Четверг, 25 апреля 2024

Пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў пабываў у «Агра-Калядзічах» і азнаёміўся з сітуацыяй па паморку БРЖ у раёне

782

Пракурор Брэсцкай вобласці Віктар Клімаў у рамках рабочага візіту наведаў Пружанскі раён. Асноўная мэта паездкі — кантроль праводзімых мерапрыемстваў згодна з Дырэктывай № 6 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны».

З праверкай Віктар Клімаў пабываў у ААТ «Агра-Калядзічы», дзе разам са старшынёй райвыканкама Міхаілам Грышкевічам і пракурорам раёна Аляксандрам Вярбіцкім азнаёміўся з сітуацыяй адносна паморку жывёлы. На МТК «Калядзічы 1100» камісію сустракаў дырэктар таварыства Сяргей Субота, які азнаёміў гасцей з вытворчай дзейнасцю прадпрыемства ў цэлым і жывёлагадоўчага аб’екта ў прыватнасці.

— На комплексе працуюць 33 работнікі, якія штодня ў сярэднім пастаўляюць на збыт больш за 30 літраў малака ад адной каровы, — расказаў Сяргей Сяргеевіч. — Агульны сутачны аб’ём, які забіраецца адсюль, складае амаль 28 тон малака, пераважная большасць — гатункам «экстра». У выніку аб’ект папаўняе скарбонку гаспадаркі даволі адчувальнымі фінансамі.

Як паведаміў пракурор вобласці, сёння такімі паказчыкамі могуць пахваліцца многія сельгаспрадпрыемствы Брэстчыны. Аднак паралельна з гэтым многія здолелі істотна знізіць паморак жывёлы. Чаму ж на Пружаншчыне сітуацыя ў гэтым плане не радуе?

Асноўныя прычыны негатыўнай статыстыкі былі разгледжаны на выніковым пасяджэнні райвыканкама з удзелам кіраўнікоў сельгаставарыстваў раёна.

Напрыканцы лютага з работнікаў абласной і раённай пракуратуры была створана рабочая група, якая праводзіла маніторынг жывёлагадоўчых аб’ектаў акцыянерных таварыстваў Пружанскага АПК. З мэтай выкаранення выяўленых парушэнняў, а таксама прычын і ўмоў, якія ім садзейнічалі, раённая пракуратура ўнесла ў райвыканкам прадстаўленне. І на пасяджэнні пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі азнаёміў прысутных з адзначанымі ў прадстаўленні недахопамі.

— Калі падагульніць сітуацыю, то відавочна, што ніякіх аб’ектыўных прычын для негатыўных праяў у вытворчасці няма, — лічыць старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. — Недахопы ўзніклі па прычыне невыканання тэхналагічных патрабаванняў і нізкай працоўнай дысцыпліны. А значыць, з боку кіраўніцтва адсутнічае належны кантроль.

Акрамя таго, пракурор вобласці Віктар Клімаў скіраваў увагу ўсіх адказных спецыялістаў на неабходнасць паступовай аналітычнай работы з выяўленнем прычын недахопаў.

— Толькі іх своечасовае і настойлівае выкараненне дапамогуць палепшыць сітуацыю ў цэлым, — падкрэсліў Віктар Дзмітрыевіч і даручыў раённаму пракурорскаму нагляду пракантраляваць прадметнае выкананне запланаваных мерапрыемстваў.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік