Понедельник, 4 ноября 2024

Пракурор Пружанскага раёна Аляксандр Вярбіцкі падвёў вынікі работы пракуратуры ў 2023 годзе

229

Значнай праваахоўнай дзейнасцю займаюцца органы пракуратуры, якія ва ўзаемадзеянні з іншымі адпаведнымі службамі, дзяржаўнымі ўстановамі, рознымі суб’ектамі прафілактыкі працуюць над умацаваннем законнасці і правапарадку, абароне інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы. Аб выніках такой работы ў мінулым годзе расказаў пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі.

— Самую сур’ёзную пагрозу спакою ў грамадстве ўяўляе злачыннасць, з якой змагаюцца міліцыя, следчыя і іншыя праваахоўныя органы. Кантроль за іх дзейнасцю ажыццяўляе пракуратура, і за мінулы год адзначу станоўчую дынаміку крымінагеннай сітуацыі ў раёне, якая характарызуецца зніжэннем агульнай колькасці зарэгістраваных крымінальных учынкаў. У выніку на працягу 2023 года адбылося 69,8 злачынстваў на 10 тысяч насельніцтва пры агульнаабласным паказчыку 78,6.

Але не па ўсіх напрамках такая здавальняючая сітуацыя. Працягваецца рост злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій, было зарэгістравана ўжо 43 выпадкі так званай кіберзлачыннасці. У дадатак патрабуе ўвагі сітуацыя з бытавым п’янствам і прафілактыка злачыннасці на гэтай глебе. У 2023 годзе да 31 асобы вынесена рашэнне раённага суда аб накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый, з якіх 24 грамадзяніна ўжо ізаляваны. Аднак у гэтым плане работа міліцыі вядзецца недастаткова, нярэдка рашэнне суда аб накіраванні ў ЛПП не выконваецца месяцамі. У прыватнасці, на пачатку красавіка да такой меры была прыгаворана жыхарка раёна, якую даставілі ў прафілакторый… напрыканцы чэрвеня. І за гэты перыяд яна паспела некалькі разоў парушыць адміністрацыйнае заканадаўства.

Выяўлены недахопы ў арганізацыі работы папраўчай установы адкрытага тыпу № 7 у в. Куплін і крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі, у сувязі з чым пракуратурай раёна вынесена 4 прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб прафілактыцы рэцыдыўнай злачыннасці, на падставе чаго 6 службовых асоб дэпрэміраваны.

— Аляксандр Міхайлавіч, як выглядае сітуацыя са злачыннасцю непаўналетніх?

— У гэтай сферы таксама назіраецца станоўчая дынаміка са зніжэннем колькасці выпадкаў. Хаця працаваць праваахоўнікам, сацыяльным падраздзяленням школ і іншых службаў ёсць над чым, асабліва ў накірунку прафілактыкі. Значная частка злачынстваў падлеткаў тычыцца хуліганстваў (2), у дадатак па аднаму выпадку зарэгістраваны крадзеж, угон транспартнага сродку і вымагальніцтва. Трывожаць злачынствы супраць палавой свабоды непаўналетніх, якія былі зарэгістраваны летась. У пераважнай большасці фактаў падлеткі бескантрольна бавілі вольны час, не былі заняты карыснай працай як з боку педагогаў, так і бацькоў.

— Вы адзначалі неабходнасць узмацнення прафілактычнай работы. Ці ва ўсіх накірунках яна прысутнічае?

— Так, гэты напрамак работы адказных службаў мы таксама пільна кантралюем. Напрыклад, у сферы бяспекі жыццядзейнасці і папярэджання гібелі людзей ад знешніх прычын летась праведзена 4 праверкі, вынесена 4 прадстаўленні, па выніках разгляду якіх 6 асоб прыцягнута да дысцыплінарнай адказнасці, 2 — адміністрацыйнай адказнасці. Больш станоўчым прыкладам варта адзначыць прафілактыку пажараў, пра што сведчыць і трывожная статыстыка вогненных здарэнняў і колькасць загінулых у агні. Тое ж самае можна сказаць і пра работу падраздзяленняў ДАІ раёна, арганізацый, якія займаюцца прафілактыкай гібелі людзей на вадзе.

Аднак асабліва падкрэслю, што прафілактычная работа ўключае ў сябе не толькі непасрэднае папярэджанне трагічных выпадкаў. Яна ўяўляе сабой комплексны кантроль па ўсіх напрамках, у тым ліку выканання заканадаўства і законнасці прававых актаў.Маю на ўвазе законы аб ахове працы, якія не ў поўнай меры выконваюцца наймальнікамі, што прыводзіць да трагічных выпадкаў на вытворчасці. За 2023 год пракуратурай праведзена 38 праверак, якія паказалі, што па-ранейшаму дапускаюцца парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб працы. Вынесена 41 прадстаўленне, 48 загадаў, 14 пратэстаў, афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці паўторнага здзяйснення правапарушэнняў 64 асобы. Па актах пракурора 53 фізічныя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці, 151 — да дысцыплінарнай, да матэрыяльнай — 56 на суму больш за 42 тысячы рублёў. Да матэрыяльнай адказнасці прыцягнута адна юрыдычная асоба на суму 4000 рублёў.

У рамках праверак выканання працоўнага заканадаўства выяўляліся выпадкі і некарэктнага выканання сваіх абавязкаў адказнымі спецыялістамі. У прыватнасці, па выніках праведзеных кантрольна-наглядных мерапрыемстваў у перыяд уборачнай кампаніі выяўляліся выпадкі допуску да ўдзелу ў дарожным руху транспартнага сродку, якому не выдадзены тэхнічны дазвол. Выпушчаны на лінію былі ТС з няспраўнай тармазной сістэмай, кіраваннем, з-за чаго 5 службовых асоб арганізацый АПК прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.

— Аляксандр Міхайлавіч, вядома, што пракурорскія органы значную ўвагу надаюць і барацьбе з карупцыйнымі праявамі. Наколькі гэта актуальна для Пружанскага раёна?

— На жаль, сцвярджаць, што ў гэтым пытанні ў нас усё ідэальна, нельга, пра што сведчыць адпаведная статыстыка мінулага года. Адзначаецца тэндэнцыя росту колькасці выяўленых карупцыйных злачынстваў (9), не пераводзяцца злачынныя выпадкі эканамічнага характару (4). Сярод апошніх — крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, падман у сферы гандлю. Памер устаноўленага матэрыяльнага ўрону, які прычынены карупцыйнымі (эканамічнымі) злачынствамі, у 2023 годзе склаў больш за 8,5 тысячы рублёў і пакрыты ў поўным аб’ёме.

Да канца не выкаранены прычыны, якія спрыяюць эканамічным злачынствам. Напрыклад, шэраг арганізацый абыякава ставіцца да дэбіторскай запазычанасці, з-за чаго не выконваюць прагнозныя паказчыкі, а іх калектывы не могуць палепшыць матэрыяльнае становішча. Важны элемент зніжэння рызык пры эканамічнай дзейнасці — праверка прававога і эканамічнага статусу патэнцыйнага партнёра, ацэнка яго фінансавай трываласці. Дык вось не ўсюды гэту работу вядуць належным чынам, атрымліваючы ў выніку даўгі замест «жывых» грошай.

— Часта пра хібы і недахопы, якія потым могуць ператварыцца ў злачынствы, паведамляюць грамадзяне. Адной з крыніц устанаўлення справядлівасці, куды звяртаюцца людзі, з’яўляецца пракуратура. Наколькі аператыўна і эфектыўна рэагуеце на такія звароты?

— У 2023 годзе ў пракуратуру раёна паступіла 55 зваротаў грамадзян, частка з якіх была накіравана ў іншыя дзяржаўныя органы і арганізацыі. Гэта сведчыць пра тое, што там адпаведная работа вядзецца не належным чынам, з-за чаго заяўнікі або не давяраюць, або доўгі час вымушаны чакаць адказу. Па такіх выпадках арганізуецца пракурорская праверка, наступствы якой часта службоўцам не падабаюцца. Але ж хуткасць рэагавання мяняецца, і паляпшаецца канчатковы вынік.

У дадатак 24 звароты грамадзян былі задаволены непасрэдна пракурорскімі работнікамі.

Лічу, што паслядоўна прымаемыя пракуратурай раёна прынцыповыя меры рэагавання выдатна адаб’юцца на ўзмацненні стану законнасці ў сферы сацыяльна-эканамічных адносін і прававой абароненасці грамадзян.

Гутарыў Алег Сідарэнка