццём практычных навыкаў і ўменняў становіцца значна лягчэй. Напрыклад, у нашай рабоце ёсць своеасаблівая інструкцыя, як павінен паводзіць сябе дзяржаўны абвінаваўца. Дзякуючы гэтай інструкцыі памылкі выключаны.

У студзені 2009 года ён быў прызначаны на пасаду следчага пракуратуры Камянецкага раёна, і за некалькі гадоў вывучыў усю крымінальную складаемую грамадскага жыцця — ад крадзяжоў да цяжкіх злачынстваў. У 2011 годзе А.М. Вярбіцкі стаў намеснікам пракурора Камянеччыны.

Пружанскую пракуратуру Аляксандр Міхайлавіч узначаліў у жніўні 2018 года. Той практычны багаж, што атрымаў дагэтуль, спатрэбіўся і на новым месцы службы. Як зазначае суразмоўца, ёсць шэраг здольнасцей, валоданне якімі дапаможа ў любой справе. Па-першае, гэта — адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў, дысцыплінаванасць. Хаця ёсць і унікальныя асаблівасці, без якіх у органах пракуратуры не затрымацца, напрыклад, сабранасць, бо на службе нямала часу адводзіцца на афармленне розных дакументаў, для чаго адводзіцца пэўны тэрмін. І тут нельга дапускаць ніякіх «заўтра». Па-другое, работнік пракуратуры павінен надаваць значную ўвагу любым дэталям, не ставіцца да іх, як да дробязяў, улічваць усё, каб устанавіць справядлівасць: запатрабаваць адпаведнае пакаранне або зняць з грамадзяніна ўсе абвінавачванні.

— І, па-трэцяе, вельмі патрэбна камунікабельнасць, без якой вельмі цяжка ў рабоце, — сцвярджае пракурор раёна.— Валоданне чалавечай псіхалогіяй, уменне кантактаваць з рознымі катэгорыямі грамадзян — выдатная падмога ў справах.

У 2019 годзе Аляксандр Вярбіцкі атрымаў дзяржаўную ўзнагароду — медаль «За бездакорную службу ІІІ ступені», якая стала дапаўненнем да раней атрыманага юбілейнага медаля «90 год пракуратуры Рэспублікі Беларусь». У 2021 годзе за адказную службу ў органах пракуратуры быў занесены на Дошку гонару Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.

А на пачатку бягучага года Аляксандр Міхайлавіч стаў шматдзетным бацькам, і цяпер у яго сям’і, акрамя двух сыноў, гадуецца яшчэ і дачка Палінка.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік